Зося ўважліва слухала праведніка і думала: «Гаворыць, як пра мяне. Гэта я ўвесь час грызу сябе за тое, што даводзіцца піць зязюліна мыла, за тое, што не магу спадабацца Гардзею. А ці ёсць у гэтым мая віна? Калі б я яму падабалася, дык не шукаў бы нікога, даўно ажаніўся б са мною, а ён і на вочы не паказваецца. Вельмі заняты бычкамі! Ну і няхай! І на Кацю пакрыўдзілася, што ад мяне адраклася, а крыўдзіцца нельга, трэба ўсё дараваць.»
— А зараз прапаведаваць будзе сястра Кацярына, — сказаў прэсвітэр і шырокім жэстам рукі запрасіў Кацю да стала.
Зося захвалявалася, праводзячы вачамі невысокую ладную постаць сястры. Каця спынілася ля стала, абвяла вачамі прысутных, усміхнулася і пачала сваё казанне:
— Дарагія браты і сёстры, самы большы гонар, які нам дадзены, — гэта магчымасць размаўляць з Богам. Здавалася б, навошта? Ён жа і так усё бачыць. Дык для чаго маліцца? Адказ на гэтыя пытанні мы знаходзім у пісанні. Калі ёсць д’ябал, дык супрацьстаяць яму можна толькі малітваю. Бог так задумаў, каб толькі з малітвамі сваімі мы атрымлівалі тое, што пажадаем. Нам дадзена малітва, каб мы, гаворачы з Богам і дзякуючы Яму, вызваляліся ад трывог і набывалі «мір Божы». Дастаткова прачытаць запаведзь «Няспынна маліцеся», каб зразумець: Бог хоча, каб мы з ім размаўлялі. Усе мы толькі тады пачынаем жыць па-сапраўднаму, калі звяртаемся да жывога Бога.
Кацін твар свяціўся, вочы гарэлі, голас гучаў пяшчотна і ўзнёсла. Слухаючы яе, Зося міжвольна падумала: «Напэўна, я мала малюся, што Бог не дае мне шчасця. Я буду маліцца і ўдзень, і ўначы. Якая ў мяне чыстая, светлая, разумная сястра, як хораша і проста ўмее гаварыць».
Каця скончыла прапаведаваць, вярнулася на сваё месца.
— Ну, ты і малайчына, — зашаптала Зося ў захапленні.
Вернікі маліліся, спявалі, шчыра прасілі ў Бога літасці і блаславення, а Зося вымольвала аднаго, каб знайшло яе шчасце. Сход скончыўся па абедзе. Людзі не спяшаліся разыходзіцца, нешта абмяркоўвалі, дзяліліся ўражаннямі. Калі сёстры Барэйшы ўжо выйшлі з хаты, знайшліся спадарожнікі, якія ішлі ў другі канец Сцяблова, і ўвесь час адзін перад адным выяўлялі веданне Бібліі. Зосі было сорамна, што яна амаль нічога не ведае. Нават адстала ад гурту і на сваіх доўгіх нагах ледзьве сунулася за людзьмі. Толькі за вёскаю Каця і Зося нарэшце аказаліся ўдзвюх, малодшая сястра папракнула старэйшую:
— Чаму ты схлусіла, што я твая сяброўка?
— Бо мы з табой па-рознаму верым у Бога. Ты толькі па крыві мне сястра, а па духу — не.
— Вось так ты ва ўсім! То ты мне, як маці родная, а раптам — як мачаха! Ніколі не ведаю, што ад цябе чакаць. Ты ж ад мяне адраклася, як святы Пятро ад Хрыста, — сказала Зося.
— Годзе табе! Разышлася! Пакаешся і цябе пахрысцім! І тады ты будзеш мне сапраўднай сястрою. Ведаеш, як Хрыстос сказаў: «Забудзь бацьку свайго, забудзь брата і сястру і ідзі за мною!» Зразумела? Ідзі за мною!
Каця пайшла па вузкай сцежцы паперадзе сястры.
— Не, я так хадзіць не магу. З тваёю курынаю хадою мне ніяк не сысціся! — сказала Зося, зрабіла два шырокія крокі, абагнала сястру і размашыста пакрочыла паперадзе.
41
Вяселле Серафіма і Надзі прызначылі на Масленіцу. Спачатку меркавалі пачастунак наладзіць у хаце Кірылы, а пасля прыкінулі, што надта малое памяшканне, і вырашылі ладзіць вяселле ў Карпа. Ён жа таксама родны дзядзька, да таго ж Агатэля як сталая жанчына, напэўна, лепш справіцца з абавязкамі названай маці, чым дзве сястры, равесніцы маладога.
У той самы час, калі малады выправіўся да маладое, каб разам ехаць у царкву вянчацца, усчалася мяцеліца. Завойкала Агатэля, пачала маліцца, стала казаць, маўляў, нешта благое здарыцца, хоць адкладай вяселле. Але адклад, як вядома, не ідзе на лад. А калі зазвінелі званочкі, пачуліся спевы, гаспадар і гаспадыня выйшлі з хаты, каб хлебам-соллю сустрэць маладых.
Зося, як толькі выбегла на вуліцу, сутыкнулася позіркам з Гардзеем, але зрабіла выгляд, што не заўважыла яго. Каця ж адразу кінулася яму насустрач, пачала нешта з усмешкаю прамаўляць. Зося тым часам схавалася ў камору, мыла посуд, насіла стравы на сталы. Прабягаючы міма Гардзея, Зося крадком кідала на яго позірк, хацелася глядзець на яго і глядзець. Такі ён быў прыгожы ў новым цёмна-сінім гарнітуры з гальштукам у чырвоную, белую і блакітную палоску, зусім не падобны на вясковага хлопца. Быццам нейкі паніч завітаў на свята да сялян. Госці трохі выпілі, закусілі і пусціліся ў скокі проста ў хаце, аднак тут было цеснавата. Душы прасілі прасторы. Пачалі наладжваць скокі на вуліцы, хоць у гарманіста мерзлі пальцы, але ўсім астатнім было горача.