Цяпер жа, пасяліўшыся ля самога яго падножжа, я пачуваўся вельмі незвычайна. Гэта было нават не тое адчуванне, якое часам узнікае, калі апынаешся побач з гіганцкім вадаспадам, гарой, манументам – адчуванне ўласнай нязначнасці і глыбокай павагі перад велічнай структурай. Глядзець на корпус Інстытута, што шарэў у вераснёўскай непагадзі, было ўсё роўна як разглядаць зблізку смерч – за секунды захаплення можна заплаціць цэлым жыццём. Я чытаў недзе пра від жаб, што селіцца ў тарантулавай нары і жыве з павуком у дзіўным сімбіёзе – той абараняе жабу ад пагроз, а жаба знішчае дробных інсектаў, якія могуць чыніць шкоду кладцы павучыхі.
Дык вось, я быў менавіта такой жабай-навасёлам і, лыкаючы каву, разглядаў свайго тарантула, асвойваючыся ў новым становішчы.
Трэба сказаць, што з вуліцы Бляклай я з’ехаў спехам, і да гэтага спрычынілася нязначнае для іншых, але жахлівае для мяне здарэнне.
Рэч у тым, што я заўжды панічна баяўся пэўнага саматычнага тыпу людзей. Людзі наагул жудасна падобныя адно да аднаго, і калі жывеш дастаткова доўга, пачынаеш адрозніваць і заўважаць гэтыя розныя тыпы, каталагізаваць іх. Вось, скажам, сінявокія кірпатыя бландыны з кароткай верхняй губой і буйнымі пярэднімі зубамі, з іх усясветнай любоўю ў гэтых самых сініх вачах – я пабачыў такіх шмат у розных краінах і гарадах, і заўсёды была гэтая неадменная кірпатасць і бялявасць, і вочы іх глядзелі з выразам усясветнай любові на ўсё запар – ад порцыі шакаладнага марозіва да асуджанага на смерць злачынца і лужыны ванітаў на асфальце. Або рабаціністыя людзі-карпы з кароткім, амаль няісным падбароддзем і драбнюткім заўсёды вільготным чырвоным ратком. Або людзі-анёлы з вялікімі сінімі вачыма і нібыта ўзятымі з візантыйскага абраза абліччамі. Яны былі быццам сямейнікамі ў вялізнай сям’і, хоць і не ведалі адно аднаго і не былі ніяк звязаныя.
Такіх тыпажоў за сваё жыццё я навызначаў для сябе сотні, але заўсёды хутчэй інтуітыўна, я нават не спрабаваў сур’ёзна да гэтага падыходзіць; здавалася, што калі я пачну, то гэта стане першым крокам да беззваротнай вар’яцтва. Мне так і бачылася, як я з растрапанымі валасамі ў расхрыстаным хатнім халаце сяджу за пісьмовым сталом з вытарашчанымі вачыма і занатоўваю ў грувасткі сшытак-гросбух: “Тып нумар чатыры тысячы дваццаць пяць, падклас нумар семдзесят два, падгрупа сто восем", – і вакол мяне спісаныя дробным почыркам іншыя сшыткі – усюды, спрэс, яны займаюць усё сваё жытло, і ўсё маё жыццё, і я гібею ў тым пакоі, і потым мяне забіраюць у дом для вар’ятаў. Не, я хоць і адзначаў пра сябе існаванне шматлікіх відаў, але не сістэматызаваў і не называў іх, за выняткам, мабыць, самых любімых і нялюбых.
Мае першыя пяць жонак былі падобныя адна да адной як пяць кропель вады. Мой найлепшы сябар патануў падчас школьнага паходу, але мой наступны найлепшы сябар быў ягонай копіяй. Я ўсміхаўся незнаёмкам і незнаёмцам на вуліцы, калі яны былі падобныя да маіх асноўных любімых тыпаў. Я называў іх на сваёй унутранай мове іва, свама і свома. Гэтыя словы не мелі абсалютна ніякага значэння, але гучалі для мяне менавіта так, як гэтыя людзі выглядалі. Свамы і свомы і яшчэ івы. Гэта былі мае самыя любімыя тыпы.
Былі, аднак, і нялюбыя. Я не стану пералічваць і апісваць іх і зноўку ў сваёй памяці, цярэбіцца праз нетры гідлівасці, агіды і метафізічнага адпрэчвання. Я апішу толькі адзін з іх, самы жудасны і, на шчасце, не пашыраны сярод людзей. На сваёй уласнай мове я называў гэты тып крогх. Яны не былі выродлівыя, хутчэй, наадварот, у іх была д’ябальская хваравітая прывабнасць. Высокія густыя бровы, тонкі доўгі нос і кплівыя вусны разам з дапытлівым, пранізлівым позіркам вылучалі крогхаў з натоўпу. Варта было крогху ў мужчынскай або жаночай іпастасі сустрэцца са мной позіркам, як знянацку падавалася, што мы знаёмыя цэлую вечнасць, і хацелася даверыцца крогху, і пайсці за крогхам на край свету, як за богам, як за сонцам. Позірк крогха прымушаў мяне сумнявацца ў маёй чалавечнасці, я сам сабе здаваўся звяглівым генетычным непаразуменнем, хацелася проста расплакацца і памерці. І не важна, ці быў крогх усяго школьнай прыбіральніцай або дырэктарам уліковага аддзелу, крогхі сустракаліся ўсякіх сацыяльных статусаў, і важным у іх было тое, што яны заўсёды былі крогхамі. Яны паўставалі найдасканалейшым каталізатарам маіх жахаў, сумневаў у маёй моцы, у мэтазгоднасці жыцця. Я пазбягаў іх як мог, і як я ўжо згадваў, хоць яны сустракаліся не так каб часта, кожная сустрэча з імі была памятная і фатальная, што падточвала маю і без таго хісткую душэўную раўнавагу.