У апошнія пару месяцаў я вельмі дрэнна меўся – перабываў у глыбокім запоі і амаль што не спаў, я баяўся арышту, як ніколі раней, і калаціўся ад страху. У траўні за ўдзел у Супраціве арыштавалі цётку Міру і яе мужа, там была нейкая няўцямная гісторыя з цёткамірыным катафалкам – гэты аўтамабіль быў таямнічым чынам задзейнічаны ў акце супраціву, як напісалі ў газеце, і, паводле чутак, іх расстралялі, кватэру апячаталі, а ў горадзе кожны ведаў, што калі зачапіла кагосьці з тваёй сям’і, то раней ці пазней возьмуцца і за цябе. У чэрвені мы развіталіся з сястрой – яна вымудравала сабе камандзіровачны пропуск з горада і надумала ўцячы да Памежнай зоны, далей ад небяспекі, а я застаўся ў апусцелай кватэры на Бляклай, едучы з глузду ад чакання арышту. Мяне звольнілі з уліковага бюро, і я не асабліва пераймаўся пошукам новай працы, упэўнены, што мяне неўзабаве прымуць. Сякія-такія ашчаджэнні дазвалялі мне не памерці з голаду і папаўняць запасы “Імперскага каньячнага”, я амаль не выходзіў з дому. Адзінай уцехай былі кароткія сустрэчы на лесвічнай пляцоўцы з маёй суседкай з адзіннацатай кватэры, я нават не ведаў ейнага імані, але яна была слаўнай мілай івай, і аднаго мімалётнага вітання ставала, каб не засіліцца, каб напярэдадні арышту дажываць свае п’янкія дні ў цёмнай кватэры на Бляклай.
У жніўні іва знікла. Спачатку я не надаў гэтаму значэння – ці мала але вечарамі ў вокнах адзінаццатай кватэры заставалася цёмна, і ніхто больш не вітаў мяне чарадзейным гаючым кіўком харашмянай галоўкі на сходах ля параднага пакою. Мой і без таго незайздросны стан пагоршыўся, і ўсё часцей я проста валяўся нямогла ў пакоі, бязгучна скуголячы ў пажоўклыя падушкі. Я пачаў баяцца ўласнага ценю, маё п’янства выціскала мяне, нібы пасту з цюбіка – з лёгка зразумелага ўпарадкаванага паўпекла ў бясконцае і нязнанае пекліца. Мне не хапала адвагі забіць сябе, але я і не ведаў, як мне жыць далей – куды, у які бок, таму жыў па інерцыі, пакрысе руйнуючы сябе і дзівячыся з штодня як жа доўга цягнецца ўжо гэтае самаразбурэнне, наколькі эластычная пальчатка маёй асобы на кулаку энтрапіі, які што хвіліны большае.
Аднойчы раніцай на лесвічнай пляцоўцы зрабілася шумна – там грукалася аб сценкі нешта вуглаватае, там шаргацела і рыпала, і зрэдчас чуваць было здушаную лаянку. Я прытуліўся да дзвярнога вочка і ўбачыў грузчыкаў, якія зацягць па вузкім пралёце масіўнае старасвецкае піяніна. Новы жыхар! Увечары ў вокнах адзінаццатай кватэры запалала святло. Мне адразу стала неяк цяплей на душы, падумалася, можа мая іва вярнулася, а можа і не мая, але можа прынамсі якая іншая. У той вечар я заснуў з усмешкай на твары, п’яны ўшчэнт, проста ў фатэлі.
Уначы я прачнуўся, таму што піяніна зайграла. Гралі нягучна, але ў начной цішыні дзіўная, нервовая манера гры разам з трывожнай гармоніяй-спатыкачом гучала ў моц сваёй незвычайнасці проста аглушальна. Музыка быццам забывала, што яна музыка, і рабілася паволі тлеючай танальнасцю вар’яцтва, голкай пад пазногцем, пакутлівым катаваннем, што папікае, сарамаціць, агаляе нешта няўлоўна мярзотнае, непрыстойнае, і, калі музыка зноў рабілася музыкай, і шатанскае сугучча змяняў аднастайны саладжава-абрыдлівы матыў, я разумеў, што гэтым мярзотным і непрыстойным быў менавіта я, і мною апаноўваў пякучы сорам. Гэтая музыка была падобная да бесперапыннай серыі бязлітасных поўх, нібы прыцэл, нібы дырыгуючы ерыхонскімі апошнімі нотамі паказнік; яна нібыта зрабілася выкананнем нейкага інфернальнага вердыкту, а я сядзеў у фатэлі, працверазелы і да смерці спалоханы, не ў змозе паварушыцца – нават калі музыка спынілася. Я ачуняў толькі апоўдні – натомлены, змардаваны, сам не свой ад жаху. Дома заставалася яшчэ дзве пляшкі “Імперскага каньячнага”, я асушыў адну з іх за колькі хвілін, і тутсама адышоўся ад памяці.
Уначы я прачнуўся, таму што зайграла піяніна. Другая пляшка “Імперскага каньячнага” стала бездакорным наркозам.
І наступнай ноччу я прачнуўся, таму што зайграла піяніна. У мяне не было больш змогі гэта трываць, не засталося “Імперскага каньячнага”, каб проста выключыцца, і ў адчайным паўтрызненні я вырашыў пайсці ў 11-ю кватэру і зрабіць хоць нешта. Я ўстаў з фатэля, і музыка тут жа спынілася. Вось жа чартаўня! Хістаючыся ад млявасці, я ўсё ж адважыўся пайсці і разабрацца з навалай. На прыступках я ўсвядоміў, што паняцця не маю, што мне сказаць, як растлумачыць, бо музыка была сапраўды вельмі ціхая і, у прынцыпе, прычын наракаць не было; калі я апынуўся каля цыратавых дзвярэй з двума пазалочанымі адзінкамі, я знову запанікаваў, аднак выракаць сябе на далейшыя пакуты я не мог проста фізічна, таму націснуў на пімпку электрычнага званка.