Выбрать главу

33

З-за таго, што вязні распачалі галадоўку, ім забаранілі сустрэчы з роднымі. Гардзей глядзеў на гэтых зацятых палітычных фанатыкаў і дзіву даваўся іхняй тупой упартасці. Ён не разумеў, навошта здзекавацца з уласнага цела, канчаткова псаваць сабе здароўе і без таго падарванае біццём і прыніжэннем, перажытым у час допытаў? Значна разумней было б перачакаць, выйсці на волю, а там ужо змагацца з акупантамі. Хоць скептычныя думкі ўзнікалі ў Гардзея і наконт змагання. З касою супраць дзяржавы не паваюеш. У яе зброя, сіла, войска, навучанае забіваць. Які сэнс у вывешванні сцягоў, раскідванні лістовак і падбухторванні людзей? Нікому ад гэтага не робіцца лепш. Дзяржава бязлітасна знішчае непаслухмяных. Не, ён канчаткова расчараваўся ў метадах падпольнай барацьбы. Не яго гэта шлях па-сабачы падбрэхваць з-за плота, а потым хавацца, каб не злавілі. Нічога няма вечнага на гэтым свеце. Скончыцца аднойчы і акупацыя, як гінулі ў свой час шматлікія імперыі: Рымская, Візантыйская, Асманская, шкада толькі, што жыццё чалавека кароткае, не кожны дачакаецца вызвалення.

Зусім разгневаўся Гардзей, калі яму прынеслі перадачу, але не далі магчымасці пабачыцца з сястрою. Ён, узбуджаны і знерваваны, распакаваў торбачку, агледзеў ладны кавалак сала, два клінковыя сыры, масла, хлеб, цыбулю, часнок, потым зноў ашчадна паскладваў усё ў торбачку. Пахам роднага дома павеяла ад харчоў, ажно сэрца затрапятала. Адрэзаў кавалак сала, узяў зубок часнаку. Духмяны водар разліўся па камеры. Людзі павярнулі галовы, пазіралі на Гардзея, быццам чакалі, што ён і іх пачастуе. Аднак хлопец жаваў сала, ціха пасопваў і па ўсім было відаць, ні з кім не збіраўся дзяліцца харчамі.

— Ці не разапрэ цябе, калі сам усё паясі? — спытаў хлопец з бяляваю грыўкаю.

— Ты за мяне не турбуйся, — абыякава адказаў Гардзей.

— Хутка нехта з нас таксама атрымае перадачу і тады.

— Я вашага не хачу і свайго не дам. Гідую есці чужое! Разумееш? Сваё пакаштую, вочы заплюшчу — і быццам дома пабыў!

— А што ты скажаш, калі мы табе байкот абвесцім?

— Гэта ваша справа! Вы ўмееце абвяшчаць байкоты, галадоўкі, лямантаваць, шмат гаварыць, толькі рабіць нічога не ўмееце! Хапаюць вас, як зайцоў, па адным, адстрэльваюць! А вам застаецца толькі хавацца. Вось і ўсе вашы справы!

— Усіх не пераловяць.

— Пажывём — пабачым.

— Слухайце, і хто нам гэтага штрэйкбрэхера падсадзіў?

— Ён проста несвядомы, — пачуўся голас старасты Якіма Гарошкі, які карыстаўся ў камеры аўтарытэтам.

— Можа, яму шыю намыліць? — спытаў хлопец з грыўкаю.

Гардзей падняўся, распрастаў плечы. Ён быў на галаву вышэйшы за белабрысага хлопца і па ўсім відаць, значна дужэйшы.

— Паспрабуй, — сказаў Гардзей.

— Ты не думай, што такі дужы, гуртам асілім.

Гардзей зноў сеў на пасцель, паглядзеў на хлопца са спачуваннем і сказаў:

— Ідзі далей ад граху. Няма ў мяне жадання біцца ні з табою, ні з кім іншым. У вас сваё жыццё, у мяне сваё. Можа, днямі адбудзецца суд, мяне ад вас, напэўна, некуды пераселяць, так што патрывайце мой індывідуалізм яшчэ трохі.

— Пакінь яго ў спакоі, Лёня. Гарбатага магіла выпрастае, — сказаў Якім Гарошка.

Белабрысы вязень пайшоў да гурту, дзе хлопцы гулялі ў карты, і хутка ўжо стуль пачуўся ягоны надакучлівы голас. Гардзей лёг на пасцель, задумаўся. Яго турбавала, які вырак вынесуць на судзе. У час аднаго з допытаў яму ўчынілі сустрэчу з тым самым чалавекам, які назваў ягонае прозвішча. Раху­ба яго бачыў упершыню. Хлопец Гардзея таксама не пазнаў, бо чуў толькі прозвішча. Выходзіла, што хоць Гардзея і назвалі, але ці той гэта Рахуба, ніхто канчаткова не сказаў. Іншых сведкаў пакуль не знайшлося. Было відавочна, што зусім не Пух выдаў яго і не ад кіраўнікоў гміны пайшла ініцыятыва на ягоны арышт. Яго маглі выдаць Маркевіч або таварыш Віктар, яшчэ колькі чалавек. Але людзей гэтых было не так і шмат, яны, мусіць, заставаліся на волі. Гардзей, седзячы ў турме, пакляўся сабе, што больш ніколі не будзе ўвязвацца ў палітыку.

34

У ліпені Гардзея Рахубу судзіў Пінскі акруговы суд на выязной сесіі ў Брэсце, у выніку чаго вынесена была яму кара — два гады зняволення. У Брэсцкай турме і адбываў ён свой тэрмін. З людзьмі, якіх сустрэў у камеры, быў больш памяркоўны, чым у Кобрынскай турме. Нават пасябраваў з Анто­нам Клімчуком, настаўнікам з Федзькавіч, які апекаваўся Гардзеем, здабываў для яго кніжкі, з якімі можна было бавіць час і меней пакутаваць ад таго, што тваё жыццё нікуды не рухаецца, быццам тонеш у балотнай дрыгве.