Выяўленне сэнсу кожнай сустрэчы асобы з прыродай; і шырэй — з быццём ва ўсіх яго праявах, і ў такіх вось — адвечна існуючых, нязменных — як раніца, дзень, вечар, паветра, снег, птушкі. І ніякіх штучных слоўных пабудоў, знарочыстай гульні слоў — сусвет і душа чалавечая для яго такія неаспрэчныя, што важна імкнуцца спасцігнуць таямніцы сутнаснага, але аспрэчваць іх — занятак няплённы. Ён не будзе пазначаць паняцці пункцірамі слоў, не стапе спакушацца рызыкоўным славесным россыпам. Мадэліраванне па схемах і бескантрольнае натхненне не яго мастацкі спосаб. Яму, праўда, уласціва ваганне — ці так? У пошуку сваім ён не запрашае нас прыняць удзел, але і не хаваецца ад чытача, свабодна і раскавана раздумвае, імкнучыся ўлавіць хаду з'яў у часе.
Дзіўна, але так яно ёсць, пры сённяшняй усеагульнай цікавасці да гістарычнай тэматыкі, асацыяцый з рознымі з'явамі культуры, адметнымі гістарычнымі постацямі, у паэта з такім сталым і выхаваным інтэлектам, з натуральным адчуваннем культурных традыцый, як М. Стральцоў, няма, здаецца, твораў гэтага накірунку.
Але культурны вопыт беларускай, рускай, сусветнай літаратуры адчуваецца ў культуры яго мыслення, культуры слова.
Затое рупліва распрацоўвае гістарычную тэматыку яго літаратурны равеснік Васіль Зуёнак — перш за ўсё згадаем яго паэму «Лукам'е», якой уласцівы пільнае адчуванне часу, сапраўдны гістарызм бачання, непаспешлівы, уважлівы погляд на падзеі мінулага з пазіцый сённяшняга дня. Паэт гэты ўвогуле сумяшчае мэтанакіраванасць, сялянскую працавітасць і грунтоўнасць з шырынёй бачання, імкненнем да суладнасці мастацкага выяўлення сацыяльнага сэнсу.
Аднак — вяртаючыся да той гістарычнай тэмы. Не так даўно адгула ў цэнтральнай прэсе (1980) дыскусія пра кніжнасць і абыходкавы гістарызм, калі так, між іншым, «всуе» ўжываюцца некаторыя паняцці, робячыся «культуралагічным інвентаром» (А. Пікач), какетліва выкарыстоўваюцца «культурна-гістарычныя дэталі» (А. Кушнер), «з гаспадарчай неахайнасцю... перакідваюцца з эпохі ў эпоху» (Е. Ярмілава) героі. Дыскусія аб паэзіі ў нашым «ЛіМе» (1983) не кранала гэтых пытанняў. І, мабыць, не выпадкова.
«Заігрыванне» з такой тэматыкай і сапраўды нічога, акрамя лёгкага аздаблення храналагічнай экзотыкай, не дае. Але сама па сабе «кніжнасць» для беларускай літаратуры з'ява не такая ўжо характэрная. Я маю па ўвазе той выпадак, калі мастацкае ўяўленне пачынае гнясці культурны груз стагоддзяў. Тое, што было вельмі заўважылі Ў рускай паэзіі і культуры на пачатку нашага стагоддзя і ў 20-я гады. А наш класік тым часам гаварыў: «Я не паэта...» І рабіў усё, каб надаць вагі нацыянальнай культуры. Праўда, намаганнямі многіх дзеячаў культуры і літаратуры ўзнаўляецца многае з таго гістарычнага культурнага багацця, што нам па праву належыць, аднак груз не мае яшчэ той ушчыльненасці, што пачынае ўжо адчувацца як напластаванне звыш меры засваяльнасці. І поцяг паэтаў розных пакаленняў да мастацкага ўсведамлення гісторыі сваёй і чужой, культуры сваёй і чужой — натуральны па сённяшнім часе для нас і зусім яшчэ не лішні. Іншая справа — як гэта мастацкі выяўлена. А ўзоры спраўджання гэтай тэмы можна знайсці і ў старэйшых майстроў, і ў пакаленнях па ўзросту маладзейшых: В. Коўтун, У. Някляева, С. Законнікава, С. ПІанізніка.
Р. Барадулін культурную спадчыну сваёй краіны і свету адчувае як традыцыю, як безумоўную перадумову свайго самавызначэння як паэта. Ён звычайна не ўзнаўляе надзейна нейкі час, не будуе сюжэт вакол канкрэтнай гістарычнай асобы (сюжэтнае пісьмо ўвогуле для яго не характэрнае), але дабіраючыся да канкрэтнага зместу з'явы, паэт выявіць і сваё гістарычнае жыццеадчуванне, трымаючыся характэрнай для яго стылёвай і моўнай структуры. Лёгкі прысмак парадоксу любіць даць адчуць Барадулін — і ў надзяленні вякоў: каменны, бронзавы, жалезны — вядомыя нам усім. І яшчэ адзін, пазначаны паэтам — «незразумелы папяровы век», калі ўсё ў няспынным коле «імклівай мітусні». Гэта вельмі характэрная рыса для сённяшняга Барадуліна — адчуванне імклівай інерцыі часу і супраціўленне ёй. У звычайных праявах: «Юбілеі — цяпельцы вячэрнія,/дзе мераць рост вінаваўцы аршынам, /пахвалу адсыпаюць асьмінамі». (Гаворка і пра ўласны юбілей.) І ў праявах напружання Духу: