Нейкі час яны працавалі моўчкі, як бы цалкам занятыя справаю. Але калі абедзве рукі пацягнуліся да апошняга паленца, а хлопец і дзяўчына сутыкнуліся лбамі і ледзь не зваліліся, Гардзей засмяяўся, падтрымліваючы Зосю пад локаць. І яна таксама не здолела стрымацца, залілася звонкім смехам. Тады Гардзей абняў яе і пачаў цалаваць. Так, цалуючы, і завёў у клуню, далей ад чужых вачэй. Зося раптам схамянулася, адштурхнула Гардзея і сказала з дакорам:
— Зноў за сваё?
— Пра што ты, Зоська? Няўжо я калі цябе пакрыўдзіў? Давай пасядзім, пагамонім. Я так даўно твайго голасу не чуў. Толькі ў хату зайшоў, дык ты адразу збегла.
Гардзей узяў Зосю за руку, павёў у глыбіню клуні, сеў на сена, пасадзіў дзяўчыну побач, палез у кішэню, дастаў загорнутага ў бліскучую паперку цукровага «пеўніка», даў Зосі са словамі:
— Частуйся.
— Вой, «пеўнік»! Такія на рынку ў Самары прадаваліся! — здзівілася дзяўчына і міжвольна пацягнулася рукою да ласунка, якога не каштавала ўжо шмат гадоў.
Яна разгарнула паперку, лізнула цукерку і з асалодаю прашаптала:
— Смаката! Здаецца, што смачней, чым было ў маленстве. Пакаштуй, — Зося працягнула «пеўніка» Гардзею.
Хлопец лізнуў і задаволена сказаў:
— Давай па чарзе.
Зося павярнулася да Гардзея тварам, з усмешкаю падносіла «пеўніка» да сваіх вуснаў, а потым падавала хлопцу. Так аддаюць пяшчоту і каханне, захапленне і таемныя пацалункі. Яны лізалі цукерку, пакуль тая не стала зусім празрыстаю, як пачуцці, што свяціліся ў маладых вачах. Тады Гардзей узяў гэтую смактульку і кінуў у дальні кут:
— Няхай мышкі пачастуюцца за наша здароўе. А я зліжу слодыч з тваіх вуснаў.
Гардзей пачаў цалаваць Зосю, навальваючыся на яе ўсім целам. Яна знясілена папрасіла:
— Не чапай мяне. Ты і ўявіць сабе не можаш, колькі ўжо гора мне прынёс!
— Якое гора? Я ж нічога не ведаю. Чаму ты са мною ніколі не дзелішся сваімі нягодамі?
— Як дзяліцца з хлопцам дзявочымі бедамі? Ты ж мне чужы чалавек!
— Не ведаю, мо я табе і чужы, але ты мая! Мая! — горача прашаптаў Гардзей ёй на вуха.
Ягонае дыханне раптам адгукнулася ў яе целе гарачым прылівам пяшчоты і жарсці. Прыйшло адчуванне, што ён кахае яе, але яна ўсё яшчэ не верыла свайму шчасцю і спытала:
— Чаму ты забываеш пра мяне, месяцамі не заходзіш, а потым раптам з’яўляешся, як снег на галаву? Я не разумею цябе і сябе! Зусім заблыталася. Не ведаю, як і чым жыць.
Ён усміхнуўся. Прыгладзіў яе валасы, што выбіліся з-пад хусткі. Яна скінула хустку і ўздыхнула вальней, як быццам толькі гэта і замінала ёй.
— Прасцей трэба жыць. Ты ж разумееш, быў я вельмі заняты: вяселле сястры, выбары ў гміну, гаспадарка і яшчэ шмат што. Прабач, калі цябе гэта крыўдзіць, але ж ад мяне таксама не ўсё залежыць...
— А што ад мяне залежыць? Задавальняць твае патрэбы?
— Зоська, Зоська, якая ж ты сур’ёзная! Мне ж нічога не трэба. Толькі слухаць твой голас, адчуваць тваё дыханне побач...
Гардзей заплюшчыў вочы, быццам задрамаў. Зося схілілася над ім, з любасцю ўзіралася ў прыгожы твар і міжвольна пацягнулася вуснамі да яго вуснаў. Ён быццам чакаў гэтага моманту, абняў яе, пачаў горача цалаваць, шаптаць нешта няўцямнае. Зосіна душа вырвалася з цела і безразважна паляцела насустрач каханню, якое лілося з ягоных вачэй, рук, наталялася, як жывою вадою, і не магла наталіцца. Бо каханне — гэта толькі фантом, што нечакана з’яўляецца і гэтак жа нечакана знікае, пакідаючы гарачы след. Гэтак маланка разразае напалам неба, здаецца, зараз дзве ягоныя палавіны са страшэнным грукатам зваляцца на зямлю. Але маланка знікае, а чорнае неба па-ранейшаму нерухома грувасціцца над зямлёю. Зноў і зноў маланка апярэзвае неба ў марным намаганні раскалоць яго, пакуль не аціхне навальніца і не прыйдзе час спакою. Тады толькі выяўляюцца расколатыя дрэвы, абабітая лістота, зламаныя галіны. Такое ж і чалавечае жыццё — з хваляваннямі, нягодамі, наваламі і часовым спакоем. Напэўна, трэба прымаць усё, што яно прыносіць, не палохацца, не хавацца, не адгароджвацца ад яго, каб пасля не шкадаваць пра няспраўджаныя спадзяванні, недасягнутыя мары, непадзеленае каханне. Зося была, як тая знічка, што губляе жыццё за адзін момант палёту. І, напэўна, гэта была не легкадумнасць, а падсвядомая мудрасць яе чалавечай сутнасці, бо аддавала сябе таму, каго кахала. Дзеля яго была гатовая ахвяраваць жыццём, калі толькі гэта яму спатрэбіцца. Здаецца, вечна ляжала б побач, паклаўшы галаву на яго плячо, і больш нічога ў жыцці не трэба.