Выбрать главу

У нас няма дзяцей. У нас няма свойскіх жывёлін. Нас з Мірай моцна звязвае гэты “твой-мой” сівы волас, і ён жа рэжа нас да самай косткі.

Мы б рассталіся ўжо даўным-даўно, але мяне ўсё не саджаюць.

Я прыйшоў у Падполле яшчэ ў Інстытуце. Імперыя тады не была ўсюдыіснай і лютай, а Падполле нагадвала хутчэй студэнцкі тэатр. У той час можна было нешта там публічна абмяркоўваць, ладзіць мітынгі, дыскусіі, напаўголасу абурацца. Улада дазваляла нам гуляць у апазіцыю, каб мы былі навідавоку, каб калі што якое – адразу ўсё.

“Што якое” здарылася, калі да ўлады прыйшлі Адданыя Справе Імперыі. І адразу – “ўсё”.

Мы ўжо год як былі знаёмыя з Мірай, і я пачаў вучобу на пятым, апошнім курсе Інстытуту. Тады яшчэ існавалі факультэты, то бок можна было вывучаць нейкі пэўны звод навук і быць не проста Наймудрэйшым, а фізікам, хімікам або настаўнікам. Я меўся зрабіцца настаўнікам ампетыянскай літаратуры. Тады ампетыянская літаратура яшчэ не звялася да танных коміксаў без тэксту і мыльных гукасерыялаў, што бясконца транслююць па радыё.

У тую сераду, на наступны дзень пасля выбараў, у Інстытут прыйшлі ўзброеныя Адданыя – насамперш яны ачапілі будынак, а потым сталі выводзіць нас ва ўнутраны дворык – аўдыторыю за аўдыторыяй, групу за групай. Мая група займалася ў бібліятэцы на шостым паверсе і мы былі апошнія, па каго прыйшлі.

“Вы мусіце тэрмінова пакінуць будынак. Гэта надзвычайная сітуацыя, патрэбная эвакуацыя”,– сувора казалі Адданыя і не жадалі вымавіць нічога больш. Мы спускаліся па сходах, старых, драўляных прасторных сходах, якія памяталі шкаляроў яшчэ пазамінулага стагоддзя, Адданыя ішлі ўніз разам з намі, у сваіх белых камбінезонах падобныя да брыгады эпідэміёлагаў, усе студэнты прыгнечана маўчалі, нехта паспрабаваў пажартаваць, але асекся.

Вокны лесвічнай клеткі выходзілі ва ўнутраны інстытуцкі дворык, там была пляцоўка для ўрачыстых імпрэзаў, а вакол яе раслі густыя яліны. Калі мы былі на ўзроўні другога паверха, з дворыка данесліся першыя стрэлы. Дрэвы асланялі агляд, пачалася паніка, і мы прыпусцілі наверх, змятаючы Адданых, хтосьцi пабег уніз, сталі страляць ужо на сходах, чэргамі і адзінкавымі – часта-густа. За намі ніхто не пагнаўся, але страляніна ўнізе ўзмацнялася. Мы знялі з завесаў дзверы на гарышча і сышлі па дахах.

У той дзень з тысячы чалавек уратаваўся адно тузін. Ва ўсёй Ампетыянскай Імперыі расстралялі студэнтаў, настаўнікаў і святароў. Тых, каму ўдалося выратавацца, не пераследавалі. Нас пакінулі жыць і ведаць.

Што было потым – кожнаму вядома. Што было потым – гэта тое, што ёсць цяпер.

Страшная, запалоханая, брудная краіна, у якой людзі ненавідзяць адно аднаго і саміх сябе. Краіна, якая забылася, што бывае інакш. Краіна, якая ўжо даўно перасекла тую рысу, пасля якой інакш ужо быць не можа. Краіна сівой Міры, краіна расстраляных студэнтаў, краіна з вечна ўключаным распазнавальнікам “свой-чужы”, дзе ты шторазу выяўляешся чужым.

Адданыя Справе Імперыі ўжо даўно нікога не расстрэльваюць, у гэтым няма патрэбы. Страх, зазнаны кожным, хто тут жыве, заняў у людскіх душах нішу, якую даўней займала любоў, людзі сталі баяцца так, як раней любілі. Любасць пацяснілася, а то і зусім зраслася са страхам у адно цэлае.

Чалавек, які любіць страхам і баіцца любоўю, засяляе зараз усю Ампетыянію ад Паўночнага полюса да Паўднёвага акіяна. Лозунгі ўжо нікога не пераканаюць – пераканайкі атрафіраваліся.

Ува мне і такіх, як я, не расстраляных своечасова, любоў і страх пакуль яшчэ жывуць асобна. Жывуць і працуюць – так, на нашых магілах гэтаксама як на доме старога службоўца, можна будзе зрабіць шыльдачку: “Тут жылі і працавалі любоў і страх”.

Любоў і страх – наша Падполле.

Пару гадоў таму нам удалося сабраць перадатчык. Мы схавалі яго ва ўнутраным аздабленні катафалка. Катафалк – мая службовая машына. Велізарны чорны аўтамабіль, цяпер такія ўжо рэдкасць. Нас трое – колішні настаўнік фізікі, цяпер уладальнік пахавальнага бюро, колішні святар, цяпер бальзамоўшчык, і я – колішні амаль настаўнік літаратуры.

У нас няма словаў, якія можна было б сказаць новаму ампетыянскаму чалавеку. Мы і самі сабе не можам сказаць ужо нічога. Але мы запісалі адну стужку, і перадатчык, схаваны ў катафалку, транслюе наш запіс, калі мая чорная машына едзе па вуліцах.

Радыус дзеяння перадатчыка невялікі, але сігнал здольны перакрыць на некаторы час імперскую радыёперадачу ў навакольных дамах.

І Homo Ompetianis, якія сядзяць у сваіх змрочных норах за бутэлькай “Імперскага піўнога”, раптам скаланаюцца, калі замест чарговай серыі гукасерыялу з іх радыёпрыёмнікаў азываецца вантробнае кацінае вуркатанне.