Выбрать главу
У стылым Сусвеце з камення Шукаюць сябе галасы, Прамень утрапёны нямое, Прарэзаўшы змрок наўскасы.

«Прамень утрапёны» — характэрная для Барадуліна лексіка. Але да таго актыўнага аптымізму, па якім доўгі час пазнаваўся паэт, аптымізму, выяўленаму агністым, буйнаметафарычным слоўным запасам, дадалося імкненне да інтэлектуальна-філасофскай насычанасці, зрокавае рэчавае бачанне свету саступіла месца рэальнасці больш умоўна-абстрагаванай, сухавата-рацыянальнай. Але і тут Барадулін ніколі не гаворыць напаўслых. Не пачуць яго немагчыма. Як заўсёды з часу іх папулярнасці было чутно Г. Бураўкіна, Н. Гілевіча А. Вярцінскага, В. Зуёнка, А. Грачанікава. З іх грамадзянска-публіцыстычным пафасам, з трывалай прафесійнай аснашчанасцю. Можна называць яшчэ імёны.

Але... Многія паэты гэтага і больш сталага і маладзейшага пакаленняў часам застаюцца на перыферыі грамадскай увагі. Магчыма, не чытацкай. Бо чытач — ён бывае маўклівым. І ёсць паэты не толькі шчырыя. Не проста з веданнем рамяства. А і з добра развітым эстэтычным густам. Са сваім адчуваннем значнасці той справы, да якой ён не выпадкова дачыніўся. У межах гэтай гаворкі хацелася б згадаць Міколу Федзюковіча і Васіля Жуковіча. Зрабіўшы вось хаця б такія «пробы». У Жуковіча:

Быў пераконаны: пішуць вершы. А яны, як жыццё,— складаюцца.

Або:

Сялянскі сын, так жыць жадаю, каб думкі яснымі былі: не што пад дахам пакідаю, а што пасеяў на зямлі...

Дарэчы, у наступным чатырохрадкоўі ідзе такая вызначальная для творчага лёсу паэта заўвага:

пад сонцам каб у шматкалоссі мой ціха каласок шумеў.

В. Жуковіч запраграмаваны пазначае межы свайго паэтычнага надзелу, нават не падзелу, месца на жытняй ніве паэзіі. З той упэўненай сціпласцю, што дае рэальнае адчуванне свайго месца на зямлі. М. Федзюковіч з падобнай сціпласцю, але без празрыстай сімволікі Жуковіча скажа: «нікому ў бяседзе шчырай/не сказаў пра сябе: «Паэт». Аднак з якой павагай і прафесійным тактам ён паведае:

Трымаецца свет на майстрах «Загадка...» была ці «Смаленне...». Схіляў тваю голаў не страх, а гонар сумлення.
Сляды ўсёабдымнай бяды намацаў праз лёд калядовы, і свет раскалоўся тады на вешчыя словы.
Святое, бы хлеб, рамяство, шчаслівым нашчадкам засведчыць: усё па зямлі ад майстроў, усё — ад любові, мой свеце!..

Творы названы не выпадкова (аўтар іх М. Стральцоў), з адчуваннем той скандэнсаванасці і аб'ёмнасці мастацкага зроку, што ўласцівы гэтым творам пісьменніка. І. Федзюковіч ушчыльніць, спрасуе сваю думку: «і свет раскалоўся тады на вешчыя словы». Падтрымліваючы агульны духоўны настрой свайго верша, не парушаючы эстэтычнай засяроджанасці, што ўласціва гэтаму роздуму не толькі пра твор сябра, можа, не столькі пра яго, а — пра высокае агульнае рамяство.

Твор пра твор, асацыяцыі з жыццём мастацтва — тэматыка не так часта эксплуатуемая ў беларускай літаратуры і ў паэзіі. Гэта ўлюбёная тэматыка Любові Філімонавай. Стыхіі вольных ветраў ніколі не былі яе сферай мастацкага вопыту. Але ў тым камерным, не на трыбуннае чытанне разлічаным, адзначаным пэўнымі аўтарскімі схільнасцямі, гучанні яе вершаў мы заўважым стараннае імкненне не сфальшывіць, вытрымаць зададзеную танальнасць. У межах прынятых ёю самой эстэтычных правілаў. Абавязкова, скажам, з'явіцца «спектакль жыцця». І адпаведна ў ім «паднімае свой настрой аркестровак настройка і адвольная трактоўка» («Дзве паловы жыцця»). І ў развіцці сюжэта: выхад не куды-небудзь, на прасцяг жыцця, а «ў шматлікую масоўку». Дзе яе лірычная гераіня, мабыць, таксама будзе пільна ахоўваць сваю духоўную суверэннасць.

А вось тая стыхія вольнага ветру паэзіі — яна стварае неабходную атмасферу, але часам падманліва скіроўвае да бескантрольнага ўжывання таго, што бездакорна праверана: ужо адпрацаванай абаяльнасці, непасрэднасці, натуральнасці. Калі «і душы ўсе былі наросхрыст, а мы — як сваякі» і «на небе зоркі загараліся,/ І месяц чоўнам выплываў». І з тымі гаспадарамі «на развітанне цалаваліся, /Як Прыпяць/з Пінаю між траў» (Я. Хвалей. Палеская юшка). У М. Губернатарава такіх відавочных фармальных правалаў няма, але і «прасветленасць бяроз», і «вясновы шум», і «прыветны шум бяроз» — вядомыя клішэ. Магу сабе ўявіць, як цяжка давесці гэта аўтару і рэцэнзентам, і выдавецкім рэдактарам. Самапародый няма. Відавочнай бязглуздзіцы — таксама. І як нешта даказваць добрасумленнаму інфарматару ў рыфмах М. Мішчанчуку, калі ён чалавек фармальна адукаваны, выкладчык інстытута, крытык. Аднак — як ні зробіш пробу — пустая народа.