Знікнуць
Несапраўдныя матацыклісты
Пер’ем зачэпяць сапраўднасць
Паўстануць
Прапархнуць
Скончаць
Ты нават не заўважыш
Нічога
Рыжык
Раніцай у чацвер ён прынёс ёй у спальню тэпці і ружу. Проста прынёс тэпці і даўжэзную чырвоную ружу ў зубах, аддана гледзячы ў вочы. Яна пасміхнулася і паляпала яго па галаве.
– Добрай раніцы, любая.
– Добрай раніцы, Рыжык.
Ён сеў на падлогу побач з ложкам і доўга абглядаў яе, з нявінным, чыстым, нейкім дзіцячым выразам захаплення на твары.
Рыжык, любы рыжы Рыжык.
– Сёння нейкі адметны дзень, Рыжык? Прабач, я яшчэ не зусім прачнулася.
– Кожны дзень побач з табой, любая, адметны.
– Ты такі харошы, Рыжык, я так бы цябе і з’ела.
– І ты, дарагая. І я.
Ён лізнуў ейную шчаку. Яна зморшчылася.
– Схадзі пачысці зубы, дарагі.
Потым яны любіліся і ўвесь гэты час на твары яго панаваў выраз захаплення і багомлення.
Яна спазнілася на працу на паўгадзіны.
Увечары ён сустрэў яе на парозе з цюльпанам у зубах і тэпцямі.
– Рыжык, Рыжык, ты такі мілы, – казала яна, а ён усё зіхцеў сваёй бясконцай усмешкай, і вось яна глядзела фільм, а Рыжык усё гэтак жа разглядаў яе, і вось яна выходзіла згатаваць гарбаты на кухню і ён ішоў за ёй.
– Рыжык, Рыжык, хвасток ты мой…
На досвітку яна прачнулася, Рыжык ляжаў у яе ў нагах, скруціўшыся ў клубок і па-шчанюковаму павіскваючы.
Ён усміхаўся ў сне.
У пятніцу яна прыбірала ложак і знайшла жмут іржавай сабачай поўсці. Рыжык вінавата паглядзеў на яе і апусціў галаву. Потым памчаўся ў калідор і вярнуўся ўжо з тэпцямі, уцешна танчачы вакол яе і зазіраючы лісліва ў вочы.
У суботу Рыжык перастаў размаўляць. Дакладней, ён казаў цяпер толькі “я цябе кахаю” і “любая” і “дарагая”, а замест усяго астатняга з рота яго чулася толькі няўцямна-невыразнае скавытанне.
Яна пыласосіла ўжо двойчы, але ўсё адно сабачая поўсць была паўсюль.
У нядзелю яна паехала на рынак і купіла ланцужок, аброжак і сабачы корм.
Увесь дзень яны шпацыравалі ў парку, ён прыносіў ёй палку, круціўся вакол – рыжы закаханы сэтар Рыжык. Сабака, з сумнымі зялёнымі, пакуль яшчэ чалавечымі вачыма.
І з таго дня яны жылі доўга і шчасліва, і толькі трэцяя сусветная вайна і сабачая чумка маглі разлучыць іх.
падали глаза
(З альбому “Себякин грядёт”, 2019)
падали глаза
широко смотрящие
выпученные
такие настоящие
падали глаза
с дурной буйной головы
летели глаза
там где ступням не пройти
падали глаза
как в дурном сне снег
почерневшие
не говорящие
упали глаза
взошли человеками
пугливыми но
непостижимыми
выросли глаза
вместе с человеками
направляли бритву в
почерневшем зеркале
смотрели глаза
на глаза в глазах своих
на глаза в глазах глазов
глазов в глазах своих
глаза
падали глаза
вечно падали глаза
Скрыжаванне
Мы стаім на скрыжаванні, толькі што тут знянацку і безадказна скрыжаваліся нашыя жыцці.
І ты кажаш, паглядзі направа, а я гляджу налева, у мяне гэтак шыя ўладкаваная, што я гляджу заўсёды налева.
Мы стаім на скрыжаванні, мы ёсць неадрэчны двухгаловы сцярвятнік, мы ёсць дзяржаўны герб нашай сустрэчы.
Вось было жыццё і яшчэ адно жыццё, і зрабілася скрыжаванне, зрабіўся прыцэл, зрабіўся крыжык.
І далей мы не пойдзем, далей не паедзем, далей будзем стаяць, агаломшаныя – я буду глядзець налева, а ты направа.
Укрыжаваныя на скрыжаванні нашай з табой сустрэчы.
Зялёны швэдар
У мяне тады быў зялёны швэдар. Я ўвогуле дрэнна памятаю мінулае, але гэты зялёны швэдар і выцяганыя рукавы, тое, як я здымаў яго праз галаву і як наэлектрызаваныя валасы дыбіліся, і пляму ад вішнёвага сочыва, што ніяк не адмываецца, – гэта я памятаю добра. І яшчэ памятаю, як мой кот Кузя пакідаў на ім зацяжкі, і як гэта злавала маму, і як я ўпершыню ў гэтым швэдры слухаў Gloomy Sunday, і была якраз нядзеля, і якраз панурая, і як мая сяброўка потым адмывала гэты швэдар ад крыві і цыравала яго ў нейкім інтэрнаце пасля таго, як нас адлупцавалі ў цэнтры за тое, што мы былі валасатыя і апраналіся не як усе.
Але адкуль ён у мяне тады ўзяўся, я не памятаю. І куды ён потым запраторыўся, я таксама не памятаю.
Я потым убачыў падобны зялёны швэдар, праз шмат гадоў, у Італіі, у Рыміні і, вядома, купіў ва ўсмешлівага афрыканца за нейкія шалёныя еўры. І я сядзеў уначы ў-гэтым-не-гэтым швэдры на пляжы і глядзеў на мора, але не было сочыва і стаяла нейкая субота, умоўна нават добры і паспяховы аўторак, і сяброўка мая даўно выйшла замуж за іншага, і нават ката ў мяне не было. І ніхто мяне больш не хацеў адлупцаваць, і я ўжо пачынаў лысець, і выглядаў як усе.