— Ты ведаеш, што ў Бібліі напісана на гэты конт?
— Што? — спытала і спынілася Каця.
— Падумай сама, калі мы будзем любіць толькі тых, хто любіць нас, якая ж нам будзе ўзнагарода? Я абавязаны любіць усіх, — з пафасам заявіў Гардзей.
Каця памаўчала, быццам спрабуючы схаваць свой гнеў, але не стрымалася і прамовіла са злосцю:
— Любіць ты можаш увесь свет, а кахаць толькі адну! Гэтаму цябе вучыць бацька-народ, які стварыў два словы ў нашай мове: любоў і каханне. Нават маці-радзіму не кахаюць, ёй дастаткова любові. І Богу патрэбны твая любоў і вера. А цалаваць дзяўчыну ты можаш толькі тады, калі пакахаеш яе.
— Кацечка, як жа я яе пакахаю, калі не пацалую, — жаласліва прастагнаў Гардзей.
— Не блазнуй і не праводзь мяне. Дарогу дамоў і ўпоцемку знайду, не сляпая.
— Не, ужо дазволь, я правяду цябе туды, дзе ўзяў.
— Як хочаш, — абыякава адказала Каця.
«Бач ты, як вылезла Кірылава парода! Якая гарачая, які імпэт, толькі прыхаваныя пад разважлівасцю. Парода ёсць парода, — думаў Гардзей, ідучы побач з маўклівай і пакрыўджанай Кацяй. — Нічога, не апошні дзень жывём на свеце. У нас яшчэ будзе час упэўніцца, хто мацнейшы і разумнейшы».
— Дзякуй, што правёў, — сказала Каця, праходзячы ў свой двор.
— Пачакай, — папрасіў Гардзей.
— Бывай, — адказала яна з цемры, ужо адчыняючы дзверы ў хату.
«Няўжо не ўдасца скарыць гэту цнатліўку? — падумаў з запалам. — Не адкруціцца! Сама прыпаўзе. Будзе маліць. Вазьмі мяне! А я не вазьму! Не, зрэшты, магу і пакарыстацца».
Гардзей засмяяўся і, насвістваючы, падаўся ў бок Крачак па палявой сцежцы, абапал якой цягнулася духмянае жыта. Яно дыхала пахам хлеба, змяшаным з водарам лугавога разнатраўя. З асцярогаю падумаў пра русалак, якія жывуць на полі, але адагнаў прымхлівы страх, пакепліваючы з сябе, маўляў, да якога жыцця дайшоў, што нават дзяўчына толькі што не захацела з ім цалавацца. Ну, няхай сама сябе цалуе...
23
Зося ўважліва назірала за сястрою. Бачыла, як сумуе Каця па вечарах: сядзіць каля хаты, быццам і чытае кніжку, а сама раз-пораз падымае галаву і пазірае ў бок Крачак. Пэўна, выглядае Гардзея. «Чакай, чакай, нічога ты не дачакаешся, — думала Зося. — Гардзея разумнымі размовамі не ўтрымаеш. Яго наогул нічым немагчыма прывязаць да сябе. Нездарма яго прозвішча Рахуба. Ён гэтую самую рахубу скрозь шукае. І мне трэба пра яго забыць назаўсёды. Не кахае ён мяне. Зрэшты, ён нікога не кахае».
Зосі згадалася нядаўняя выпадковая сустрэча з Марфаю. Тая ішла, перавальваючыся з нагі на нагу і несучы перад сабою вялікі жывот. Павіталася, спыніла Зосю, спытала:
— Ці ходзіць да цябе Гардзей?
— А табе якая справа? — злосна адказала Зося.
— Не вер яму.
— Чаго ты пра мяне клапоцішся, пра сябе думай.
— Вось, дурніца, я ж табе дабра жадаю.
— Соль таму ў вочы, хто нам дабра хоча, — прымхліва прамовіла Зося вядомую ў тутэйшых мясцінах прымаўку і пайшла далей, не азіраючыся, з пагардаю і прыкрасцю думаючы пра тое, што вось і Марфа хацела забраць у яе Гардзея, ды во што выйшла.
Зося села побач з Кацяй на прызбе, спытала:
— Цікавая кніжка?
Каця нехаця адвяла вочы ад старонкі, абыякава паглядзела на Зосю, адказала:
— Вельмі...
— А як называецца?
— «Графіня Козель».
— Я таксама пачытала б, каб бачыла. Вельмі ж дробныя тут літаркі.
— Табе трэба акуляры купіць, — параіла Каця.
— Не буду я ў акулярах хадзіць, людзей смяшыць, — заўпарцілася Зося.
— Ты ж не бачыш сапраўдных колераў, чытаць не можаш.
— Тое, што трэба, я і без акуляраў разгледжу. А ты мне раскажы, пра што там напісана?
— Пра каханне. Як дачытаю да канца, тады і раскажу.
— Каця, сёння святая нядзелька. Давай сходзім на вячоркі, — прапанавала Зося.
— Не люблю я гэтых зборышчаў, не пайду.
— А я пайду! Мне ж не сто гадоў, каб на прызбе сядзець!
— Ідзі. Ці цябе хто трымае? — безуважна адказала Каця і зноў схілілася над кніжкаю.
Зося пругка паднялася, пайшла ў хату, а праз колькі хвілін выйшла ў блакітнай паркалёвай сукенцы, якую па-майстэрску пашыла ёй Каця.
— Паглядзі на сваю работу, — папрасіла Зося ўсмешліва.
Каця адарвалася ад чытання, акінула Зосіну постаць позіркам, задаволена сказала:
— Ідзі, пахваліся маёй працай.
— Абавязкова буду ўсім казаць, што гэта ты пашыла, няхай нясуць табе шытво.
— Яны звыклі хадзіць у андараках.
— Не, ужо зрэдку дзяўчаты і ў крамным прыходзяць, — запэўніла сястру Зося.
Зося выйшла за вароты і, здавалася, не пайшла, а паляцела над высокім недаспелым жытам, над сінімі валошкамі, што прывабна сінелі зорачкамі паміж сцяблін. Прыпол лёгкай сукенкі развяваўся, як ветразь, валасы вакол ілба закучаравіліся. Уся яна была лёгкая, нібы аблачынка на ясным летнім небе. Гэтая лёгкасць напаўняла душу, хацелася падскочыць, падбегчы або закружыцца на палявой сцежцы, як кружылася ў вальсе з Гардзеем. І яна пачала вальсіраваць, уяўляючы, што каханы трымае яе за стан і вядзе, вядзе. Галава закружылася, Зося расплюшчыла вочы і ўбачыла перад сабою Гардзея.