— у адчаі думала яна. — Нікому няма справы да мяне і майго дзіцяці. Калі яно ўтрымалася ў маім целе, дык гэтага хоча Бог. Можа, бацька не выганіць з хаты. А калі і выганіць, дык пайду ў свет жабрачкаю. Няўжо каханне — толькі пакута, якую я перажываю на працягу шматлікіх гадоў? Чаму мне было не пазнаёміцца з тым чалавекам з Берасця, як жа яго прозвішча: Кананчук ці Канановіч? Можа, ён быў не горшы за Гардзея? І жыла б я з ім, бяды не ведаючы. А вось Гардзей мне свет завязаў, і нічога не магу з сабою зрабіць.»
Гэтыя думкі яна бясконца пракручвала ў галаве і не знаходзіла адказу. Усё спадзявалася на нейкі цуд, на шчаслівы зыход, што з’явіцца Гардзей і вырашыць усе яе праблемы, адвядзе бяду. Але ён не прыходзіў, і цуд не здараўся.
У адзін з вечароў Зося адчула сябе зусім блага. Залезла на печ, моўчкі курчылася ад болю, які распіраў жывот, быццам дзіця хацела разарваць цела маці па жывому і выйсці вонкі. Калі ж боль паласнуў быццам нажом, яна прытоена прастагнала.
— Зоська, чаго ты там? — заклапочана спытаў бацька, заглядваючы на печ.
— Нічога. Жывот вельмі баліць. Падарвалася, мусіць, учора, як лён насіла.
— Не кіла, дык ураз, а ўсё не гаразд, — насмешліва сказала Каця.
Зося зноў цяжка прастагнала.
— Што з ёю рабіць? — бездапаможна развёў рукамі бацька.
— Тата, пакліч цётку Агатэлю. Яна мне паможа, — папрасіла Зося.
— Чым яна табе паможа? Яна шаптаць не ўмее, — сказала Каця.
— Хоць памоліцца нада мною перад смерцю.
— Няўжо табе так блага раптам зрабілася? — здзівіўся бацька. — Добра, патрывай, зараз паклічу братавую.
Кірыла хутка апрануўся — і за ім моцна грукнулі дзверы. Каця палезла да сястры на печ.
— Чаго ты пячэшся на чарэні, ідзі на запечак, там паветра больш.
Зося паслухмяна пачала спаўзаць з печы.
— Нейкая мажная ты зрабілася, як я раней не заўважала?..
Хутка Кірыла прывёў Агатэлю. Цётка кінула світку на лаву, развязала канаплянку, засталася ў паркалёвай белай хустцы. Хукаючы на замерзлыя рукі, падышла да Зосі, спытала:
— Што з табою, дачушка? Што ў цябе баліць?
— Жывот, — прашаптала Зося скрозь зубы, каб не закрычаць ад болю.
— Кладзіся на спіну. Пабачым, што там з тваім жыватом.
Агатэля схілілася над Зосяю і ціха прамовіла:
— Ах ты, дурнічка! Дабегалася-такі. Ну, дыхай вальней. Зараз мы твой жывот вылечым, як рукою здыме.
— Што там з ёю? — устурбавана спытаў Кірыла.
— Нічога, нічога асаблівага. Рыхтуйце вялікую міску і цёплую ваду. А яшчэ якую падраную сарочку. І нож дайце мне. Але папярэдне патрымайце над агнём.
— Нашто гэта? Яна толькі ўчора ў балеі мылася, — запярэчыла Каця.
— Учора было ўчарашняе, рабі, што кажу, — загадала старая.
Цётка нахілілася над Зосяю, гладзіла жывот, падводзіла плод да выхаду і шаптала на вуха:
— Тужся, тужся памаленьку, — шаптала Агатэля. — Не бойся, усё будзе добра. Як жа ты папалася, небарачка? Ну, нічога. З кім не бывае. Усё дрэннае праходзіць, а добрае застаецца. Дзеці на свет з’яўляюцца для дабра. Каб на старасці дагледзець бацькоў ды пацешыць унукамі. Тужся, тужся, не лянуйся.
Кірыла сеў каля стала. У душы варушылася нейкае нядобрае прадчуванне.
Каця прынесла з сяней вялікую медную міску, набытую яшчэ некалі ў Самары, дастала, крэкчучы, з печы вялікі чыгун гарачай вады, паставіла на прыпечку, пачала наліваць кубкам ваду, якая звонка білася ў дно і цурчэла.
— Пастаў міску на лаве, каля стала, — сказала цётка. — Нясі старую апранаху і нож.
— Вось, ужо ўсё ляжыць, — адказала Каця. — Нож — на стале, ануча на лаве.
Зося прарэзліва закрычала.
— Ды што з ёю? — не вытрываў Кірыла. — Агатэля, што ты ёй робіш?
— Нічога, нічога, усё будзе добра. Зоська малайчына. Здаровая, дужая.
Раптам хату напоўніў дзіцячы енк. Агатэля захінула малое ў палатняную латку, паказала сямейнікам.
— Во, глядзіце, якога Зоська волата нарадзіла! З першым унукам, Кірыла! Увосень нарадзіўся, багаты будзе.
45
Каця кіпела ад злосці, але маўчала, чакала, што бацька першы пачне гаворку пра ганьбу, якая раптам абрынулася на іхнюю сям’ю. Кірыла чакаў, калі Зося падужэе, дык сама сустрэнецца з бацькам дзіцяці. З разумным хлопцам можна неяк дамовіцца ды ўсё зрабіць па-чалавечы, запісаць немаўля, а мо і пабрацца. Кацю абурала, як асмелілася Зося гэтак легкадумна прыгуляць байструка. Цяпер уся вёска будзе пляткарыць і пра яе, Кацю, таксама нешта нядобрае плявузгаць. Не, тут заставацца нельга. Трэба тэрмінова пагутарыць з Гардзеем і схіліць яго да таго, каб ён прыняў хрышчэнне ў баптыстаў, а потым разам вырашаць, дзе і як жыць. Але ж і гэтай прыдуркаватай Зосі неяк трэба дапамагчы. Які ж ён хітры, Іванюк! За ўвесь час, пакуль з Зосяю сустракаўся, ні разу ў хату не зайшоў. Няхай бы паказаўся, я паглядзела б яму ў вочы! Цяпер давядзецца бацьку ісці пытацца, што ён думае рабіць, калі ў яго нарадзіўся сын. Якое няшчасце! Гэта ж калі даведаюцца браты і сёстры па царкве, што скажуць? Родную сястру не ўберагла ад граху! Трэба як мага хутчэй аддаць Зосю замуж за Іванюка, каб змыць ганьбу.