Выбрать главу

Вышыню гэтую згаданыя паэты набіраюць у рэальнай існасці, дзе найбольш адчувальным вымярэннем выступае прастора і менш канкрэтна выяўлена — час. Тут існуе Сусвет і Зямля, і самае блізкае месца па Зямлі — Беларусь, і яшчэ больш канкрэтна — родны кут, мясціна продкаў і бацькоў. Існуе ўсё, што ёсць у жывой рэальнасці і заўсёды існавала ў тым свеце, што стваралі паэты: неба, сонца, зоркі, дрэвы, кветкі і тыя істоты, якія прынята ў літаратуры называць лірычнымі героямі. А час больш існуе ў зменах пары года, у ранках і захадах і менш — у сваім канкрэтызаваным сучасным выяўленні. Зараз суцэльная тоеснасць усведамлення паэта сённяшняму моманту («И время было мной, и я был им,— Я. Еўтушэнка) не мае гарачых прыхільнікаў і сярод маладых, і сярод не зусім ужо маладых. Паэты 80-х імкнуцца ўспрымаць рэчаіснасць у абсягах калі не глабальных, дык досыць шырокіх — вечнасць, гісторыя, памяць. У такіх вымярэннях: «Імгненне — вечнасці дзіця» (І. Рубін). І пакуль што не так часта выходзяць маладыя да той сацыяльна-палітычнай і сацыяльна-вытворчай канкрэтыкі эпохі, якой моцная савецкая паэзія ўвогуле і беларуская паэзія ў прыватнасці. Але — у аўтараў першай кнігі ўсё паперадзе. І спробы такога кшталту ёсць.

Ну, скажам, адна з самых папулярных «вандроўных» тэм апошняга дваццацігоддзя. Вёска — горад. Хто толькі не аддаў даніну гэтай тэме ў беларускай літаратуры. І сёння яна ці не дамінуе ў сучаснай паэзіі і прозе. Сучасная вечная тэма. І паэты «прызыву» 1984-га шчыра паўтарылі тое, што было да іх. У Рубіна: «І раптам балюча захочацца жыць адразу і ў горадзе неяк, і ў вёсцы». Ну, і што ты зробіш з памяццю сваёй, калі ў 1963 годзе ў аповесці «Сена на асфальце» Міхась Стральцоў пісаў: «Мне даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы». З той пары многа было варыяцый на гэтую тэму. З'явілася яшчэ. Не пазбегнуў паўтору тут і Алесь Пісьмянкоў: «І, відаць, не выпадкова болю сціснулі ціскі: я не той, не свой, вясковы, і зусім не гарадскі».

Безумоўна, гэта не узурпіраванае крытычнае вета на тэму. Маўляў, барані вас усе згрызоты, устрымайцеся — аслупавана. Але такая ўжо нялёгкая планіда мастака. Цяжка сказаць новае. Аднак іншага шляху няма.

А вось, дарэчы, яшчэ адна праблема сённяшняга дня — вёска, лёс старых на сяле. Сёння набыла яна значнае мастакоўскае напаўненне і грамадзянскі рэзананс у беларускіх пісьменнікаў, прынамсі ў Алеся Жука (аповесць «Паляванне на Апошняга Жураўля») і Аляксея Дударава (п'еса «Вечар») і ў маладых паэтаў знайшла нестандартнае выяўленне. Іх не так многа, тых вершаў, якія пазначаюць пэўны кірунак у асваенні гэтай важнай тэмы. Ёсць такі верш і ў Алеся Пісьмянкова:

Там, дзе спеюць туманы, За далёкай вярстой, У садзе цёткі Ліксаны Густа б'е лістабой.
Больш ніхто тут не вохкне, Не збярэ навіну, І заб'юць сёння вокны, Як учора — труну!

І хаця ёсць прыватнае тлумачэнне, чаму стаў нежывы сад цёткі: «Дзетак бусел не скінуў і ў капусце няма», ажно ўспрымаецца гэты факт больш абагульнена, мы ж ведаем колькі хочаце літаратурных узораў (а за імі — жыццё): багатая нібыта на спадчыннікаў хата, ажно стаіць са сляпымі невідушчымі вокнамі — па свеце рассыпаліся дзеткі, і ў вёсцы няма каму карыстацца жытлом. З гэтага ж асэнсавальнага рада ў Алеся Пісьмянкова і яшчэ адзін верш — «У адстаўцы». Пра былога калгаснага конюха. Механізацыя — скасавалі стайню. І чалавек нечакана для самога сябе траціць сэнс жыцця — любімую працу. «Нібы душу стрыножылі».

Верш гэты невялічкі — чатыры чатырохрадкоўі. Але напісаны ён з нешматслоўнай дакладнасцю. Няма ні эфектных верыфікацый, ні экспрэсіўных прыёмаў, сам па сабе матэрыял дастаткова празаізаваны, але верш моцны эмацыянальнай спрасаванасцю зместу, праўдай факта, які выходзіць да адной з няпростых праблем, што стварае НТР.

З непадробным спачуваннем, уласцівым сялянскаму сыну, піша пра неперспектыўную вёску Іван Рубін. Адзін з вершаў пачынаецца якраз такім маларадасным абвяшчэннем: «Вёсачку неперспектыўнаю завуць». І паспачуваем мы разам з аўтарам бабе Мотры, у якой у хаце працякае дах, а дзеці не спяшаюцца ехаць — хіба што па сала ды садавіну. І адчуем важнасць і сацыяльную неабходнасць такога верша. І не заўважым у ім неахайнасцей пісьма, але не знойдзем вось таго мастацкага імпульсу, які сведчыў бы канкрэтна — пра гэта трэба было апавядаць вершам.

Маладыя паэты сёння, можа, часцей, як раней, звяртаюцца да гісторыі. Гэта, між іншым, своеасаблівая адзнака менавіта сённяшняга дня. Паўсюдна прыкметна цікавасць да мінулага. Ва ўсіх праявах. І Можна пагадзіцца, мабыць, цалкам з Даніілам Граніным, які, выступаючы перад чытачамі, вызначыў гэтую зацікаўленасць як высокі знак і культуры і самаўсведамлення народа. І тут, у практыцы маладых паэтаў, факт таксама знамянальны. Як прыкмета часу. Як працяг традыцыі, найбольш вызначанай у сучаснай беларускай літаратуры, мабыць, у паэзіі Уладзіміра Караткевіча. Тут можна пазваць вершы Алеся Пісьмянкова: «Ля карціны П. Сергіевіча «Званар», «Кушлянская балада», «У Каменцы», Алеся Жыгунова: «Кастусь Каліноўскі», «Крывічы» і г. д. Зразумела, гэтая тэматыка робіцца мастацтвам, калі яна ажывае вобразамі, а не сплывае рэмінісцэнцыямі і паўторамі. Калі «крывёю ўзбухаюць даты» (А. Пісьмянкоў), калі раптам уразіць такім знаёма-незнаёмым: «На ўзгорку сярод травы ён ляжыць — радавы Айчыннай, бессмяротны яе радавы» (А. Жыгуноў). Хаця — гэтая нядаўняя гісторыя ўспрымаецца ўсімі намі не як гісторыя і нават не як учарашні дзень. Як незабыўны боль помніцца свята ўсімі. Помніцца — і літаратурнымі ўзорамі. Таму верш «Партызаны ў палоне» В. Шніпа ўспрымаецца як паўтор паўтораў. Гэтая жахлівая традыцыя катаў — «жалезам выпеклі на спіне зорку» — мае і літаратурныя адлюстраванні, ад таго, пагрозліва запамінальнага ў Маякоўскага: «пятиконечные звезды выжигали на наших спинах панские воеводы». І нават не ў гэтым паўторы справа — не дадае нічога новага ў вобразным выяўленні тэмы паэт. А памяць існуе аб'ектыўна. І ў сацыяльна-гістарычным выяўленні сваім, і ў будзённа-звычаёвым, і літаратурным. І гэта неацэнная ўласцівасць яе.