Выбрать главу

Уважліва слухаючы Бяляцкага, Гардзей па-свойму разумеў і ацэньваў кожную фразу і прыйшоў да высновы, што менавіта асаднік, які добра прыгрэўся на пасадзе войта, і будзе галоўным ягоным ворагам у гміне. Але, паколькі сярод радных колькасць сялян пераважала, была надзея, што яны падтрымаюць яго пры абранні на пасаду войта.

Пачалі выбіраць праўленне гміны тайным галасаваннем. І зноў Гардзею давялося пахвалявацца. Аднак у ліку пяці чалавек праўлення аказалася і прозвішча Гардзея. Гэта была перамога! Заставалася дамагчыся войтаўства. А як гэта зрабіць? Тым часам сход ішоў сваім парадкам. Цяпер слова ўзяў пан Райскі, ён сказаў, што радныя абавязаны паклясціся ў вернасці дзяржаве і народу. Раздаў усім тэкст клятвы, узмахнуў рукою, і ўсе пачалі чытаць: «Як член рады абяцаю, што буду працаваць у імя дабрабыту і росквіту гміны, заўсёды дзейнічаць згодна з законамі і на карысць гміны і яе жыхароў, сумленна служыць інтарэсам сваіх выбаршчыкаў і не шкадаваць сілы дзеля працы на гміну. Клянуся!»

Апошняе слова ўсе прамовілі прачула і даволі голасна, так што прагучала яно зладжана і ўрачыста. Пана Райскага гэта вельмі задаволіла. Ён належным чынам выканаў пэўную частку праграмы, але наперадзе было самае галоўнае: абранне войта. Райскі звярнуўся да грамады:

— Панове, я віншую вас. З сённяшняга дня гміна пачынае працаваць, дзейнічаць на карысць грамадзян. Але для таго, каб яе дзейнасць была выніковай і разумнай, нам трэба абраць войта, мудрага і адказнага чалавека. У гэтай працэдуры бяруць удзел толькі члены праўлення. Прашу падаваць кандыдатуры. Але паколькі я стаю перад вамі, дык я прапаноўваю кандыдатуру пана Бяляцкага, які ўжо добра выявіў сябе на гэтай пасадзе, мае пэўны вопыт працы і кіравання гмінаю.

Гардзей агледзеў сялян, якія панура маўчалі, але не адважваліся пярэчыць пану, падняўся са свайго месца, хоць унутры ўсё кіпела, спакойна сказаў:

— Я прапаноўваю сваю кандыдатуру. Думаю, што і ў мяне няблага атрымаецца кіраваць гмінаю, бо я з сялян і добра ведаю ўсе патрэбы працоўнага чалавека.

— Добра, запішам яшчэ адну кандыдатуру, як прозвішча пана? — спытаў Райскі.

— Рахуба, Гардзей Рахуба, мы яго падтрымаем, — адказаў адзін з сялян.

Ад гэтых слоў Гардзею зрабілася добра на душы. Упэўненасць запаланіла яго. Ён нават усміхнуўся таму селяніну, імя якога не ведаў.

— Якія кандыдатуры будуць яшчэ? — спытаў пан Райскі.

Людзі маўчалі. І зноў для Гардзея пачаўся час сумнення і няўпэўненасці. А тым часам пісар напісаў на палосках паперы прозвішчы кандыдатаў, раздаў членам праўлення. Тыя выкраслілі непатрэбную кандыдатуру і ўкінулі паперкі ў скрынку. Спатрэбілася некалькі хвілін, каб падлічыць галасы. Пан Райскі, не хаваючы расчаравання на паружавелым твары, абвясціў, што па выніках галасавання праўлення гміны войтам абраны пан Рахуба. Сяляне весела загаманілі, пачалі віншаваць Гардзея, паціскаць руку.

— Во, цяпер і мы ў панах паходзім, — сказаў той селянін, прозвішча якога Гардзей не ведаў, і па-сяброўску ляпнуў будучага войта па плячы.

— Як цябе завуць? — спытаў Гардзей.

— Адам Ступа.

— Дзякую, брат.

— Панове, цішэй, — зазваніў у званочак пан Райскі. — Абранне пана Рахубы войтам трэба яшчэ пацвердзіць у пана ваяводы, а пасля радавацца.

Гэтая заўвага астудзіла Гардзееву радасць, аднак усё ў руках Бога. Толькі на яго трэба цяпер спадзявацца. Што ж, калі ваявода не зацвердзіць селяніна на пасаду войта, дык гэта толькі пакажа марнасць ідэалізму, а заадно і тое, што з акупантамі трэба змагацца іншым спосабам. Не хацелася думаць пра благое. Трэба было прыняць той дарунак, які паслаў лёс. І Гардзей ціха радаваўся, што дасягнуў таго магчымага, чаго прагнуў. Але больш трымаць у сабе гэтую радасць ён не мог, хацелася падзяліцца ёю хоць з некім, і ногі самі сабою панеслі яго на Кірылаў хутар. Дзень надарыўся дажджлівы, ветраны, але Гардзей быццам не заўважаў слоты, наадварот, яму было прыемна падстаўляць твар кроплям дажджу.

Абедзве Кірылавы дочкі былі дома. Каця, якая нешта шыла, седзячы за ручною машынкаю, узрадавана ўскінула на госця вочы і сказала:

— Зусім ты забыў да нас дарогу, Гардзей.