14 верасня. Напісаў канспект па палітэканоміі. Цікава, ці дазволяць мне забраць з сабою дадому мае сшыткі? Я тут і сам сабе не належу. А калі належаў? Мяне могуць забраць у войска, на вайну, на прымусовую працу і не спытаюць згоды. Ненавіджу залежнасць ва ўсіх яе праявах. Сястра Маня выходзіць замуж. Што ж, гэта яе выбар, дай, Божа, ёй шчасця. Жанчыны лягчэй прыстасоўваюцца да жыцця і людзей. Але гэта так здаецца нам, староннім людзям.
26 кастрычніка. Пераглядаю запісы, днямі выклічуць на «цэнзуру». Калі ўсё забяруць, нешта застанецца ў галаве і сэрцы.
35
Восень, надзіва сухая і пагодная, не шкадавала апошняга цяпла. У мінулыя гады на Пакровы часам і снег выпадаў, а на гэты раз надвор’е трымалася, як летам. У Жабінку сабраліся людзі з навакольных вёсак на кірмаш, каб нешта прадаць ці купіць ды наведаць царкву. Гарадок стракацеў ад квяцістых хустак сялянак, ад іхніх паласатых андаракаў. Каля царквы і на кірмашы было шматлюдна, людзі сустракаліся, гаманілі, бедавалі ці радаваліся. Кірыла з дочкамі таксама прыехаў у Жабінку, каб прадаць колькі мяшкоў жыта. Каця засталася з ім, а Зося папрасілася ў царкву. Бацька і не пярэчыў, няхай дачка пабудзе сярод людзей, памоліцца за свой лёс і за ўсю сям’ю. Неспакойная Зося характарам, ці весяліцца не ў меру, ці панура маўчыць. Хварэе часта на жывот. Каця больш разважлівая, але ж, напэўна, яна сваё адхварэла ў маленстве. Рознай немачы набіраецца на чалавечы век, каб даймаць ды ўрэшце даканаць.
Кірыла прадаў збожжа і збіраўся ехаць да царквы па Зосю, а потым яшчэ меўся наведаць пляменніка, які працаваў на чыгунцы. Аднак Серафім сам вынырнуў з натоўпу.
— Малайчына, што сам знайшоў нас. Я збіраўся ехаць да тваёй гаспадыні, каб пакінуць табе сала ды хлеба, — узрадавана сказаў Кірыла.
— Дзякую, — сказаў, Серафім. — Толькі я ўжо там не жыву.
— Чаму? — здзівіўся дзядзька.
— Звольнілі мяне. Я з рэчамі, да вас сабраўся, — пляменнік паказаў на хатуль у руцэ.
— Чым жа ты цяпер будзеш займацца? — незадаволена спытала Каця.
— Не ведаю, — адказаў хлопец.
— Нічога, бывае і горш, — суцешыў пляменніка Кірыла. — Ці сказалі, за што звольнілі?
— Сказалі, толькі я ў тым не вінаваты. Нехта ўначы вывесіў на нашай канторы чырвоны сцяг. Начальства выбрала трох самых маладых дурняў і звольніла, маўляў, больш няма каму. А я ні сном, ні духам. Бажуся, дзядзька.
Серафім гаварыў шчыра, ажно слёзы на вачах выступілі. Кірылу зрабілася шкада хлопца. Цяжка цяпер маладым: няма дзе грошай зарабіць, няма за што зямлі купіць. Пры цары ўсё-ткі было неяк вальней. Хоць заўсёды для ўсялякай улады тутэйшы люд заставаўся недаверлівым.
— Што ж, справа зроблена. Звольнілі дык звольнілі. Паедзем дахаты, будзеш працаваць на гаспадарцы. Пасватаем, ажэнім, і зажывеш, як усе людзі, — разважыў дзядзька.
Серафім з палёгкаю кінуў свой хатуль у воз, сам скокнуў туды ж і павесялелымі вачамі паглядзеў на дзядзьку і стрыечную сястру.
— Ён цяпер будзе ўсю восень без работы сядзець з намі? — спытала Каця і нездаволена паморшчыла носік.
— На гаспадарцы працы хопіць яму і мне. Трэба дровы нарыхтоўваць, гной выкідаць, карова хутка да столі рагамі дастане, ды ці мала спраў?
— Але ж ён малады хлопец, мог бы і ў Берасці працу пашукаць, — запярэчыла дзяўчына.
— Жаніцца яму пара. Яму трыццаць гадоў. Трэба абрастаць сям’ёю, дзецьмі. Што ён адзін, як палец, на свеце будзе бадзяцца па гэтых чыгунках, — катэгарычна спыніў гаворку бацька. — Сядай на воз, паедзем.
Каця ўмасцілася на возе спінаю да Серафіма. Кірыла ўзяўся за лейцы і пагнаў гнядога коніка ў напрамку царквы. Колы затарахцелі па брукаванцы. Насустрач ішлі па-святочнаму апранутыя сялянкі, смяяліся, размаўлялі. Людзі радаваліся магчымасці адпачыць ад будзённай цяжкай працы. Местачкоўцаў амаль не было відно, толькі хлапчукі снавалі паміж вазамі. Зосю Кірыла заўважыў не адразу. Яна стаяла пад высокімі дрэвамі і размаўляла з Гэляю, Карпаваю дачкою. Даўнейшае іхняе сяброўства і сумесная паездка ў Польшчу ўсё яшчэ звязвала дзяўчат цёплымі пачуццямі. Гэля радасна павіталася з родзічамі, кожнага абняла і тройчы расцалавала.
— Гэлька, ты такая круглая стала, — сказала Каця насмешліва.
— Выйдзеш замуж — і ты пакруглееш, — весела адказала Гэля.