Выбрать главу

43

Шчасліва і бесклапотна пражыла Зося прадвесне, напоенае любасцю, пяшчотай і мілаваннем. Гардзей ставіўся да яе ўважліва і далікатна, папярэджваў кожнае яе жаданне. Хоць час ад часу прачыналася ў Зосінай душы прадчуванне, што можа здарыцца нешта нядобрае. Калі заўважыла, што зноў зацяжарыла, не спалохалася, вырашыла, як звычайна, папіць узвар з зязюлінага мыла. Хацела прыручыць каханага да сябе, прывязаць, а вестка пра цяжарнасць, як ёй здавалася, магла разладзіць іх добрыя адносіны. Гэта яна ведала на прыкладзе Марфы.

Аднак здарылася непрадбачанае. Дзіця, якое толькі завязалася пад яе сэрцам, не хацела вымывацца. Што Зося ні рабіла, і скакала з сена ў клуні, што ледзьве ногі не паламала, і падымала цяжкія чыгуны з бульбаю, і грэлася на чарэні — дзіця не хацела выходзіць. Калі жывот прыкметна акругліўся, Зося сказала пра сваю цяжарнасць Гардзею. Адбылося гэта ў клуні. Яны сустрэліся як звычайна, ён пажадліва колькі разоў пацалаваў яе, а потым нецярпліва папрасіў:

— Распранайся хутчэй.

— А нам цяпер нельга скаромнага, — засмяялася Зося.

— Чаму гэта раптам?

— У нас хутка будзе дзіця.

— Дзіця? — здзівіўся ён. — Якое ў цябе можа быць дзіця? Столькі гадоў сустракаемся — нічога не было, і раптам на табе — маеш!

— Гэта для цябе не было.

— Ты хочаш сказаць. Дык дзе яны?

— Што было, тое сплыло. Што мне рабіць цяпер?

— Пакуль Паўліну не аддам замуж, сам жаніцца не буду.

— Што ж, у такім разе тваё дзіця будзе расці бязбацькавічам. Я выгадую яго так, як захачу, а табе да нас няма ніякае справы, жыві сабе, радуйся.

— Яшчэ трэба паглядзець, якое ты дзіця народзіш. Ты ж падслепаватая.

Крыўда перахапіла дыханне, Зося ўсхліпнула і залілася слязамі. Плакала яна доўга. Усё чакала, што ён знойдзе слова, каб суцешыць, супакоіць. А калі падняла галаву, дык пабачыла, што Гардзея ў клуні няма.

Употай Зося яшчэ спадзявалася, што Гардзей адумаецца, прыйдзе, папросіць прабачэння, і ўсё ў іх будзе добра. Аднак ён больш ні разу не наведаў хату Барэйшаў. Нават Каця занепакоена аднойчы спытала:

— Нешта Гардзей не прыходзіць. Абяцаў пайсці са мною ў царкву.

— Скуль я ведаю? Ён жа да цябе хадзіў, — адказала Зося.

— Мо што чула пра яго?

— Не чула і чуць не жадаю, — адрэзала Зося.

— Ты чаго такая злосная! З Іванюком пасварылася? Нешта перастала на вячоркі бегаць.

— Пост цяпер. Няма ніякіх вячорак.

— І што табе замінае з ім сустракацца ў пост?

— Абрыдзеў ён мне, як вы ўсе, — злосна адказала Зося. — Чаго ты лезеш мне ў душу? Ідзі да сваіх баптыстаў.

Пачалася сяўба, поле забірала ўсе сілы. А ў перапынках паміж сяўбою, ладзілі Серафімаву хату. Зранку ўсе разыходзіліся, толькі Каця заставалася дома, каб даглядаць скаціну, палоць грады, варыць абед ды вячэру. Уставалі ўсе вельмі рана, звычайна снедалі кубкам малака ды лустаю хлеба. Асабліва стараліся Серафім і Надзя. Яны пазней за ўсіх прыходзілі з працы, кожную вольную хвілінку выкарыстоўвалі, каб нешта зрабіць у сваёй хаце. Вельмі ж хацелася хутчэй пераехаць туды. Хоць яшчэ жытло не зусім было гатовае, але пасля Пятроўкі мусілі перасяляцца. Ніякіх улазін не святкавалі. Сялянскія спрадвечныя клопаты наплывалі адзін за адным. Святы і будні падпарадкаваліся адной мэце — выжыванню. Зося, як магла, хавала сваю страшную тайну, туга перавязвала жывот, надзявала бацькаў стары каптан, імкнулася прыхаваць перамены ў сваёй паставе. Каця аднойчы нездаволена спытала:

— Навошта табе гэты падраны каптан? Яго толькі ў агародзе на пудзіла засталося надзець.

— Я і ёсць пудзіла. З ранку да вечара сяджу на градах ды ў бульбе. Дзіву даюся: на кожную карысную расліну па дзесяць каліў пустазелля вырастае. Дык якая ж тут можа быць праўда на зямлі?

— Праўда ёсць толькі адна — Боская, — адказала Каця, думаючы пра нешта сваё.

Зося разумела: Каця крыўдуе на Гардзея. Што будзе, калі яна даведаецца праўду? Не мела Зося ні мужнасці, ні сілы заглядваць у будучыню. Калі заставалася адна, клала руку на жывот, прыслухоўвалася да дзіцяці, шкадавала сябе і яго і маліла Бога, каб ён выратаваў яе ад ганьбы і знішчэння.

44

На пачатку лістапада Зося адчула: жывот яе быццам бы апусціўся ўніз, апаў. Зразумела, што, мабыць, хутка надыдуць радзіны, і тады ўжо не схаваешся ад чужых вачэй, ад плётак і асуджэння. «Ну, і няхай. Няхай гавораць!