Выбрать главу

З гэтаю думкаю Гардзей задрамаў. Прачнуўся ад моцнага стуку ў шыбу, сеў на лаве, зірнуў у акно, убачыў цёмную постаць. Мільганула думка: «Напэўна, Маркевіч прыслаў сувязнога». Аднак на ўсялякі выпадак спытаў:

— Хто там?

— Паліцыя!

Прачнулася Паўліна, перапалохана пачала бажыцца, шукаючы ў цемры вялізную канапляную хустку, каб захінуцца ёю ад чужых вачэй. Гардзей запаліў газніцу, ускінуў кажух, якім накрываўся, на плечы, пайшоў у халодныя сенцы, каб адамкнуць дзверы. У хату ўвайшлі тры паліцыянты і адзін чалавек у цывільным. Адзін з іх сказаў:

— Ну, што, Рахуба, даскакаўся?

— Да чаго? — спакойна спытаў Гардзей.

— Сам ведаеш. Зараз зробім вобыск, — папярэдзіў паліцыянт, позірк якога ўпаў на кніжку, што ляжала на стале.

Паліцыянт пагартаў яе і здзіўлена спытаў:

— Ты і Біблію чытаеш?

— Чытаю, гэта ўсім кнігам кніга.

— А што яшчэ чытаеш?

— Што трапіцца. На жаль, газеты дарагія.

Прыхадні пачалі заглядваць па кутках, нават пад печ зазірнулі, нехта пайшоў у камору. Чалавек у цывільным стаў на лаву, уважліва агледзеў ікону, што вісела на покуці, і задаволена дастаў з-за яе скрутак паперак, але разгарнуўшы іх, убачыў, што гэта квіткі аб выплачаных падатках, расчаравана кінуў на стол. У Гардзея ўсё кіпела ўнутры, але ён не падаваў выгляду і злосна радаваўся таму, што некалькі забароненых брашур добра прыхаваў у клуні пад сенам. Зараз прыкідваў, хто ж паклапаціўся пра тое, каб ён апынуўся ў руках паліцыянтаў? Бяляцкі з Райскім? А мо Марк адпомсціў? Ці, можа, Яўсей Пух? Нажыў ён сабе ворагаў за апошні час.

Сёстры назіралі за тым, што адбываецца, не хаваючы страху. Туліліся адна да адной, акрытыя вялікімі канаплянымі хусткамі, і дробна калаціліся.

— Збірайся, Рахуба, пойдзеш з намі, — сказаў пузаты паліцыянт, бліскучыя гузікі на фрэнчы якога, здавалася, гатовы былі паадлятаць, варта толькі набраць паболей паветра ў грудзі.

— Куды вы яго-о-о? За што-о-о? — раптам загаласіла Паўліна і ўпала на калені. — Паночкі, пашкадуйце на-а-ас. Мы ж бедныя сіроты-ы-ы! Ён жа нам і за бацьку, і за брата-а-а!

— Ціха! Чаго галосіш, як па нябожчыку? — прыкрыкнуў тоўсты на Паўліну. — Мазгі яму трохі прачысцім, адшліфуем, каб стаў добрым грамадзянінам нашай дзяржавы.

Паўліна замоўкла, хуценька зняла з бэлькі белую палатняную торбу, выбегла ў сенцы і, пакуль Гардзей няспешна апрануўся, вярнулася ў хату. Торба была поўная і цяжкая. Брат з удзячнасцю паглядзеў на сястру, зазірнуў у торбу, убачыў, што там ляжыць і ежа, і бялізна — усё неабходнае арыштанту.

— Спрытная ў цябе сястра, Рахуба. Не кожная жонка здольная даўмецца, што трэба чалавеку ў турме. Звычайна бегаюць, плачуць і не могуць сцяміць, што ім рабіць, — усміхнуўся чалавек у цывільным.

— Пайшлі, — сказаў тоўсты паліцыянт.

Мужчыны выйшлі з весніц. На вуліцы іх чакаў конь, запрэжаны ў сані. Усе селі, Гардзею таксама дазволілі сесці і пагналі каня ў пастарунак. Над зямлёю вісела чорнае неба, на якім зіхцелі калючыя дзівосныя зоркі. Ад хуткай язды здавалася, што яны скакалі ў небе. Гардзей, узіраючыся ў гэты зорны карагод, на момант нават забыўся на сваю бяду.