Выбрать главу

У Пятра Ламана, што выдаў ужо дзве кнігі, «псіхалагічная дакладнасць пачуцця і выразнасць малюнка», паводле анатацыі яго кнігі «Зерне імгненняў». Але адкуль раптам такі рызыкоўны троп: «Ён тануў, адчыніўшы кінгстоны вачэй./Біў па сэрцы/Падводнымі рыфамі рыфмы». Стыль не «працуе» на тэму. Замест псіхалагічна выверанага пісьма звонкая метафарычная спроба — «кінгстоны вачэй», «біў па сэрцы/Падводнымі рыфамі рыфмы». Прыпадабненне, можа, і гучнае,, але ж гэта «распадабненне» сэнсу. Хаця — на мой погляд, у паэта ёсць тое «зерне», што шукаюць у паэзіі чытачы.

...Вызначальная прыкмета многіх беларускіх літаратараў — шматжанравасць. Валянціна Коўтун таксама імкнецца апрацаваць некалькі літаратурных дзялянак. У паэзіі ж апошнім часам пашырае круг праблем, імкнучыся не так да пластыкі верша, як да глыбокай, карнявой своеасаблівасці сваіх адносін з рэчаіснасцю, мяняючы аблічча сваіх герояў. Паэтэса не баіцца папрокаў ў кніжнасці, для яе больш важна пашырыць далягляды сваёй паэзіі, забяспечыць гэта імкненне светапоглядна, засвоіць культурную рэальнасць у шырокім плане — гістарычныя постаці, барацьба ідэй па розных прамежках гісторыі. Наўбольш блізкі для яе характар вырашэння — ліра-эпічны, з выразна выяўленай спробай зразумець прычынна-выніковыя сувязі, сувязь з сённяшняй палітычнай, этычнай, культурнай рэальнасцю.

А для Святланы Басуматравай важныя характар, чалавечая сутнасць, моц чалавечай натуры ў яе самых нястрымных выяўленнях. І чытаючы, скажам, яе «Кармэн», згадваеш не навелу П. Мерымэ з яе этналагічнымі дэталямі, прыкметамі часу, узнікаюць асацыяцыі з уражаннямі зусім іншага парадку. У мяне — дык з тым неўтаймоўным танцам, які ўвесь затоеная, але скандэнсаваная страсць, не канкрэтнае пачуццё, а менавіта палкі тэмперамент як неад'емная ўласцівасць натуры чалавечай. Я маю па ўвазе фільм Карласа Сауры «Кармэн». Наўмысна «некасцюмны» фільм, рэпетыцыйныя, рабочыя гарнітуры, ніякіх інтэр'ераў і экстэр'ераў — голыя сцены студыі. Ніякіх успама- гальных элементаў — толькі танец, трывожна-пагрозлівы, наступальны пошчак абцасаў, дзівосны, неверагодных магчымасцей інструмент — чалавечае цела, выразнік душы. «Абцасаў град і пошчак кастаньєт», «Як бліскавіца, позірк твой спакусны».

У вершы С. Басуматравай няма ні віртуёзнай гульні словам — хаця тэма сама па сабе і спакушае да самых фантастычных і, мабыць, апраўданых метафар, але ўвесь лад верша, гэтае імклівае, шматпаўторнае (пяць разоў) «Танцуй, Кармэн! Танцуй, мая Кармэн!» — ствараюць такое ўражанне — нібы жарэм агністага крыла павеяла.

Форма супадае са зместам, адпавядае яму. Для С. Басуматравай увогуле характэрныя нязмушанасць выказвання, натуральнасць, добрае напаўненне паэтычнага пульсу, адчуваецца вось тая стыхія вольнага ветру, які, аднак, нясе ў сабе і пагрозу анархіі густу, і пагрозу самапаўтору. Яшчэ раз — такі, пэўна, закон мастацтва. Стыхіі патрэбны кантроль. Самакантроль.

Самакантроль, што знаходзіць рознае выяўленне. У такога яркага паэта, як Яўгенія Янішчыц, у яе сённяшнім пошуку новых спосабаў мастацкага самапазнання — і такі пазавершавы спосаб, як яе праграмнае выступленне ў «ЛіМе» ў дыялогу з крытыкам Тамарай Чабан У Някляева — таксама не толькі ў яго вершах, а і ў бліскучым, напрыклад, эсэ пра Аркадзя Куляшова. У Генадзя Пашкова — у яго публіцыстычных выступленнях. Я ўжо не вяду гаворку пра Таісу Бондар, з актыўнасцю якой у крытыка-публіцыстычным жанры і ў геаграфічным арэале яе публікацый мала хто з крытыкаў можа спаборнічаць. Спрабуюць тут свае сілы Галіна Каржанеўская і Мікола Мятліцкі, які, дарэчы, увогуле апошнім часам актывізаваўся ў грамадзянскай тэматыцы.

А ўсім вядома, як змястоўна, пераканаўча, на самым высокім ідэйна-эстэтычным узроўні выступаюць у крытыка-публіцыстычным жанры такія паэты, як П. Папчанка, К. Кірэенка, В. Вітка, А. Вялюгін, Р. Барадулін, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч і інш.

Не магу ў сувязі з гэтым не згадаць артыкул рускага паэта і крытыка Т. Глуніковай з вельмі характэрнай назвай «Вобраз паэта — вобраз крытыка», дзе яна слушна гаворыць пра той агульны вобраз асобы, што вымалёўваецца з агульнай унутранай сувязі яго літаратурнай дзейнасці. У такім, адкрытым, «не зацененым вобразнай недагаворанасцю» выглядзе — у крытыцы і ва ўсеўзбраенні магіі «гарманічных гукаў» — у вершах. «Адкрытым» спосабам выяўляе свае эстэтычныя ўяўленні і Леанід Галубовіч, культура думкі якога, калі ведаць яго адукацыйны цэнз і абставіны нятворчай біяграфіі, не перастаюць добра радаваць.