Выбрать главу

— Чаму? Ёсць. Але ж я выбіраю. Хочацца ўзяць дзяўчыну з добрым пасагам.

— Ведаеш, Марк, хлопец ты добры, але занадта скупы. Не аддам я за цябе Паўліну!

— Яна ж у цябе ўжо старая дзеўка! Хутка ніхто на яе не гляне!

— Яна мне самому трэба. Гаспадыня добрая. Дзе вазьму такую, як яна пойдзе замуж?

— Табе прымака ў хату трэба, тады Паўліна будзе дома.

— Ідзі ты. Знайшоўся мне дабрадзей! Сам разбяруся! — злосна адказаў Гардзей.

Аднак Марк не адступаўся. Пацягнуў лейцы, падагнаў каня і зноў запытаў:

— А малодшанькую таксама не аддасі?

— Прыйдзе пара — аддам добраму чалавеку.

— А мне аддасі? Я сватоў прышлю.

— Слухай, чаго ты да мяне прычапіўся? Калі хочаш ажаніцца, сам спачатку ў дзеўкі згоды папытай.

— Хто гэта і калі ў дзеўкі пытаўся? Як бацькі вырашаць, так і будзе. Ты старэйшы ў сям’і, таму ў цябе і пытаюся. А дзеўка што? У яе сем пятніц на тыдні. Сёння з адным польку паскача, заўтра — з другім. Сама не ведае, каго выбраць. Мне ўсё роўна з кім пабрацца, абы зямлі далі ў пасаг паболей!

— У мяне зямлі не шмат, Марк. Не аддам я за цябе сваіх сясцёр.

— А я падумаў: ты хутка з радных у пана перакінешся. Разумны, адукаваны, знойдзеш нейкую службу сабе ў горадзе. А нашы хаты побач, агароды можна з’яднаць.

— Як я пагляджу, дык ты, Марк, за мяне разумнейшы. Гэта табе трэба радным быць, — усміхнуўся Гардзей. — Не падмазвайся да мяне. Паўліна мне расказвала, як ты сваю сястру Антолю ледзь пад цягнік не кінуў. Ты ж за дзесяціну задушыць можаш. Навошта мне такі сваяк?

Марк з абурэннем паглядзеў на Гардзея, і крыкнуў:

— Ану, злазь! Прыгрэў гада, а ён яшчэ на мяне вярзе абы-што!

Гардзей саскочыў з воза, паглядзеў услед фурманцы, якая хутка патарахцела ўперад, і сказаў сам сабе: «І з гэтым пасварыўся. А навошта? На халеру ён мне трэба?»

Хлопец зірнуў у змрочнае неба, навіслае над зямлёю, на нізенькую хатку, урослую ў зямлю ледзь не па вокны, уздыхнуў і пайшоў шырокім размашыстым крокам па цвёрдай замерзлай дарозе. У Сцяблове Гардзей зайшоў да Маркевіча, застаў яго дома. Гаспадар не надта ўзрадаваўся, але не падаў выгляду, толькі сказаў з дакорам:

— Ты не павінен да мяне так часта наведвацца.

— Прабач, у мяне ёсць навіна. Мяне не зацвердзілі войтам.

— Чаму?

— Для гэтай улады я чалавек ненадзейны, зацвердзілі Бяляцкага.

— Ненадзейны? Значыць, ты ўжо пад каўпаком? Тым больш нам не трэба сустракацца на людзях.

— Цяпер я пераканаўся, што з гэтай уладай трэба змагацца сілай, а сілы ў нас малыя, — падвёў рысу Гардзей.

— У народа сіла невычэрпная, трэба толькі яго падняць. У хуткім часе адбудзецца чарговая канферэнцыя, чакай ад мяне сувязнога. Сам мяне не шукай. Гэта загад.

— Я зразумеў, — адказаў Гардзей, развітаўся і выйшаў у вечаровыя прыцемкі.

Змрок, які ахутаў зямлю, запаўзаў у душу, сеяў смутную трывогу, апаноўваў стомай і безнадзейнасцю. Гардзей шукаў адказ на пытанні, чаму нікому не патрэбны ні ягоны розум, ні здольнасці, ні імкненне зрабіць людзей шчаслівейшымі, і не знаходзіў ніякага тлумачэння. Міжвольна падумалася, што, мабыць, гэтак жа адчуваюць сябе тысячы іншых людзей, а нехта нават і не задумваецца, жыве, як набяжыць. Для нечага ж дае нам Бог жыццё. Трэба толькі разгадаць, зразумець, знайсці той адзіны свой шлях.

28

Апошнім часам Зося жыла ў трывозе і марных спадзяваннях. Штодня чакала Гардзея, думала, можа, сёння заявіцца пад вечар. Чым заняты? Няўжо так цяжка знайсці вольную гадзінку? Ён не прыходзіў. Не было ў яго патрэбы сустракацца з дзяўчынаю, якая яго кахала. Яна зноў адчула, што зацяжарыла, зноў у яе душы закаханасць пачала паступова выцясняцца нянавісцю. Праклінала сябе за даверлівасць і няўменне сказаць «не» гэтаму баламуту, які карыстаўся яе наіўнасцю і каханнем, праклінала яго і тое дзіця, якое ўжо завязалася і жыло ў яе целе. Колькі было ў яе душы цяпла і любові! Як бы адорвала шчасцем гэтае дзіця і ягонага бацьку! Але, калі няма бацькі, не павінна быць і дзіцяці! Гэта адвечны патрыярхальны закон вёскі, пераступаць які дзяўчына не мае права! Пераступіш — і ганьба абрынецца на цябе і тваю сям’ю! З адчуваннем віны і сораму не кожны здатны выжыць. Некаторыя вясковыя дзяўчаты накладвалі на сябе рукі ці гінулі, спрабуючы забіць сваё дзіця. Зосі таксама іншы раз здавалася, што яна не хоча жыць. Лепш памерці, чым нарадзіць дзіця і зганьбіць сваю сям’ю. Але яна не магла памерці, не адпомсціўшы Гардзею. Таму доўга думала, як жа забраць яго з сабою на той свет, калі ім не пашчасціла быць разам на гэтым. Вырашыла схадзіць да цёткі Каваліхі, знахаркі, якая раней ратавала яе, можа, і цяпер што-небудзь параіць.