Выбрать главу

За дзвярыма пачуўся прыглушаны пластмасавы пераліў, хтосьці гучна зарагатаў, разбілася шкляное, пачуліся крокі, у дзвярах павярнуўся ключ, пакацілася ўпушчанае шкляное, бразнула жалезнае, хтосьці знову зарагатаў і дзверы нарэшце адчыніліся.

Калі вы хоць раз бачылі ў жыцці па-сапраўднаму мацёрую звяругу – усё роўна котку або землярыйку, страхавога агента або лася – вам, хутчэй за ўсё, знаёмае адчуванне прысутнасці жывой істоты на максімальным узроўні свайго выжывальнага развіцця.

Менавіта такі мацёры крогх адчыніў мне дзверы. Гэта быў немалады мужчына з сівізной, убачыўшы мяне, ён усміхнуўся і хацеў быў нешта сказаць, як знянацку я ня вытрымаў і даў дзерака. Такой моцнай панічнай атакі ў мяне даўно ўжо не было, праз нервовае знясіленне, бессань і параною я зусім перастаў разважаць цвяроза. Страх гнаў мяне прэч, я ўварваўся ў сваю кватэру, прыхапкам сабраў самае неабходнае і выбег з дому.

Да раніцы я піў у прывакзальным бары, потым пайшоў да рэчкі ўшчэнт п’яны, загнаны; мне падавалася, што трэба проста ўвайсці ў рэчку і паплысці, і ўся гэтая чортава калатнеча знікне і я разам з ёю.

У самой набярэжнай на слупе я ўбачыў напісаную ад рукі абвестку – арэнда пакою. Я ўмыўся рачной вадою, учасаўся, пералічыў рэшту грошай і пайшоў па адрасе ў абвестцы. Так я пасяліўся на вуліцы Чорнай.

З цягам часу я прыходзіў у сябе і вывучаў новы раён – я палюбіў набярэжную рэчкі і тутэйшыя вулічныя крамкі. Планаў на будучыню ў мяне не было, я жыў, не задумваючыся; балазе маіх ашчаджэнняў ставала на тое, каб забяспечваць каторы час гультаяванне. Я піў “Імперскае чырвонае” ў кавярні “Пад праўдай” і днямі навылёт назіраў за разгараннем восеньскага пажару. Адзіным чалавекам, з якім я дачыняўся ў гэтыя лагодныя ціхамірныя дні, была гаспадыня кавярні. Яе клікалі Нона, ёй было крыху за сорак. Яна рана заўдавела і часцяком перабывала ў змрочным настроі, але была ўсё ж кабетай сардэчнай і мела да мяне прыязнасць. Яна не задавала збыткоўных пытанняў пра маё мінулае, пры сустрэчы заўжды пачынала размову як бы з сярэдзіны думкі, і я ўслухоўваўся ў струмень ейных словаў, пакуль мы не пачыналі плыць разам у адным кірунку. Гэта была жанчына-рэчка, якая жыла на беразе рэчкі, а я ішоў за вадой.

Наладзіўшы свой няхітры новы побыт, я трохі акрыяў. Нона знайшла мне заробак – пераклады з ампетыянскай на фразійскую, у гэтай справе я зубы з’еў, і перада мной замільгалі агні будучыні. Чаму б і не жыць так, на беразе рэчкі, на беразе жанчыны, нетаропка працуючы, непрыкметна існуючы? Чаму б не пачаць абжываць свой жыццёвы тупік замест таго, каб біцца галавой аб яго сценкі? Зрабіцца жабай, што самавіта жыве ў нары тарантула.

Я стаў умеркавана піць і купіў сабе сякія-такія строі наўзамен зношаным штанам і сурдуту. Я стараўся не пакідаць раёну набярэжнай, ладзячы сваё жыццё такім чынам, каб не было падставы выходзіць за межы павучынай нары. Мае стасункі з Нонай рабіліся штораз бліжэйшыя, мы абодва адчувалі гэтую сувязь і моцна цешыліся ёю, не дазваляючы, тым не менш, нашым адносінам перарасці ў нешта большае, рамантычнае. У кавярні “Пад праўдай” я цяпер бавіў усе свае дні, перакладаючы тэксты, за абедам і вячэрай, пераглядваючыся і гутарачы з Нонай. Зрэшты, часцяком гэта цяжка было назваць гутаркамі, гэта было хутчэй саўдзел у маналогах Нонны, часам маўклівы, часам шматслоўны. Я любіў гэтыя яе маналогі – яны, хоць і прамаўляліся ўголас, я быў упэўнены не былі прызначаныя для мяне, Нона вяла гутарку сама з сабой, з жыццём, а я быў гэтаму толькі сведкам.

Неяк у нядзелю папаўдні, у апошні дзень кастрычніка, я ўварваўся ў кавярню “Пад праўдай” з купай перакладзеных папер пад пахай і абярэмкам сакавітых груш для Ноны. У кавярні быў усяго адзін наведнік, сумны дзядок, ён сядзеў за далёкім столікам ля сценкі, уткнуўшыся носам у шклянку з “Імперскім гарэлкавым”. Нона стаяла ля акна, суворая і дзіўная. Звычайна яна б павіталася са мною і ўсміхнулася і, напэўна, падпусціла б жарцік наконт майго ўзбуранага выгляду, але ў той момант яна быццам не заўважала мяне, адно засяроджана пазірала ў акно, склаўшы рукі за спінай.

І тут яна загаварыла. Павольна, выразна, разгойдваючыся з боку ў бок:

– У горада пыса ў крыві. Чырвоныя, колюча-рубячыя клёны на сэрца, цэлая калода дам чырваў у стракатай цыганкі, усе мінакі – паспешлівымі ратаўнікамі кагосьці медсёстрамі і медбратамі, восень ліецца па канавах густым чырвоным заходам, чарнеючай крывёю, уцякае ад шахцёраў нафтай.

І бар не цешыць, і тампанады любовяў не спыняюць восень, у горада пыса ў крыві, напляваць, верасень у горадзе, ці кастрычнік, ці лістапад, горад падхапіў восень і цяпер будзе толькі ўсё горш. Усе чырваней.