Выбрать главу

Гэта «Святочны дзень. Высокі шлях аблокаў...», «Стыў сакавік...», «Ноч», «Горкім дымам пацягне...», «Снягі» — у Някляева, «Дождж», «У руках галінка і сцізорык», «Прадвесне» — у Марцінавіча, «Запрашаюць бакенаў агеньчыкі...», «Цвісці садам...», «Вясновы Сож...» — у Праца.

Асабліва кідаецца ў вочы нейкая нават беражлівая лірычнасць Уладзіміра Някляева.

Ты воблакам плыла... Рукамі не дастаць... Свяцілася ледзь-ледзь над рэчкай і над борам. Ад слоў маіх плыла, што я сказаў учора, Да слоў маіх плыла, што заўтра меў сказаць. Мы дзіўную з табой старонку адгарнулі. «Дзень вашай цішыні» — напісана па ёй.
«Ты воблакам плыла...»

Усе паэты, пра якіх ідзе размова, акрамя У. Градоўкіна, пішуць на беларускай мове. Градоўкін — па рускай.

І яго памяць на вершы бывае часта мацнейшай за сваю ўласную думку, у яго вершах адчуваюцца больш ці менш блізкія рэмінісцэнцыі з рускай паэзіі, накшталт:

Полнеба заревом объято, лиловы дальние леса, и ярко светится заката сиреневая полоса.
«Полнеба заревом объято...»

Адчуванне такое, што чытаў гэта, ведаеш. не заўважыў паэт нешта адметнае, сваё. Хаця ёсць у яго паэзіі мясціны, якія вызначаюцца дакладнасцю погляду, незапазычаным словам:

Осатанело непогода шумела, с ходу превратив дома, деревья, землю, воду в один огромный негатив.
«Ночная гроза»

Ва Уладзіміра Някляева слова — часцей за ўсё выбух, знаходка, празарэнне.

І, можа, мне няхітрых тых навук Хапіла б у жыцці... Ды ў смаглым горле роднай мовы гук Заклекатаў бусліным пералётам.
«Паэма-вера»

І не як-небудзь «заклекатаў».

...апёк.

Няма вады

Жывой ці мёртвай, каб суцішыць

смагу.

Паэт не можа пазбыцца «катаргі слоў», што даюць паняцці, даступныя толькі паэзіі:

Паехаць ад выгану глупства Да горада Глуска. У Глуску Нахілена неба, як зрэзана з бохана луста.
«Глуск»

Хаця нельга сказаць, што штампы і прыгонныя словы зусім не існуюць у паэтычным слоўніку Някляева. Можна знайсці.

Мы сёння крочым мірнаю зямлёй, З чырвонымі, як полымя, сцягамі.

Нельга не сказаць яшчэ аб працавітай уважлівасці да слова Паўла Марціновіча, які вяртае да жывога ўжытку старадаўнія талкавіска, рокаш, натхнёна выкарыстоўвае магчымасці мовы, да якое ставіцца з найвялікшай павагай: «родным гукам — паклон».

І змушае задумацца тое, ці падасца хаця б якім набыткам чытачу вось гэтае — у Камароўскага:

За абедам нам ад бедаў — Бак вады, на тры супы... І ляціць камель тарпедай На гарачыя зубы.
«Цыркулярка»

Не кожны, думаецца, прыме і такі рызыкоўны паэтычны троп:

Прыгажосць у русалачным выглядзе На ваду месяц-лодачку вывядзе...
«Ёсць рачулка»

Што такое «прыгажосць у русалачным выглядзе»? І чаму па-беларуску ўжываецца граматычная форма — «а к нагам упадуць васількі»?

У Яраца часам трапляюцца прыблізныя, недакладныя словы, прыблізныя, несуадносныя паняцці.

Тут, на зацененай верандзе, якая б ні была пара, ёсць конаўка, як ардынарац яго вялікасці — вядра.
«Ода калодзежнай вадзе»

Тут адразу адчуваецца і водгалас вядомага «яго вялікасць — рабочы клас», высакаваты, нягледзячы на прапанаваны жанр — оду — «тытул» для вядра — вялікасць. А калі ўжо «вялікасць», дык чаму такі зусім не па этыкету прыбліжаны — ардынарац?

І ці ўзважыў паэт такія радкі: І думкі, як рукі, зрываюць ад сэрцаў закляты замок.
«Пад музыку снега і сонца...»

...Паэтычныя дэбюты. Удалыя ці няўдалыя, яны яшчэ самі па сабе не вырашаюць творчы лёс паэта. Час дае светлую магчымасць спраўдзіць сябе.

ІІ

Яны спяшаліся ў свет — гэтыя зборнічкі пад грыфам «Першая кніга паэта»: «Вандроўнік» Леаніда Дранько-Майсюка, «Белы камень» Алеся Пісьмянкова, «Гронка святла» Віктара Шніпа, «Таемнасць агню» Леаніда Галубовіча, «Матчына вышыванка» Алеся Жыгунова, «Над вечнасцю гнязда» Івана Рубіна.