Выбрать главу

О Руская зямля, ты ўжо за рубеж перасягнула!

Вось ветры, Стрыбожыя ўнукі, павеялі стрэламі з мора на храбрае войска Ігарава. Дудніць зямля; рэкі мутна цякуць; порась поле пакрывае; сцягі гамоняць.

Ідуць полаўцы ад Дона і ад мора, і ад усіх старон рускае войска абступілі. Дзеці нячысцікавы клікам поле перагарадзілі, а русіны храбрыя загарадзілі яго шчытамі чырвонымі.

Яр-тур Усеваладзе! Стаіш у барацьбе й засыпаеш ты вояў варожых стрэламі, грыміш ты аб шоламы мячамі сталёвымі. Дзе толькі даскочыш, сваім залатым, тур, свецячы шоламам, ляжаць там паганыя галовы палавецкія. Пашчапаны гартоўнымі шаблямі й шоламы аварскія ад цябе, яр-тур Усеваладзе!

Якая цана ранам, брацця, таму, хто забыўся пачоту, й жыцця, й Чарнігава-горада, за-быўся на бацькаўскі стол-пасад залаты, на сваю мілую пяшчоту, ясную Глебаўну, на звычай і абычай!

IV

Былі векі Траянавы, прамінуліся леты Яраслаўля. Былі паходы Алегавы, Алега Святаслаўліча: той бо Алег мечам разруху каваў і стрэлы сеяў па зямлі. Ступае са звонам у стрэмя злачонае ў горадзе Тмутаракані, той звон даўны чуе вялікі Яраслаўлін сын Усевалад, а Уладзімір кожну раніцу затыкаў вушы ў Чарнігаве. Барыса ж Вячаслаўліча нядобрая слава на суд прывяла на апошні і ў зялёным зацінні каяльным божую пасцель паслала за крыўду Алегаву, маладога і храбрага князя. 3 таей жа Каял-ракі Яраполк палялеяу між угорскімі інаходамі бацьку свайго да Сафіі святое да Кіева.

Тады пры Алегу Гарыслаўлічу рассяваліся й раслі міжусобіцы. Гібнула жыцце Дажджбожага ўнука; у калатнінах князевых людзі свой век скарачалі.

Тады на Рускай зямлі рэдка пяяў аратай, але вараннё пакрумквала часта, дзелячы труп'ё між сабою, а галіцы гоман заводзілі свой, на ежу ляцеці збіраючыся.

Было гэта ў бітвы і ў тыя паходы, а гэтакіх бітваў і слухам не чулі!

V

Ад рання да вечара, ад вечара да світу лятуць стрэлы гартоўныя, грымяць шаблі аб шоламы, трашчаць дзіды сталёвыя ў полі незнаёмым, сярод зямлі Палавецкае. Чорная зямля пад капытамі касцьмі была пасеяна, а крывёю палітая, — туга абышла па Рускай зямлі.

Што там шуміць? Што там звініць далёка рана перад зарою?

Ігар палкі заварочвае: жаль бо яму міла брата Усевалада.

Біліся дзень, біліся другі, трэцяга дня к палудню рухнулі сцягі Ігаравы. Тут два браты разлучыліся на беразе быстрай Каялы. Тут віна крывавага не хапіла, тут баль дакончылі храбрыя русіны: сватоў напаілі, а самі паляглі за Рускую зямлю.

Нікне трава ад жаласці, а дзерава пад тугою к зямлі прыхілілася.

VI

Ужо вось, брацця, невясёлая гадзіна наступіла, ужо пустыня сілу прыкрыла.

Крыўда паўстала ў сілах Дажджбожага ўнука, дзевай узышла на зямлю Траянаву, успляснула крыллем лябяжым на сінім моры, а, плюскаючы ў Доне, спудзіла часіны шчаслівыя.

Князевы міжусобіцы — згуба для нас ад паганых. Казаць стаў брат брату: «гэта маё і тое ж маё!» I пачалі князі аб малым «гэта вялікае» казаці і самі на сябе загубства каваці. А паганцы з усіх старон набягалі з перамогай на Рускую зямлю.

О! далёка сокал заляцеў, птушак збіваючы, — к мору!

А Ігараву храбраму войску не ўваскроснуці. Па ім загаласіла Карына, і Жэля паняслася па Рускай зямлі, наводзячы смагу людзям у полымі рогу. Заплакалі жоны рускія, галосячы:

«Ужо нам сваіх мужоў мілых ні мысляй памысліць, ні думай падумаць, ні вочмі сваймі азіраці, а золата й срэбра таго й пагатове не бачыць ніколі!»

I застагнаў жа, брацця, Кіеў тугою, а Чарнігаў напасцямі! Нуда разлілася па Рускай зямлі; няўцешная жальба пацякла сярод Рускай зямлі. А князі сабе самі праступства кавалі; а паганыя самі адны, з перамогамі наваліўшыся на Рускую зямлю, дань вымагалі па белцы з двара.

Тыя бо два храбрыя Святаслаўлічы, Ігар і Усевалад, ужо няпраўду збудзілі, якую тут прыспаў быў іх бацька, Святаслаў грозны, вялікі кіеўскі. Быў ён гразою: верх браў сваім войскам магутным і мячамі сталёвымі. Наступіўшы на зямлю Палавецкую, патаптаў узгоры і долы; замуціў і азёры, і рэкі; засушыў балоты й крыніцы. А паганага Кабяка з узлу-чыны морскай ад жалезных вялікіх палкоў палавецкіх, як віхрышча, выхапіў. I зваліўся Кабяк у горадзе Кіеве, у замку Святаслаўлевым.

Тут немцы і венедыйцы, тут грэкі і маравы пяюць славу Святаслаўлю, выдумляюць на князя Ігара, што патапіў багацце на донні Каялы, ракі палавецкай, насыпаўшы рускага золата там. Там Ігар-князь ссядаў з залатога сядла і садзіўся ў сядло нявольніка.