Першае, што зрабіў Гардзей — намаляваў каляндар на той тэрмін, які яму належала тут адбыць, і пачаў выкрэсліваць дзень за днём. Быў удзячны Паўліне, якая здагадалася перадаць некалькі сшыткаў, ведаючы яго звычку запісваць назіранні за з’явамі прыроды, падзеі, што адбываюцца, ды ці мала што. Ён чытаў гісторыю, геаграфію, тое-сёе з мастацкай літаратуры, рабіў канспекты і кароткія анатацыі на прачытаныя творы. Дні ў турме цягнуліся аднастайна, але часам прыходзілі ў галаву думкі, якія хацелася занатаваць. Зрэдку ён перачытваў свой дзённік, згадваў пражытае і перажытае. На жаль, далёка не пра ўсё можна было пісаць. Ён пагартаў і перачытаў свой дзённік.
29 сакавіка. У камеры холадна. Але ўдалося пагрэцца ўласнымі рэсурсамі, бо з крымінальнікамі мыў падлогу. Гэтыя камяні, жалеза, бетон ледзяняць душу. Рукі ажно заходзіліся ад халоднай вады, у пальцы калола, як іголкамі, затое спіна была потная. Што ж, нехта павінен дбаць пра чысціню. Шкада, душы людскія гэтак не памыеш, не пачысціш. Вось і збіраецца там мноства хлуду і сажы, рады б чалавек узняцца і ўзляцець над сабою, але старыя грахі цягнуць уніз.
10 красавіка. Апеляцыя мне дадала яшчэ адзін год турмы. Няўжо дзяржава мае карысць ад таго, што трымае людзей у смярдзючых камерах, прывучае жыць, нічога не робячы, нават не зарабляючы сабе на хлеб. Ці не больш гуманна было б прымушаць людзей вучыцца, спасцігаць законы жыцця ў грамадстве, набываць прафесію. А пасля таго, як чалавек вызваліцца, дапамагчы яму знайсці сваё месца працы, занятак, які мог бы пракарміць бедака. А так атрымліваецца, хто сеў за крадзёж, выйдзе яшчэ большым злодзеем, бо пройдзе тут «турэмныя універсітэты». Мала дасканаласці і гармоніі ў жыцці, таму і турмаў шмат. Адна толькі прырода жыве ў харастве і замілаванасці.
Пачалася вясна. Зноў Паўліна будзе араць ды сеяць без мяне. Зямля паволі забывае мае рукі. А я люблю яе не толькі таму, што яна карміла мяне ад нараджэння, а таму, што стварала мяне моцным і незалежным. Ужо падлеткам я ведаў, што няма ад каго чакаць дапамогі, акрамя як ад Бога і зямлі-карміцелькі.
17 жніўня. Перад сном чытаў геаграфію, дзівіўся разнастайнасці прыроды. Ніякі чалавек, нават самы разумны, не здатны стварыць тое, што зрабіў Бог. Ды і што стварае чалавек? Нейкую нягеглую хату, завод, чыгунку? Больш руйнуе ды спажывае і думае, што ўсё навокал існуе толькі для яго. Наіўны! Прападзі ён, а зямля ўсё роўна будзе красаваць дзікай незацуглянай красой. Зацягне, зашые маладою травою і кустоўем дарогі і сцежкі, старыя котлішчы і могілкі, равы і курганы. Зямля — вялікая майстрыца!
21 кастрычніка. Траіх палітычных перавозілі ў іншую турму, кажуць, у Седлец. Турма праводзіла іх песнямі. Ажно ў мяне ўсхвалявана закалацілася сэрца. А ці пра мяне хто-небудзь падумаў бы, праспяваў бы песню? Як заслужыць павагу і спагаду людзей? Чым? Дабрынёю? Ёю будуць толькі карыстацца. Сілаю? Дык заўсёды знойдзецца нехта дужэйшы. Каб схіляць людзей на свой бок, трэба мець нейкі асаблівы талент. Ці ёсць ён у мяне? Мабыць, нейкія здольнасці ёсць. Здолеў жа я падгаварыць людзей, каб абралі ў гміну. Але тады і Маркевіч добра пастараўся. Так, часам мне таксама хочацца шчырага сяброўства, павагі, любові. Але колькі разоў разбіваліся гэтыя пачуцці аб зрэбную будзённасць. Найчасцей схіляюся да думкі, што аднаму лепш. Сяброўства і сям’я забіраюць душу і волю. Зрэшты, вынік тых праводзін горкі: за спевы вязням забаранілі спатканні. Зноў Паўліна прывязе перадачу і не пабачыць мяне.
8 лістапада. Восень змрочная і халодная. Палітычныя наладзілі святкаванне. У час шпацыру адзін дзеяч расказваў пра поспехі Савецкага Саюза, пра бясплатныя школы і бальніцы, пра заводы і фабрыкі, пра спакойнае і шчаслівае жыццё. Проста рай на зямлі. Ад яго дазнаўся пра смерць З. Маркевіча, шкада хлопца, царства яму нябеснае. Лёс падпольшчыка — кароткі шлях на той свет.
27 студзеня. Дні марозныя. Здаецца, і сцены турмы прамярзаюць наскрозь. Сную па камеры цэлы дзень, каб сагрэцца. Прыходжу да высновы, што турмы існуюць не для перавыхавання, а для маруднага знішчэння людзей, якія не падабаюцца дзяржаве. Турма абмяжоўвае волю, рух, парыванні, гэта маруднае, загадзя разлічанае ворагамі забойства. Спачатку стамляецца і памірае душа, потым знясільваецца, самазнішчаецца цела.
3 красавіка. Снег растаў. Пацяплела, пасвятлела на свеце і на душы. Сёння пісаў паштоўку дадому вельмі дробнымі літаркамі і даволі шмат тэксту ўдалося змясціць. Доўга валаводзіўся, але праца атрымалася ювелірная. Сам залюбаваўся.
12 ліпеня. У час шпацыру пайшоў дождж. Палітычныя дзяўчаты не хаваліся ад дажджу, а бегалі пад ім, быццам умываліся, падстаўляючы твары і рукі, шчасліва смяяліся. Цікава, ці здолелі б яны адчуць такую асалоду на волі? Няволя — смерць душы. Рабы няздатныя ствараць, бо іхні дух заняволены. Яны жывыя мерцвякі.