Выбрать главу

— Што з табою? — першаю кінулася да сястры Каця. — Памажыце, дайце вады.

Над Зосяю схіліліся ўсе сямейнікі. Каця паднесла ёй да вуснаў вады, лёгенька паляпала па шчацэ — і да Зосі вярнулася прытомнасць. Яна расплюшчыла вочы, са здзіўленнем паглядзела на родных, спытала:

— Што здарылася?

— Нічога, — адказаў Кірыла. — Перапрацавалася ты, адпачні трохі пад капою, у цяньку.

Зося паднялася, каб ісці, і адчула, што яе водзіць у бакі. Так-сяк даплялася да капы, схавалася ў цянёк.

— Казала ж я, што сонца галаву напячэ, — упікнула сястру Каця.

— Ідзі, дачка, дамоў, адпачні. Заўтра мо палепшае, дык дажнеш сваё, — сказаў Кірыла. — Ніхто не ведае, дзе каго хвароба напаткае.

Зося папіла вады са збанка, зрабілася трохі лягчэй, дастала з торбы хустку, завязала, паглядзела на сямейнікаў, якія зноў узяліся за працу. Бацька падняў Зосін серп, пачаў таксама жаць, цяжка нагінаючыся. Яму, немаладому ўжо чалавеку, гэтая справа давалася нялёгка.

«Што ж гэта са мною? — занепакоілася Зося. — Няўжо зноў цяжарнасць? Божа мой, што ж мне рабіць? Гэта ж будзе дзіця ад Гардзея, адзінага, майго каханага...»

Але тут жа здрадліва варухнуўся на дне душы страх, нагадваючы пра ганьбу, якая чакае дзяўчыну, што прыгуляла дзіця: «Застаецца адно: ісці на балота шукаць зязюліна мыла? Дык вось чаму Гардзей не трапляе на вочы, адчувае, што нарабіў ліха. А калі сказаць яму? Што будзе? Нічога. Не прызнае, як не прызнаў Марфіна дзіця, ды яшчэ плёткі распусціць па сяле. Божа літасцівы, паратуй... Чаго гэта я тут разлеглася, трэба ісці бацьку памагчы. Цяжарнасць не хвароба. Наадварот, трэба працаваць як мага больш, каб пазбавіцца ад яе.»

— Мне палепшала ўжо, тата, — сказала Зося, забрала ў Кірылы серп, пачала жаць.

— Не спяшайся, — папярэдзіў бацька. — Дзень доўгі, беражы сілы.

Зосіна весялосць зляцела з твару, рукі захадзілі павольна, так што Каця з Серафімам хутка абышлі яе. Яна працавала механічна, занятая думкамі пра тое, як пагаварыць з Гардзеем і што рабіць з новаю і такою нежаданаю цяжарнасцю.

Па абедзе Зосі зноў зрабілася блага, яе пачало ванітаваць. Сямейнікі вырашылі, што дзяўчына атруцілася. Бацька настояў, каб дачка пайшла дамоў. Зося не працівілася.

Па дарозе яе дагнаў Мікола Іванюк. Ён ішоў побач з возам, на якім узвышалася гара снапоў, павітаўся з дзяўчынаю і хацеў тупаць далей, але Зося спытала:

— Ты злуеш на мяне?

— А чаго мне злаваць? — паціснуў ён плячыма. — Ты ж Гардзеева. Ён казаў, што ў цябе з ім ужо даўно ўсё было.

Чырванню заліло Зосін твар, яна абурана сказала:

— Пляткар ён. Не вер яму!

— Ды мне што? Дзяўчат хапае, — абыякава адказаў Мікола.

Зося ўжо не пачула яго, яна рашуча павярнула ў бок балота. Востры прыліў нянавісці і абурэння выціскаў з душы закаханасць. Гардзей не толькі пакарыстаўся ёю, але яшчэ і хваліцца сваімі перамогамі! Цяпер яна бачыла сваё выратаванне толькі ва ўзвары з зязюлінага мыла.

25

Лета і восень для Гардзея падаліся тлумнымі і турботнымі. Давялося шмат часу патраціць на сустрэчы з сялянамі ў бліжэйшых вёсках у якасці кандыдата ў радныя гміны. Сустракаўся з моладдзю на вячорках, да старых падыходзіў, падсаджваўся да гурту на лаўках, часам з ім хадзіў Захар Маркевіч. Тады было значна лягчэй весці гутарку, бо цяжкая гэта справа нахвальваць сябе самога і прасіць, каб на выбарах прагаласавалі за цябе. Іншы раз ён браў з сабою хлопцаў з ячэйкі — Яўсея Пуха і Івана Валошчыка, але толку з іх было мала, не ўмелі яны ці не хацелі сказаць людзям добрае слова пра свайго сябра, а больш псавалі справу. Іншы раз Гардзею здавалася, што хлопцы з ячэйкі зайздросцяць яму. Вядома, няма прарока ў сваёй Айчыне.

На вяселлі сястры Дашы і Нічыпара Гардзей наогул пасварыўся з Яўсеем з-за пасагу. У сенях схапіліся загрудкі, пачалі біцца, ды людзі разнялі. Гардзей з упартасці не павялічыў надзел зямлі, які аддаваў Дашы, ні на адну дзесяціну, так што з першага дня стаў ворагам новым сваякам. Баяўся, што Яўсей пачне распускаць пра яго розныя плёткі, і людзі не падтрымаюць Гардзея на выбарах, аднак усё абышлося. Абранне ў раду гміны, бадай, было найвялікшаю радасцю за апошні час для Гардзея. Вестка сама сабою разнеслася па сяле, а ён пазбягаў лішні раз паказвацца на людзі, каб даўжэй нарадавацца. Ён хацеў стаць войтам, каб самому кіраваць гмінаю. І гэтая Гардзеева мара пачынала збывацца.

Першы сход, дзе сабраліся новыя радныя, прайшоў урачыста. Спачатку выступіў былы войт, асаднік Бяляцкі, невысокі, тоўсты і круглы, як жорны. Ён доўга апавядаў пра задачы і праблемы, якія належыць вырашыць новаму складу гміны. Школы, дарогі, масты, паселішчы, могілкі — усё гэта патрабавала пільнай увагі і фінансаў, якія трэба было сабраць з грамадзян. Але што можна сабраць з беднякоў? Таму радным трэба падтрымліваць сяброўскія кантакты з панамі, каб з іх ласкі папаўняць казну на патрэбы гміны і ўсяго грамадства.