Я Альбертаўну добра ведала, нават узяла паплакала. А была цыбулька яшчэ ссохлая, Машачка з трэцяй кватэры занесла зялёнай, харошая дзяўчынка, заўжды паздароўкаецца, спытае, пастукае ў дзверы, малайчына, і Сярожа ейны майстар на бітумным. Так дай думаю з цыбулькай пасмажу, каб не прападала, ну нічога, што чорныя, смачныя, жаўток жоўты, не тое што з хіміяй. Ўбіла два на патэльню, цыбулька, але такія яны апецітныя, ай, думаю, яшчэ адно адразу. Хлебам з талеркі выцерла, чую пахне дымам, нешта гарыць, я сюды, я туды – у пад’ездзе дым, акно адкрыла, пажарныя пёрыехалі, міліцыя, хуткая. Я ў акно гляджу – траіх выносяць – Машачку з трэцяй, мужа яе Сяргея і сыночка яшчэ толькі ў школу пайшоў, Божачкі мае, учадзелі ў кватэры, задымілася нешта.
Тры дні не спалася потым, што ж гэта робіцца, нядобра мне было, ціск скакаў усё, ну ўзрост, страшна сказаць. Капусту даела, поснае таксама мяса варанае было, што з булёна засталося. Потым прыгатавала амлет, з пяці яек, каб таксама на вечар, мука таксама канчаецца, трэба будзе ісці. А там радыё гучна ўнізе, ці то ў гэтых новых з першай, ці то ў Надзькі-п’янтосіхі з другой, бяда-гора! І цэлы дзень радыё на ўсе застаўкі. Я сабралася, тэпці насунула, схаджу ўніз, а гэта не ў Надзькі, а ў новых, цісну званок, тут і Надзька выйшла, кажа капец як гучна, стук-стук у дзверы – не адмыкаюць. Надзька хоп, – а там адчынена, зайшлі, клічам, а Надзька наперадзе ішла, крычыць мне стаяць, не ісці, я з разбегу зазірнула ў залу – ажно мне сэрца схапіла – Божухна, кроў паўсюль. А там гэтыя новыя грузіны, ці хто яны там, бізнесмены ўсе зарэзаныя. Ну міліцыя зноў у наш пад’езд, мне ўсё перад вачыма ад перажыванняў круціцца, ляжала да аўторка не ўставала, Надзька хоць п’янтосіха, наведвала, дапамагла мне, малайчына якая. Ужо потым палягчэла, так кажу, вазьмі сабе вось на бутэльку і яйкі мне пакінь, адно сабе астатнія бяры, добрыя, не глядзі-тко, што чорныя.
І зрання шум-гам унізе, вох, думаю, ну не зноў жа, што ж гэта звалілася на наш падъезд, нейкі злы кон, мігцелкі чуваць, ледзь усталася, абглядзелася – а як жа, пад нашым пад’ездам гармідар – і журналісты, і міліцыя, і хуткая. Да мяне пастукалі, малады такі міліцыянерык, ветлівы, не чула ці чаго ноччу падазронага, я кажу, жах з нашым домам нейкі адбываецца, як Альбертаўна памёрла, так усё паміраюць. Міліцыянерык кажа, напэўна, таму што год высакосны, а я не чула нічога, ён кажа, вы не хвалюйцеся, Надзька, маўляў, з алкашнёй гэтай сваёй пілі-выпівалі, палаяліся відаць і таксама давай нажамі махаць, паклалі адзін аднаго ад ран на месцы, а Надзька засілілася, высакосны год, тры нябожчыкі, Божухна!
Я ў краму не пайшла, яшчэ вось з слоіка была кансерва, з макаронамі пад’ела. За спачын Надзьчын выпіла ў пляшачцы яшчэ на донцы, усё ж таксама чалавек, прыбірацца ўжо змогі няма, яйка яшчэ ўсмажыла апошняе. Села на кухні і памерла, ніяк ужо не ўстану ад стала, ці то дзень, ці то раніца ўжо мне праз старасць ці праз смерць незразумела. Думаю, смешна як, што памерла, і так сяджу цяпер над патэльняй і не ўстаецца ніяк. Мне ж нічога там і не засталося.
Толькі яблыня чорная за акном.
ніколі
(З альбому “Будет не будет”, 2018)
чалавеканеба
кілават кахання
мілілітры шчасця
грамы пажадання
хата небагата
гегель ды бетховен
сыр ды ркацытэлі
мышы – у падполлі
танцы – у пасцелі
шчасце – у іксэлі
ўсходы ды заходы
прынцы фларызэлі
шэрыя вясёлкі
чорныя квадраты
фэншуй у цямніцы
будзем весяліцца
і гэты крыж не будзе пусты ніколі
Метрамартоіды
І гэтак, добраахвотна і нязграбна, мы тупаем уніз па эскалатары, і між жоўтымі цьмянымі плафонамі нараджаюцца і паміраюць нашыя цені, з барэльефаў на сценках на нас глядзяць гранітныя жрыцы-даяркі і суворыя героі прамінулых крывавых бойняў, яны ўжо па іншы бок каменю, але ўсё яшчэ дужыя, і гэта зачароўвае, аднак мы не затрымліваемся, нам трэба да алтара, мы спяшаемся паспець да імшы – нашай самае – у самым нізе катакомбаў.
Там усё і здараецца, там усё і бывае
Мы анігадкі пра існаванне адно аднаго там, наверсе, толькі ўнізе, толькі на дне, толькі на краі платформы, калі вагоны пралятаюць паўз нас – толькі ў тое імгненне. Тут, на платформе, у сэрцы нашай бажніцы, мы тут жа пазнаем адно аднаго ў натоўпе неўтаямнічаных выпадковых, бліскавічна, беспамылкова, не па хадзе, не ў твар, не па паху, а па веры, нэндзе й надзеі. Не кожны з нас разумее, каго ён толькі што пазнаў, якой крыві ён належыць, і хто ягоны брат, і хто сястра – не ў Хрысце, а ў расхрыстанасці, не на крыжы, а на кальцавой лініі. Мінае цягнік, а з ім імша, мы хутка разыходзімся, мы чальцы падполля і мы не знаёмыя па-за бажніцай.