Выбрать главу
«Чуў я, міла, такую навіну, Што ты маеш малую дзяціну». «Гэта, мілы, навіна пустая, Што ў мяне ёсць дзяціна малая. Стаялі цыганы на мураўцы, Пакінулі дзіцятка на лаўцы».

Ніколі ў жыцці яшчэ гэтак не весялілася Зося, ніколі ў жыцці не была такой шчаслівай. Што і казаць, мала ёй ласкі выпала на яе долю. Мама рана памерла. Давялося Зосі гадавацца ў прытулку. Калі вярнулася зноў у сям’ю, адчувала сябе адчужана, жыла пад колкім і прыдзірлівым наглядам старэйшай сястры ды безуважнага бацькі, маўклівага, унуранага ў клопаты. Зараз яна не здатная была нешта думаць. Пад цяплом Гардзеевага позірку душа яе нібы разгарнулася, расцвіла, быццам кветка пад сонцам, і дзяўчына цешылася святам еднасці і разумення.

Хутка даляцеў вазок да жаніховай хаты. Толькі тут Зося заўважыла, што ні бацька, ні Каця ў Сцяблова не прыехалі, але гэта зусім не засмуціла яе, наадварот, яна падумала: «Вось і добра! Ніхто не будзе мяне тузаць і вучыць, як трэба сябе паводзіць».

Госці дзялілі каравай, частаваліся, спявалі і скакалі пад нястомны гармонік і бубен, а Зося нікога не бачыла, акрамя Гардзея. Разам яны нешта пілі, нечым закусвалі, смяяліся, пускаліся ў скокі, схамянуліся толькі тады, калі заўважылі, што хата апусцела, заціх гармонік. Свята скончылася.

— Напэўна, позна ўжо? Трэба дахаты вяртацца, — сказала Зося.

— Ага, пойдзем, — кіўнуў галавою Гардзей, і, ні з кім не развітаўшыся, накіраваўся да дзвярэй.

Зося рушыла за ім. На парозе азірнулася, убачыла незнаёмага п’янага чалавека, не старога, але са змораным тварам, чорнымі ўскудлачанымі валасамі, які ціхамірна спаў, паклаўшы галаву ў пустую талерку. Дзве маладзіцы прыбіралі са сталоў посуд і абгаворвалі нейкую Галену, якая ў сенцах сама сябе шчыпала за шчокі, каб быць ружоваю. Дзяўчына ступіла ў цёмныя сенцы, дзе сутыкнулася з некім у цемры і ледзь не ўпала, але Гардзей падтрымаў яе і вывеў на вольнае паветра.

3

Хмарнае начное неба навісала над маўкліваю вёскаю, толькі там-сям праглядвалі праз кудзелю аблачын гарэзлівыя зорачкі. У цемры ледзьве віднеліся чорныя абрысы хат і дрэў. Ад блізарукасці ў мораку Зося амаль нічога не бачыла, таму моцна трымалася за Гардзееву руку.

— Божа, я нават не ведаю, у які бок ісці! Вось дык нагасцявалася! — бесклапотна сказала Зося.

— Затое я тут усё ведаю, не адны лапці стаптаў, — адказаў Гардзей, тулячы да сябе дзяўчыну. — Табе не холадна?

— Мне горача, горача...

— Тады і мяне пагрэй.

Гардзей абняў Зосю, паспрабаваў пацалаваць. Яна спачатку спалохана тузанулася, але хлопец утрымаў яе. І дзяўчына наўздзіў аддалася прыемнаму, яшчэ невядомаму ёй да гэтага пачуццю мілавання і пяшчоты. Калі Гардзей, нарэшце, аслабіў абдымкі, прыціхлая на імгненне Зося, як бы жадаючы прыглушыць сваю сарамлівасць, сказала насмешліва:

— Ажно вусны здранцвелі. Ледзь не загрыз.

— Ці тое яшчэ будзе! У нас усё жыццё наперадзе, — іранічна адказаў Гардзей.

— Ты мяне ўсё жыццё збіраешся грызці? — з напускным абурэннем спытала Зося.

— А чым жа з табою можна яшчэ займацца? Не ў «дурня» ж гуляць! — засмяяўся Гардзей, зноў абхапіў дзяўчыну і доўга цалаваў, пакуль яна не стала вырывацца.

— Мы так нікуды не дойдзем, — сказала Зося.

— А куды нам спяшацца? Ноч доўгая...

Гардзей падхапіў Зосю пад руку, і яны пайшлі ўдоўж ціхай вясковай вуліцы. Вокны скрозь былі цёмныя, і неба ўсё гусцей зацягвалася хмарамі.

— Ужо, напэўна, пераваліла за поўнач? — спытала Зося.

— Можа, і пераваліла, а нам што з таго? — адказаў Гардзей і раптам, спатыкнуўшыся, прываліўся плячом да дзяўчыны. — У такой цямрэчы і ногі не доўга пераламаць.

— Ты, напэўна, напіўся, хлопец, вось і валішся?

— А нягож... Чаго б я дарма час марнаваў. Вяселле для таго і даецца, каб гарэлку піць ды дзяўчат любіць, — засмяяўся Гардзей.

На яго голас азваўся з двара нечы сабака, суседскі забрахаў у адказ.

— Пойдзем хутчэй адсюль, абрыдла слухаць сабачы галас, — сказаў Гардзей, узяў Зосю за руку, і яны паспешліва рушылі ў канец вёскі.

Якая гэта была прыемная хада. Зося адчувала пяшчотнае цяпло ягонай далоні, чула ягонае дыханне побач, старалася ісці з ім крок у крок. Паступова сабачы брэх аціх, вёска скончылася, яны трохі запаволілі рух. Гардзей спытаў:

— Дзе ты жыла ў бежанцах?

— У Самары. А ты чаму не выязджаў?

— Бацька захварэў, а тады памёр. Маці наша яшчэ раней памерла. Мне было трынаццаць, як застаўся за гаспадара. Тры сястры — і ўсе малыя.