Выбрать главу

Розныя абліччы роднага краю трывожаць і творчую фантазію Паўла Марціновіча, што асабліва пільна ўглядаецца ў гісторыю свайго народа («Каліноўскі», «Усяслаў», «Рокат», «1964»), у яго звычаі («Папараць-кветка»). Нават пейзаж ён успрымае не без гістарычных уплываў.

І падкупленай вартай Расчынена брама паны.
«Таямніча і ціха...»

Шчымліва-пранікнёныя асацыяцыі Віктара Яраца — гэта таксама адбітак яго ўяўлення Радзімы:

У родным краі размаўляюць дрэвы...
Мне мову не забыць бяроз і сосен і кожны гук іх старажытных слоў, бо з гэтых дрэў стартуе ў неба восень журботнымі чародамі буслоў...
«Мова дрэў»

Трывалую сувязь са сваёй Радзімай адчувае У. Градоўкін, прадстаўляючы яе як канкрэтную мясцовасць, як незабыўныя з дзяцінства краявіды і як неабходны выток яго духоўнай энергіі.

Сторона лесная да озерная. По колено мхи, По пояс травы. Издали тянусь к тебе я корнями. Оборви их — брызнет сок кровавый.
«Витебщина»

Для Алеся Камароўскага Радзіма — перш за ўсё славутая Мікалаеўшчына (радзіма Я. Коласа і месца, дзе вырас Камароўскі).

Не адным паэтам спазнаная тэма. Можа, таму ўвага Камароўскага засяроджваецца на хрэстаматыйна вядомым:

І карчакоў і плытагон, Суняўшы смутак ціхі, Уславяць песняй зноў таго, Чые вякуюць кнігі.
«У Мікалаеўшчыне»

Што яшчэ хвалюе паэтаў-дэбютантаў? Сярод якіх, безумоўна, выдзяляецца У. Някляеў. З яго роздумам над самымі рознымі праблемамі, жаданнем, нават прагай усвядоміць складаныя з'явы навакольнага свету, сваё становішча ў гэтым свеце, заглянуць у самога сябе, у свае духоўныя сховішчы, асэнсаваць рэчаіснасць, скандэнсаваўшы думкі так, як гэта магчыма ў паэзіі, дзе ў яе самых высокіх узорах мудрасць зліваецца з эмоцыяй, абстрагаванае мысленне — з выхадам на канкрэтныя рэаліі быцця.

У. Някляеў імкнецца асэнсаваць свет у яго абстрагаваных праявах — можа, нават і губляючы магчымасць рэагаваць на кожную падзею, ствараць вершы — вокаімгненныя водгукі на кожны рух грамадскага жыцця. Ці раптам праменіцца словам проста ад адчування радасці быцця, ад таго, што не даецца аналізам і не паддаецца яму. Згонная кропля імгнення.

Глыбока ў студні боўтнецца вядро... Затархаціць пашчэпаная корба... Адзін глыток — і існуе дабро, І жыць на свеце хораша і добра.
«Студня»

Ці так вось занатаваны настрой. А думка жывіць настраёвы нерв верша.

Мой снежань... Мой лекар... З усіх на свеце багоў Нe ведалі Снежня грэкі, Бога снягоў... Мой лекар... Мой снежань... Ні суму ў мяне, ні болю.
«Увесь, нібы пекар...»

Сапраўды, прыгадайце гэты пушысты белы спакой, светлую музыку цішыні. Снежна, бела. Снег яшчэ маўклівы, задумлівы, гаваркія вясновыя ручаі і вясновыя навальніцы далёка. Пакуль што — таямніца спакою.

Уладзімір Някляеў умее падаць такі абразок-роздум, выявіць словам настрой, пэўную ці няпэўную думку, імкнецца ўлавіць сувязь звычайнай падзеі з глыбіннымі карэннямі быцця.

Гэтую сувязь імкнецца творча спасцігнуць і Павел Марціновіч. Ну, хаця б у вершы «Пасядзець каля вогнішча...». Ён збіраецца прасачыць неабходную і патрэбную душы сувязь з такой першароднай і неабходнай з'явай — вогнішчам, жывым агнём.

Бо душа чалавека — яшчэ не маўклівая ляда, Калі пошум галля і агеньчык у цемры начной Захавалі над ёй цудадзейную сілу і ўладу!

І сапраўды прадвесневая (прыгадаем назву зборніка) радасць чуецца ў звонкіх ад маладосці і прагі жыцця радках:

Каток, заліты свежым лёдам,— Нібы гладыш, наліты мёдам.
Хто самы спрытны, самы шпаркі, Адчуй, што ты на свеце ёсць!
Ад сонца з лёдам, як ад чаркі, Завейка кружыць весялосць.
«Каток, заліты свежым лёдам...»

І ва Уладзіміра Някляева, і ў Паўла Марціновіча, і ў Віктара Праца многа такіх вершаў-замалёвак, у якіх аўтарскае «я», адносіны да свету нясуць адбітак вельмі пэўны, дзе настрой-імпрэсія, духоўны стан паэта выразна акрэслены.