Выбрать главу

«Мамачка мая родная, вазьмі мяне да сябе! Уратуй і абарані! Ніхто мяне не любіць і не шкадуе! Не магу я так жыць, не магу! Дзе ж ты? Дзе мне цябе шукаць? — шаптала Зося. — Ты да Каці больш хінулася, бо яна з твару падобная на цябе. А я, няшчасная, удалася ў бацьку. За гэта ты мяне і не любіла. А ці ж я вінаватая? Так Бог судзіў. Мама, мамачка мая, адгукніся. Дай пара­ду, што рабіць, як жыць? Забяры мяне на той свет. Забяры...»

Зося ведала, што некалі маму сілком выдалі замуж, яна так і не здолела пераадолець сябе — пакахаць нялюбага. Непрыязь да мужа адбілася і на халаднаватым стаўленні да малодшай дачкі, знешне падобнай на бацьку. Яшчэ калі жылі ў Самары, Зося, адчуваючы адчужанасць у сям’і, часам уцякала з дому, мусіць, рабіла гэта падсвядома, каб звярнуць на сябе ўвагу. Найчасцей ішла на рынак, дзе лагодныя гандляркі частавалі яе, дзяўчынкубежанку, семкамі і баранкамі. Маці карала дачку за самавольства, найчасцей біла ручніком ці анучаю, як цяпер Каця. Ад гэтых успамінаў Зосі яшчэ больш зрабілася шкада сябе, такую гаротную і нікому непатрэбную. Як толькі зайшла ў нетру, пад лясныя шаты, упала на мяккі мох пад высокімі елкамі, завыла-загаласіла, быццам маленькае звераня, што згубілася і не мае ніякае надзеі на выратаванне. Выплакаўшы слёзы, яна забылася цяжкім сном душэўна зморанага чалавека.

5

Абудзілася на змярканні. Ногі і рукі здранцвелі ад холаду і ад нерухомасці. Села, агледзелася, згадала пра няшчасце, якое здарылася з ёю, захацелася заснуць зноў, каб ніколі не прачынацца і нічога не помніць пра мінулую ноч. Па целе хваляю пракаціліся дрыжыкі. Яна паднялася і пайшла па гушчары, жадаючы хоць трохі сагрэцца. З прагалаў паміж вяршынямі елак на яе паглядвалі цікаўныя вочкі першых зорак. Нават ад іх імкнулася схавацца, бо здавалася, што яны смяюцца і асуджаюць яе. Нікога не хацела бачыць, толькі смерць прынесла б палёгку. Ішла ў лясныя нетры з надзеяю сустрэць гэтую збавіцельку. Голле чаплялася за світку, балюча сцябала па твары. Зося не затульвалася, толькі зажмурвалася, часам рукою адводзіла свавольнае і неміласэрнае вецце. Уявілася, як будзе ляжаць у труне, апранутая ў белую сукенку і вэлюм. Некалі ў маленстве бачыла, як гэтак жа хавалі прыгожую дзяўчыну, якая, калі зацяжарыла без шлюбу, скакала з вышак, каб забіць дзіця, але забілася сама. Над ёю галасіла маці і сёстры, усе шкадавалі нябожчыцу.

Зося падумала, што, можа, нехта паплача і над яе труною. Уявіла заплаканую Гэльку, стрыечную сястру, дачку дзядзькі Карпа, а таксама ягоную жонку, старую Агатэлю. Яны, можа, і заплачуць. Толькі Гардзей з Кацяю будуць смяяцца з яе, памерлай.

Паступова лес расступіўся, аціх ягоны гул. Пад нагамі зачвякала твань, праз халяўкі чаравікаў налілася вада. Зося зразумела, што ў цемры ўбілася ў балота. Уявіла, як уваліцца ў «чортава акно», патоне і ніхто ніколі не знойдзе яе. Не, яна не жадала такой смерці. Усё ж такі хацелася ляжаць у труне ў белым вэлюме, і каб людзі ішлі ўслед за труною і шкадавалі яе. І тады яна абавязкова ажыла б, паднялася б і пайшла б разам з імі. Ёй даравалі б грэх, ніхто ніколі не папракнуў бы нават...

Нага ўвалілася ў твань па калена, Зося ледзьве выцягнула яе, але тут ужо правалілася другой нагой. Дзяўчына спалохана схапілася за галіну нейкага куста, ускараскалася на купіну. У сутонні нічога не было відно. Выламала галіну, стала абмацваць шлях перад сабою і паціху вяртацца назад, дзе быў цвёрды бераг. Сапраўды праз колькі крокаў яна зноў апынулася на грудку. Цяпер было ўсё роўна куды ісці, абы толькі не загінуць у балоце. Калі тапіцца, дык лепш у сажалцы, дзе патанула некалі яе малодшая сястрычка Люба і цяпер жыла недзе сярод русалак.

Раптам Зосяй апанавала злосць. «Чаму я павінна паміраць? Таму што Каця не любіць мяне? Таму што ён, гэты гад, пакарыстаўся маёю даверлівасцю? А раптам у мяне завяжацца дзіця, як у той дзяўчыны? — падумала яна са страхам. — Тады вось і памру, накладу на сябе рукі», — цвёрда вырашыла яна.

Пайшла па лясной дарозе, што вілася між чорнага голага кустоўя, спусцілася ў нізінку. Потым узнік вузкі, як праехаць падводзе, мосцік, перакінуты цераз канаву ці забалочаную рэчку. Зося зразумела, што ў гэтае балотца яна і ўлезла, калі пайшла напрасткі, і, напэўна, загінула б, каб своечасова не павярнула назад. Вада ўсё яшчэ чвякала ў чаравіках, мокрыя панчохі студзілі ногі, дрыжыкі хвалямі хадзілі па спіне, зводзіла сківіцы, і зубы ляскалі, не трапляючы адзін на адзін. Захацелася цяпла і спакою, на печ, каб сагрэцца на чарэні. Здалёку пачуўся спеў першага пеўня, мусіць, недзе недалёка было жытло, і яна пайшла на ягоны голас, быццам сам Бог паклікаў яе.