Выбрать главу

Я гляджу ў акно.

Нарэшце восень і ўнутры, і звонку.

І цэлая талля дам чырваў.

Раптам яна быццам прачнулася, здрыганулася, утаропіўшы ў мяне сваім спустошаным позіркам і чужым, зрывістым голасам спытала;

– Ну што, згуляем парцейку?

І ў той жа самы момант дзядок за далёкім столікам з грукатам адкінуў крэсла, ускочыў і пачаў спяваць брынклівым старэчым голасам тую самую нездаровую нядобрую музыку з адзінаццатай кватэры, на здзіўленне дакладна трымаючыся нотаў.

Я павярнуўся на Нону і сшэрх ад жаху. У яе мілых, сяброўскіх, знаёмых рысах нешта знянацку пстрыкнула, змяняючы яе ўсю. Хруснулі косткі, пырснула кроў з носу на васільковай сукенцы і вось – перада мной стаяў крогх, самы страшны і мацёры, што я калі бачыў.

Я ўваткнуў у яго нож, які трапіўся пад руку. Я рабіў гэта зноў і зноў, пакуль мне не заламалі рукі і не павалілі на зямлю.

Тарантул схапіў жабу.

Мне далі пажыццёвае зняволенне. Гэта не так страшна, як вам здаецца. Калі падумаць, то вам усім таксама далі пажыццёвае. Гэта дасканалае глупства.

Страшней за гэта зацемка, якую я даўно выразаў з газеты “Імперская Праўда”, што дастаўляюць да нас у турму – гэты кавалак паперы ўжо зусім пажаўцеў і абцёрхаўся, але на ім яшчэ можна прачытаць пару сказаў з падводкі:

“Аперацыя «Крогх» завершаная, вораг дзяржавы арыштаваны. Псіх-оперы ўсё больш паспяхова ловяць ворагаў народа на жыўца”.

29.Х.37

наадрэз

памаліліся

навыперадкі

паверылі

наводмаш

перахрысціліся

– целься!

назаўжды

– пли!

зразумелі

пад сцяну

упалі

не сабой

упалі

шчаслівымі

Па траекторыі пчалы

Аб чым будуць дажынкі апошняга дыктатара,

ці жоўты ліст зазеляніцца зноў?

Ці ўсміхнецца невясёлая вясёлка?

Як доўга велізарны і дзівосны вол яшчэ

стрымае ў грудзях стогадовы ўдых?

І, назіраючы з глыбінь, як на паверхні

на водных лыжах ездзіць тут і там

Афелія ў зіхоткім брыльянтавым бікіні,

як доўга вол яшчэ не паплыве, каб

выкрасці Афелію, стаць богам, стаць

быком?

Як? Колькі? І навошта? І калі?

І горбіцца, брыняе мой пытальнік.

Ён корань каранёў, кароль без кораня і корань без кароны.

Але ў красавіку ён разарве асфальты ўсіх

шляхоў.

Тады нарэшце я пайду па траекторыі

пчалы.

Дзень тужлівых сабак

(у суаўтарстве з Аляксеем Авекавым)

Лізнула дахі не распаленае яшчэ малінавае сонца – раз, другі, трэці. Злізала цёмную, верхавіну дома, што забавілася ў ночы. На трэцім нехлямяжым, але ўжо цалкам ранішнім паверсе Бешачка і Пафнуцік прачынаюцца на посцілцы ў вітальні. Балонкі кладуць галовы на лапы і застаюцца ляжаць, чуйна, узбурана. Алена Рычардаўна на кухні, зноў па старасці сваёй падумала, што будні дзень, гатуе сасіскі і каву. Алена Рычардаўна не зветрыць нават сённяшні дзень, чаго ўжо казаць пра заўтрашні! Зараз, як зазвычай, схамянецца і закрычыць у вітальню: “Бешачка, Пафнуцік! А што ў мяне ёсць для пупікаў! Гайда, хадзіце сюды!” Але Бешачка і Пафнуцік не спяшаюцца да альцгеймеравых ружовых сасісак. Яны ляжаць – бы сфінксы, балонкі-аракулы. Блыхі, коткі, косткі, лівер і вяндліна – усё марная марнасць. Блішчаць вочы, сухія насы, сабакам не да кілбас.

Дзесьці ў глухой вёсачцы бязродны кудлаты сабака Палкан наструньвае вушы, пачуўшы рыпенне дзвярэй і, бразгаючы ланцугом, выпаўзае з будкі. Усё як заўжды, гаспадыня спяшаецца на ранішнюю дойку, бразгаючы вёдрамі, ад яе тхне сном, малаком, просам і чаканнем кармёжкі. Але нешта не так, адчувае Палкан, ветрачы – нейкі пах, незразумелы, чужынскі, заўтрашні, мяшаецца са звыклымі і роднымі, і вось здаровы сон ператвараецца ў жахлівы, і малако скісае, і проса пакрываецца цвіллю, і ад чакання кармёжкі застаецца ўстойлівы востры пах голаду. І ён не вытрымлівае, ён падымае сваю пысу да сонца, што радзіцца ў апошні раз і ад якога больш не пахне будучыняй і скуголіць, так, як не скуголіў ніколі, і скуголенне гэтае, падхопленае суседскімі сабакамі, нясецца рэквіемам па-над вёскай.

– У-у-у, дурань кляты! – гаспадыня, што здрыганулася ад неспадзеўкі, на хаду паддае сабаку мыском бота, і спяшаецца далей – яшчэ ж столькі справаў трэба парабіць, столькі ўсяго паспець у гэтым жыцці!

І, пакуль яна не схаваецца за веснічкі, сшэрхлы Палкан праводзіць яе позіркам, і па яго шырокай, пакрытай шнарамі пысе коцяцца слёзы роспачы.