Не сарокі так застракаталі: гэта едзе Ігаравым следам Гза з Канчаком. I тады груганы не закрумкалі, галкі замоўклі, сарокі не стракаталі, па лозах паўзлі толькі. А дзятлы тукатам к рэчцы шлях паказваюць, салавейкі вясёлымі песнямі раніцу згадваюць.
I гаворыць Гза Канчаку:
«Калі сокал ляціць да гнязда, мы застрэлім саколіча стрэламі сваймі залатымі!»
А Канчак Гзе адказвае:
«Калі сокал ляціць да гнязда, мы сакольца апутаем краснаю дзевай!»
А Гза кажа Канчаку:
«Калі мы яго дзеваю краснай апутаем, мець не будзема мы ні саколіча, ані краснае дзевы, ды пачнуць нас тады біці птахі ў полі Палавецкім!»
XII
I сказаў Баян аб днях Святаслаўлевых, Баян-песнятворац далёкага часу, Яраслаўлева, Алегава:
«Княжа! Хоць і цяжка табе, галаве, без плячэй, але трудна табе, целу, без галавы!»
Так і Рускай зямлі без Ігара. Сонца свеціцца на небе, Ігар-князь — на Рускай зямлі.
Пяюць дзевы на Дунаі, галасы плывуць праз мора і да Кіева. Ігар едзе па Барычаву да святое багародзіцы Пірагошчай. Рады староны, весялы гарады.
Спяяўшы песню старым князям, а пасля маладым пяяці:
«Слава Ігару Святаслаўлічу, буй-туру Усеваладу, Уладзіміру Ігаравічу! Здароўя князям і дружыне, выступаючым за хрысціян на войска паганых! Слава князям і дружыне!» Амінь.
Заўвагі
...расцякаўся мысляй... — г. зн. вавёркай.
..харобраму Імсціславу, што зарэзаў Радзедзю... — маецца на ўвазе Мсціслаў Уладзіміравіч, брат Яраслава Мудрага, князь тмутараканскі і чарнігаўскі, які, па летапісных звестках, атрымаў перамогу ў адзінаборстве з касожскім князем Радзедзем.
Раман Святаслаўліч — унук Яраслава Мудрага, князь тмутараканскі (забіты ў 1079 г.).
...ад старага Уладзіміра да Ігара сягачаснага... — ад Уладзіміра Манамаха (1053—1125) ці Уладзіміра Святаславіча (пам. у 1015 г.), вядомага сваімі шматлікімі паходамі супраць ворагаў Рускай зямлі, да Ігара Святаславіча ноўгарад-северскага (1151 —1202).
...салоўкай па дрэву выдумнаму... Дрэва выдумнае - метафарычны выраз, які абазначае дрэва паэзіі, дрэва песень.
Траянавы сочачы след... — існуюць розныя думкі вучоных адносна паходжання слова «Траян». Яно сустракаецца ў «Слове» яшчэ тры разы: «Былі векі Траянавы», «Дзевай узышла на зямлю Траянаву», «У сёмы Траянавы век». Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што тут маецца на ўвазе шлях рымскага імператара Траяна (53-117), з паданнямі аб якім звязаны «Траянавы валы» на Украіне і ў Румыніі.
Велес, або Волас — язычніцкі бог дастатку і багацця, апякун мастацтва.
Сула — левы прыток Дняпра.
Трубы трубяць у Ноўгарадзе... — маецца на ўвазе Ноўгарад-Северскі, на р. Дзясне.
Пуціўль — невялікі горад Ноўгарад-Северскага княства.
Кметы — тут: добрыя, выпрабаваныя воіны.
Дзіў — міфічная птушка, у дадзеным выпадку варожая рускім.
Пасулле — пагранічная з палавецкім стэпам вобласць па р. Суле.
Сураж — цапер г. Судак.
Корсунь — г. Херсанес.
Тмутараканскі балван — магчыма, адна са статуй, якія былі збудаваны ў III ст. да н. э. у гонар язычніцкіх багоў на Таманскім паўвостраве каля Тмутаракані, або пагранічны слуп, камень.
Алегава гняздо харобрае... — аўтар «Слова» мае на ўвазе родзічаў князя Алега Святаславіча, дзеда князя Ігара, якія прымалі ўдзел у паходзе супраць полаўцаў.
Гза, Канчак — палавецкія ханы.
..хочуць прыкрыці два сонцы... — г. зн. два князі — Ігар і Усевалад.
Глебаўна — жонка Усевалада Святаславіча Вольга.
Барыса ж Вячаслаўліча нядобрая слава на суд прывяла на апошні.. — Барыс Вячаслаўліч — унук Яраслава Мудрага, загінуў у бітве на Няжацінай ніве (каля Чарнігава) у 1078 г.
3 таей жа Каял-ракі Яраполк палялеяў... — адно з цёмных месц «Слова».
Алег Гарыслаўліч — Алег Святаславіч (пам. у 1115 г.), дзед Ігара. Міжусобіцы гэтага князя прынеслі многа гора Рускай зямлі, за што яго ў народзе і празвалі Гарыславічам.
...жыццё Дажджбожага ўнука... — г. зн. рускага народа.
Карына, Жэля — міфічныя вобразы, якія ўвасаблнюць плач, смутак.