Выбрать главу

— Ты ж крычала, што ненавідзіш мяне.

— Мне на вячоркі хацелася, паскакаць, павесяліцца. А тут ты раптам выскачыў, як Піліп з канапель. Ну, думаю, зараз зноў задурыць галаву! Трэба неяк адбіцца. Толькі і ўсяго, — схлусіла Зося.

— Прабач маю дурноту. Давай прысядзем тут, на муражку. Так цябе даганяў, што стаміўся.

Ён разаслаў пінжак на траве, сеў, пацягнуў за руку Зосю, пасадзіў побач. Абняў за плечы.

— Не чапай мяне, — ухілілася ад абдымкаў Зося.

Гардзей прыняў рукі, паглядзеў у пасвятлелае неба, потым перавёў вочы на дзяўчыну, прашаптаў:

— Ты мяне напалохала! Пабачыў цябе з ім — ледзь не звар’яцеў...

— Чаго ж гэта ты так захваляваўся? — насмешліва спытала Зося.

— Чаго, чаго! А таго!

Гардзей нахіліўся, сарваў кветачку рамонка і гарэзліва кінуў Зосі за пазу­ху. І з гэтым белым венчыкам, які акаляў залатую сярэдзінку, быццам упала дзяўчыне за пазуху само сонца, распаліла сэрца, напоўніла душу невыказным пачуццём любасці, жадання, прагі, якую можна было наталіць толькі ягонымі пацалункамі і абдымкамі. І забылася Зося пра свае нядаўнія беды і мітрэнгі, аддалася на волю лёсу і Гардзеевых жаданняў. І зноў не было на свеце жанчыны шчаслівейшай за яе.

24

Жніво вывела ўсіх сялян на поле. На досвітку людзі на вазах ехалі да сваіх палеткаў, прыглядаліся да каліў, ці няма заломаў, ці хто не наслаў на хлеб псоты. Шапталі малітвы і замовы, па старадаўняй звычцы просячы Бога, каб даў добрага ўраджаю і здароўя шчасліва завяршыць жніво без вераду ў спіне ці якой іншай немачы.

Сям’я Барэйшаў — Кірыла, Каця, Зося і Серафім — таксама выйшла на свой палетак. Маладыя жалі сярпамі. Кірыла круціў перавяслы, звязваў снапы, ставіў іх у бабкі. Зося адразу пачала паказваць свой спрыт, пайшла так хутка ўперад, што Серафім і Каця, як ні стараліся, не здолелі яе дагнаць. Дзве русыя касы матляліся за спінаю, часам падаючы ўперад на грудзі.

— Няхай ляціць! — насмешліва сказала Каця Серафіму. — Пабачым, наколькі яе хопіць.

— У Зосі рукі доўгія. Як захопіць, дык адразу цэлы сноп зразае.

— Вы б замест балбатні жалі хутчэй. Як сонца высока падымецца, тады ўжо напоўніцу не напрацуеш — спякота адолее, — агрызнулася Зося.

— Хоць бы хустку завязала, сонца галаву напячэ, — папярэдзіла Каця.

— Горача мне.

— Годзе вам! Знайшлі дзе сварыцца! — прыкрыкнуў на дачок Кірыла. — Грэх на хлебным полі спрэчкі заводзіць — праца не зладзіцца.

Дзяўчаты аціхлі, чутно было толькі, як добра назубленыя сярпы ўразаюцца ў даспелыя сцябліны жыта, сцінаюць іх, пакідаючы пасля сябе калючую пожню, там-сям перавітую зялёнаю коскаю мышынага гарошку. Жніво — гэта не проста праца, гэта вянец цыкла сялянскага года. З восені гаспадар рыхтаваў глебу, сеяў азіміну, дасяваў ці перасяваў, калі нешта вымярзала зімой, назіраў за сваім палеткам, прасіў у Бога дажджу, сонца і ветрыку на час апылення, а зараз збіраў плён сваёй працы. Але і пасля жніва збажыну яшчэ трэба было змалаціць, правеяць, высушыць, змалоць і толькі пасля гэтага рашчыніць і замясіць цеста ды спячы хлеб са свежага ўмалоту. У нядбайнага чалавека зерне магло загінуць на ўсялякім з гэтых этапаў, таму да хлеба ў сялян было асабліва пачцівае стаўленне. Крый божа, зняважыць або пакрыўдзіць хлеб, тады будзеш галадаць рэшту жыцця.

Зося з асалодаю жала. Яе цела, налітае здароўем і сілай, любіла аддавацца працы да цяжкай стомы, ад гэтага яна атрымлівала задавальненне і ўпэўненасць у тым, што патрэбная сям’і, гэтаму палетку і наогул свету. Праца натхняла, прыносіла радасць, праз яе дзяўчына сцвярджалася, пачуваючы сябе годным чалавекам і забываючы ўсе свае дзявочыя турботы і мітрэнгі.

Каця разагнулася, расціраючы паясніцу, пастаяла хвіліну і пачала зноў жаць. Следам за ёю і Серафім разагнуўся, дастаў капшук, скруціў цыгарку, прапанаваў Кірылу:

— Давай перакурым, дзядзька.

Кірыла няспешна падышоў да пляменніка. Закурылі, са смакам зацягваючыся.

— Жыта не спаліце, — засмяялася Зося. — Шукаеце прычыны, каб адпачыць.

Кірыла не стаў увязвацца ў гаворку з дачкою, а падхапіў сноп і панёс да капы. Размовы ў час працы не патрэбны, не доўга і руку парэзаць, асабліва цяпер, калі сонца прыпякае, а пот залівае вочы. Рэдка якой жнейцы ўдаецца перажыць жніво і хоць трохі не параніцца.

Зося жала і ўвесь час думала пра Гардзея. Згадвала іхнія сустрэчы, напоўненыя мілаваннем і пяшчотаю. Сэрца замірала, і гарачая хваля залівала цела, калі яна згадвала ночы, праведзеныя разам з каханым. Але ўжо два тыдні ён быццам забыўся пра яе, таму Зося нудзілася і пакутавала ў здагадках, якая кошка прабегла паміж імі. Раптам адчула, што ёй робіцца млосна. Галава закружылася, усё паплыло перад вачамі. Зося яшчэ паспела адвесці руку ўбок, каб не напароцца на серп, і ўпала ў жыта.