Выбрать главу

І я распрануўся і пайшоў у мора. І ў моры былі і сяброўка, і сочыва, і нядзеля, і мае даўгія валасы, і мама, і кот Кузя, і процьма ўсяго яшчэ, ужо не памятаю, чаго – я ж дрэнна памятаю мінулае. І я не памятаю, колькі я там плаваў, у тым моры. Можа, сто гадоў, а можа, і тысячу.

Але куды гэты-не-гэты, другі швэдар падзеўся, я памятаю.

Я яго так і пакінуў ляжаць на белым пяску на начным пляжы ў Рыміні.

Свіран

І калі мы так трымаемся за рукі, здавалася б, узнікае перамычка. Усё – у адно.

Але не-не.

Нашы рукі гэта сляпыя краты, што сустрэліся глыбока пад зямлёю. Нашы рукі – гэта дзве спалоханыя мышкі, што сустрэліся нос у нос, калі ўначы гарэў іх велізарны свіран.

Заходзіць сонца.

Гарыць наш велізарны свіран.

І калі мы гэтак глядзім адно аднаму ў вочы, здавалася б, працуюць нашы злучныя пасудзіны. Усё – у адно.

Але не-не.

Нашы позіркі як скрыжаваныя шпагі, як ашчэраныя штыхі. Нашы позіркі – гэта ваўкі, якія стаяць усімі чатырма лапамі ў пастках.

Расцякаецца кроў па снезе.

Заходзіць сонца.

Гарыць наш велізарны свіран

Гарыць наш велізарны свіран.

Па-над папялішчам узыдзе поўня.

Падмануць сябе і промневокіх дзяўчатак са свечкамі

(З вершаў Дзіны Мележ)

Падмануць сябе і промневокіх дзяўчатак са свечкамі

Што з усмешкай чакалі ў вітальні

Занурыцца ў падман як у край ацалення

Як у бамбасховішча

Да канца вайны бляклаю краскай мадзець

У зыбкіх абрысах сноў

Падмануць сябе і промневокіх святлістых

Дзяўчат што з надзеяй чакалі ў вітальні

Хапянуць поўныя грудзі падману

Каб парваўся трыбух ад сытасці

Маною і каб

Упасці на пацёрты дыван ля дзвярэй

І ляжаць на ім да канца жыцця

І потым устаць

Адкрыць дзверы ў вітальню

Там будуць стаяць

Пуставокія мёртвыя старыя

У руках сціскаючы

Агаркі свечак

Чалавек і птушкі

– Я перажыву вас, птушкі, – крычаў ён з даху ў кастрычніцкую цямрэчу, у дождж, у бясстрасныя жураўліныя кліны, якія белым крэслілі неба.

Кожную вясну птушкі прыляталі і птушкамі ж адляталі, кожную вясну ён, чамусьці шторазу з большай палёгкай і радасцю, сустракаў сабой іх і кожную восень сабою ж з большым і большым смуткам праводзіў.

І аднойчы птушкі прыляцелі птушкамі ж. А яго ўжо не было, ён сустрэў іх не сабою.

Жыхары Ампетыяніі кажуць: жыць, як чалавек з птушкамі, гэта значыць жыць па несправядлівасці.

У цёмнае

(З вершаў Дзіны Мележ)

Прадоўжанымі рукамі

У непрадоўжаную тваю доўжу

У недабачанную тваю

Цёмную тваю

Доўжу

Усяведнымі халоднымі рукамі

У твае агні ў твае ночы

Цёмныя твае

Ночы

Панібрацкімі світанкавымі усміхнёнёмі рукамі

У твае святліцы твае цвердзі

Дзіўныя даўнія непрыступныя цвердзі

Цёмныя твае

Цвердзі

Цягнуся

Да выключальніка

Каб

Уключыць

Нас

Выпрабаванне

Ужо невядомыя караблі застываюць пасярод лагуны, але мы надта позна разумеем, што ўсе яны – “Лятучыя галандцы”. Разумеем, апынуўшыся ўжо далёка ад берага, гэтак далёка боўтаючыся ў вадзе, дзе ўсё рухі – з вадкага шкла, празрыстай патакі, мы хочам аддаліць той момант, калі з палубы нам усміхнуцца шкілеты і ўпадуць у ваду вянкі. Чаканне і штыль, гурбы часоў і кіламетры бяздзейнасці, літры лагодных цягліц, што мараць аб напрузе.

Дык няхай жа памчыцца па-над гэтай воднай роўняддзю падзея, здольная працяць нас да самага дна зрэнак, каб засмылелі плечы, рукі размахнуліся, увабраліся вусны і задыхалі мазгі, а мы, кінуўшыся да люстэркаў, сябе там не заспелі.

І панеслася па ўхабе, ды так, што ты ўжо і не памятаеш сябе. І напаўжывыя ўцекачы-думкі хворым крывяхаркалым натоўпам увальваюцца ў вітальню твайго розуму, за панібрата цалуючы і абдымаючы цябе ўсё і адразу. Выпацканымі сценкі зацвэганымі целагрэйкамі, яны ўвойдуць і ў гасцёўню. Вечар навылёт яны будуць здзіўляць цябе сваімі прамовамі і калі яны стануць развітвацца, тыкаючы, шморгаючы носам і смаркаючыся ў вопратку, што вісела ў вітальні, ты расчулішся і скажаш:

– Трасца, а чаму б і не?

А яны неяк адразу знікнуць, як не было іх. І ты падумаеш, што Хтосьці Хітры, мабыць, зноў пасмяяўся з цябе. Ты вернешся ў гасцёўню і будзеш чапаць кубкі, з якіх яны пілі, абмацваць крэслы, на якіх яны сядзелі, і казаць сабе:

– Не, яны ж былі! Сапраўдныя, сумленныя, самі!

І Хтосьці Хітры скажа:

– Яно, можа і так, але ж ты сам…

І ты зразумееш, што гэта ні што іншае, як яшчэ адно выпрабаванне.