— Пі, Зоська, пі...
Хворая папіла і стомлена адкінулася на падушку. Кірыла цяжка ўздыхнуў, бездапаможна развёў рукамі, апусціў іх на калені. Гэля паставіла кубак на прыпечак і зноў села, пачала вязаць карункі шыдэлачкам. Вясковыя людзі не звыклі сядзець без працы, асабліва жанчыны, іхнія рукі заўсёды знаходзілі сабе справу, якая ратавала ад смутку і гаркоты. Ці мала якія мітрэнгі здараліся ў жыцці сялянкі, колькі даводзілася ёй трываць дакораў і абраз ад свякроўкі і свёкра, ад уласнага мужа і шматлікай ягонай радні. Дзяўчаткі з маленства прывучаліся да разнастайнай жаночай працы і звычкі ўвесь час нешта рабіць.
Хата паступова напаўнялася змрокам. Карп зняў шкло з лямпы, падвешанай над сталом, чыркнуў запалкай, запаліў кнот, працёр шкло анучкаю і паставіў яго на месца. Цьмянае святло запоўніла прастору хаты, высвеціла абраз Хрыста з палаючым сэрцам у чырвоным куце. Гаспадар зацягнуў на вокнах марлевыя занавескі. Усе маўчалі. Гэтыя людзі не звыклі да пустых і бязладных гаворак. Рэдка ім удавалася сядзець вось так без працы.
На ганку пачуўся тупат, у хату ўвайшла Агатэля з маленькай, жвавай і гаваркой бабуляй, якая з парога голасна павіталася:
— Добры вечар добрым людзям. А чаго гэта вы такія смутныя?
— Будзь здарова, цётка, заходзь. Можа, ты дасі якой рады, — сказаў Кірыла. — Дачка мая захварэла.
— Зараз пабачым, што тут у вас. Распалі печ, Агатка, мне трэба вугельчыкі.
У хаце з прыходам Каваліхі ўсё прыйшло ў рух. Карп падаўся па дровы. Агатэля дастала колькі сухіх паленцаў з-пад печы, што трымала на распал, адмыслова паклала іх і пачала распальваць агонь. Зрабіла гэта так спрытна, што сквапныя языкі агню ў адзін момант пачалі лізаць сухую драўніну, весела патрэскваючы.
Каваліха схілілася над Зосяю, паклала далонь на лоб, потым прытулілася вухам да грудзей, паслухала дыханне.
— Агатэлька, дай мне лустачку хлеба.
Гэля, не чакаючы, пакуль маці падасць хлеб, адгарнула ручнічок, якім было накрыта паўбохана, адрэзала лусту і падала Кавалісе. Знахарка адламала скарыначку, пачала жаваць, а мякіш памяла і скачала тры камячкі. Скінула з Зосі кажух, якім была тая накрытая, загаліла сарочку, пачала качаць на Зосіным жываце шарыкі з мякішу і шаптаць малітву.
Карп кінуў на падлогу бярэмя дроў, атрос з рукавоў смецце, распрануўся, сеў. Агатэля падклала ў печ дроў, агонь заіскрыўся і падскочыў, аблізваючы новую здабычу.
Каваліха тым часам дастала з кішэні грамнічную свечку і пасмачку кудзелі, няспешнымі рухамі распрастала, патрымала над запаленай свечкай. Кудзеля задымілася. Знахарка пачала з малітваю акурваць Зосю. Дзяўчына аціхла, больш не стагнала і, здаецца, нават дыхаць стала лягчэй. Калі і гэтае дзейства было скончана, знахарка папрасіла:
— Дай мне, Агатка, вугельчык, калі ласка.
Гаспадыня паднесла бабулі некалькі вугельчыкаў у місачцы. Знахарка ўзяла маленькімі абцугамі вугельчык і з малітваю тройчы праняла яго праз Зосіну сарочку, перахрысцілася сама, тройчы перахрысціла хворую. На гэтым лячэнне скончылася. У аддзяку за працу Агатэля дала старой дзесятак яек, завязаных у палатняную анучку. Тая прыняла падарунак, паабяцала зайсці заўтра і хуценька пайшла з хаты.
Кірыла таксама падняўся, разважліва сказаў:
— Калі Зося да вас прыйшла, дык няхай пабудзе. Куды я яе, хворую, павяду. Я табе, Карпе, адпрацую за гэта.
— Пра што ты кажаш? Мы ж свае, адна сям’я, — адказала Агатэля. — Не хвалюйся, мы Зосю ў крыўду не дамо.
Каця на развітанне доўгім і спачувальным позіркам зірнула на малодшую сястру і пайшла да дзвярэй услед за бацькам з цяжкім пачуццём віны. Ці магла яна падумаць, што тая ранішняя сутычка скончыцца такою бядою? Ці мала яны сварыліся раней, ды не было яшчэ выпадку, каб сястра сыходзіла з дому. Зусім здзічэла ў тым прытулку.
7
Зося хварэла месяц. Доўга трымаўся жар, трэсла ліхаманка. Часам дзяўчына страчвала прытомнасць. Тройчы прыходзіла Каваліха. Выгаворвала хваробу. Нарэшце Зосі палепшала. З самага ранку яна адчула палёгку, захацелася на вуліцу. Накінула на плечы кароткую світку.
— Куды ты? — крыкнула ўслед Гэлька.
— Нікуды. Зараз вярнуся...
Зося, жмурачы вочы ад зыркага сонца, выйшла за весніцы, убачыла, што людзі вяртаюцца па дарозе са Сцяблова з царквы. Здагадалася, што сёння нядзеля. Каб не сустракацца з імі, павярнула да сажалкі, села на беразе, грэлася на сонцы, глядзела ў празрыстую і халодную ваду. Недзе тут, у гэтай чыстай і настылай вадзе, русалкаю жыве яе малодшая сястрычка, можа, чакае яе і кліча, інакш чаму б так цягнула Зосю да вады. «Зараз я прыйду да цябе, і мы будзе заўсёды разам, — вырашыла Зося. — Нам будзе добра разам. Як засумуем, выйдзем з вады, наведаем сваю сядзібу і зноў вернемся назад, каб ніколі больш не сустракацца з гэтым ненавісным Гардзеем, з Кацяю і іншымі людзьмі, якія, напэўна, распускаюць пра мяне розныя брудныя плёткі».