— А хіба нельга? — здзіўлена пазірала шырока расплюшчанымі нябеснымі вачамі юная нявестка.
— Нельга! Да нас чужыя людзі прыходзяць, а тут розныя рызманы, як у цыганоў, вісяць!
Пад «чужымі людзьмі» Каця разумела не тых кліентаў, што прыносілі шыць адзенне, а Гардзея, які пачаў па вечарах наведвацца да Барэйшаў.
— У камору ўсё сваё хавай! Зразумела? Як вы мне ўсе абрыдлі! Ноччу шушукаюцца ды запечкам скрыпяць, удзень пад нагамі блытаюцца!
— Дык куды ж нам падзецца сярод зімы? — крыўдліва ўсхліпвала Надзя.
Серафім маўчаў, ніколі не бараніў маладую жонку, бо звык трываць у сваім сіроцкім жыцці ўсялякія крыўды і ўжо ніяк на іх не рэагаваў. Надзю гэта яшчэ больш абражала. Яна зрабілася непрыкметнаю, шэраю, сінія вочы патухлі, быццам набегла на іхнюю нябесную чысціню цёмная хмарка.
Кірыла часам абрываў Кацю:
— Чаго прычапілася да маладзіцы? Адной анучаю больш, другой менш, што з таго?
— Нічога! Толькі скажы, бацька, колькі яны тут будуць жыць?
— Вясной паспрабую купіць для іх якую хату, няхай і старую, падладзім тое-сёе і няхай жывуць. Праўда, Серафім?
Серафім згодна кіўнуў галавою.
— Навошта чакаць вясны? Вясна ўжо на носе. Хутка снег растане. Трэба дамаўляцца цяпер, каб вясною пачаць нешта рабіць, — сказала Каця.
— Можа, і так, — згадзіўся бацька.
На другі дзень ён пайшоў у Сцяблова, вярнуўся пад вечар з добраю весткаю: дамовіўся з адным чалавекам, што не дорага прадасць старую хату. Трэба будзе там падладзіць страху, зрабіць падлогу ды і можна жыць.
— А чыя хата? — усхвалявана спытала Надзя.
— І не ведаю, дзіця. Жыла там маці гэтага чалавека, памерла месяц таму, вось і асірацела хата.
— А дзе тая хата стаіць?
— Каля самага лесу.
— Ведаю, там старая Банадыся жыла, — здагадалася Надзя.
— Добрая мясціна, — сказаў Кірыла, — і карову ёсць дзе пасвіць, і качак можна развесці, побач азярынка невялікая. А тое, што хата стараватая, — нічога. Узаб’юцца нашы маладыя на дастатак, дык новую паставяць.
Надзю вельмі ўзрадавала вестка пра тое, што хутка сама сабе будзе гаспадыняю. Яна быццам зацвіла, раскрылася і зрабілася прыгожаю, як тая кветка, што расцвітае нечакана на золку і радуе свет сваім хараством. Калі ўвечары зноў завітаў Гардзей, Надзя весела яму ўсміхнулася, засвяцілася ўся, ледзьве стрымалася, каб не падзяліцца радасцю.
— Ну і жонку ты сабе ўзяў, Серафім! — захоплена сказаў Гардзей. — Яна пакуль маладзенькая, як валошка ў полі, а калі набярэцца жаночай сілаю, аброць табе давядзецца на яе надзяваць.
Такое прароцтва не спадабалася Серафіму і, можа, упершыню ў жыцці ён агрызнуўся:
— Меней на чужых жонак заглядвайся. Ажаніся, дык дурныя думкі ў галаву не палезуць. Саракоўку размяняў, а ўсё па дзеўках шастаеш!
— Серафім, ты што, звар’яцеў! — накінулася на брата Каця. — Як ты чалавека сустракаеш? Сядай, Гардзей, не слухай яго. Некаторыя хлопцы, як толькі ажэняцца, дык адразу пачынаюць жончыным розумам жыць.
Гардзей сеў на лаву, паглядзеў на Кацю, акінуў позіркам Зосю, што мітусілася каля печы: лінула на гарачае вуголле кубак вады, каб патушыць яго да рання і зачыніць бляхаю. Вада злосна зашыпела.
— Што чуваць у Крачках? — спытаў Кірыла.
— Нічога, дзякаваць богу, — адказаў Гардзей. — А вось каля Івацэвічаў, кажуць, нейкі чалавек аб’явіўся, называе сябе прарокам. Прозвішча яго Мурашка. Ён кажа, што хутка канец свету. Людзі ідуць, прадаюць усю маёмасць, а грошы аддаюць Мурашку і жывуць адной сям’ёю, як родныя людзі.
— Хапае прайдзісветаў на свеце, — хмыкнула Каця. — Толькі наша царква самая правільная. Калі ты, Гардзей, збярэшся да нас? Каб ты пабачыў, якія ў нас людзі далікатныя! Якія пропаведзі чытаюць мудрыя, заслухаешся!
— Кожны цыган сваю кабылу хваліць, — заўважыў Серафім.
— Нешта ты сёння разгаварыўся. Ці ўжо адчуў сябе гаспадаром някупленай хаты? Вось што з чалавекам робіць маёмасць!
— Серафім хату купляе? — перапытаў Гардзей і перахапіў радасны Надзін позірк. — Малайчына! Незалежнасць робіць раба чалавекам.
Зося тым часам завязала хустку і апранула паліто.
— Куды ты сабралася? — спытаў бацька ў малодшай дачкі.
— Пайду на вячоркі, — бесклапотна адказала дзяўчына.
— Такая цемра на вуліцы, пабыла б дома хоць вечар.
— Абрыдла слухаць вашы сваркі. Паскачу, паспяваю, адвяду душу.
З гэтымі словамі Зося выслізнула за парог у начную цемру і пайшла ў бок клуні. Над ёю было хмарнае неба. Ні адна зорка не магла прабіць шлях свайму святлу праз морак. Месяц і той заблудзіўся ў кудзелі аблокаў. Вясна змагалася з зімою за права ўладарыць светам, наталяць яго святлом і цяплом, упрыгожваць і вяртаць да жыцця. Ды ясней за ўсе зоркі свету свяцілі Зосі Гардзеевы вочы. Нават у цемры, калі ён нахіляўся над ёю, здавалася, што яна бачыць іх прытоены і спакушальны бляск.