Аднак не пара тут для падрахункаў, нават і самых папярэдніх. І не хацелася б рабіць шарэнгу — першы, другі, трэці... Бясспрэчна, што здзейсніў сябе як паэт Галубовіч, і ад таго яму як нікому іншаму будзе складана з другой кнігай — усе будуць чакаць новай вышыні. І бясспрэчна — сваім, няпростым, і не падобным да іншых шляхам спрабуе ісці Дранько-Майсюк, шляхам, дзе так лёгка спраставаць да суцэльнай зашыфраванасці, калі паэт становіцца творцам для вузкага кола супрычасных асоб, але і шлях, які адкрывае магчымасці выпрабаваць сябе ў варунках неардынарных, паспытаць на трываласць свой узровень прафесійнасці.
Дарэчы — аб прафесійнасці. Вельмі важна, што ў пазначаных кнігах ёсць пэўны ўзровень пісьменнасці і адукаванасці.
Праўда — яшчэ раз — у кожным зборніку ёсць добрыя вершы, але цэласнае ўражанне пакідае толькі «Таемнасць агню» Л. Галубовіча. Аднак кожны добры верш — спадзяванне на добры працяг. «Пазнаўшы пачатак — не знаем канца...» (Л. Галубовіч). Адчуваюцца магчымасці паэтычнага тэмпераменту Алеся Пісьмянкова, і не вельмі верыцца ў яго абвяшчэнні тыпу: «І так здзіўляцца ўжо не ўмею, і так смяяцца — не магу». Думаецца, яшчэ і здзівіцца неадноечы паэт і не міне магчымасці здзівіць іншых сваім словам. Пэўна, будуць вастрыць сваё пяро Алесь Жыгуноў, Віктар Шніп, Іван Рубін. Адказны гэта тытул — малады. А жыццё багатае на сюрпрызы. Бывае, праз некалькі гадоў, насуперак усім прагнозам, з'явіцца таленавітая другая кніга — ажно зусім не таго, каму прадракалі найпрасветлены шлях.
Адным словам, хай набіраюць для песні вышыню.
Плён «гармонических затей» (А. Пушкін) у іх высокім, абстрагавана-канкрэтным сэнсе выяўляюць старонкі многіх выданняў 1985 года. Сур'ёзная, а часам і зацятая гаворка на старонках «Литературной газеты», «Вопросов литературы», нашай «Літаратуры і мастацтва» і г. д. Маю на ўвазе дыскусію «Праўда і праўдападабенства» (ЛГ), перманентна-шматгранную размову пра шляхі развіцця «вясковай» прозы, спрэчку аб пакаленні «саракагадовых», нечаканыя ракурсы праблем у сучаснай «вясковай» публіцыстыцы (ВЛ), меркаванні аўтараў нашага «ЛіМа» пад адказным грыфам «Сучаснасць і сучасная літаратура». Гэта зразумела: час абавязвае — пярэдадзень партыйнага і пісьменніцкіх з'ездаў, канец чарговай пяцігодкі. Па сутнасці, сучаснасць і сучасная літаратура — пра гэта гаворка ва ўсіх выданнях, хаця праблематыка акрэсліваецца па-рознаму. (Не абыходзіць гэтых тэм і друк іншых саюзных рэспублік, але «ахапіць неабдымнае» немагчыма, і трымаць іх у полі зроку не будзем.)
Калі ж параўнаць наш літаратурны клопат з агульнасаюзным, дык пэўна будуць відавочныя і многія агульныя моманты, і свае, толькі нашы, турботы.
Агульныя — асэнсаванне сучаснай прозай народных характараў, гістарычных шляхоў народа, філасофскае ўзбуйненне і выяўленне сацыяльных і маральна-этычных праблем. Як і ў рускай літаратуры, мабыць, у першую чаргу, «ваеннай» і «вясковай» прозай. Але не толькі. Хіба змесціш у гэтыя няпэўныя тэматычныя межы створанае многімі нашымі празаікамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў, што зрабілі непараўнана многа для сучаснага беларускага прыгожага пісьменства. Іван Мележ, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Алена Васілевіч, Мікола Лобан, Васіль Вітка, Ян Скрыган, Аркадзь Марціновіч, Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў, Міхась Стральцоў, Віктар Карамазаў, Барыс Сачанка, Анатоль Кудравец, Віктар Казько, Алесь Жук... Агульнае — публіцыстыка (Карамазаў, Будзінас, Казловіч) больш пільна ўзіраецца ў праблемы сённяшняга сяла, проза ж надае мастацкую ўвагу праблемам больш шырокага, «стратэгічнага» дыяпазону. Агульнае — небагата рабочай тэматыкі, эстэтычны ж яе ўзровень далёкі ад тых дасягненняў, што маюць творы «ваеннай» і «вясковай» прозы. На маю думку, яркі ўзор гэтага не сёння напісаная, але надрукаваная ў свой час у «Новом мире» аповесць рускамоўнага пісьменніка з Беларусі А. Каштанава «Заводскі раён». Дзе збольшага рэальная вытворчая калізія лакальнага значэння аздоблена млявым адзюльтэрам. Вытворчы побыт, памножаны на побыт хатні, і хатняга ж маштабу пачуцці, акаймаваныя межамі ўтульнай кватэркі Антаніны Брагінай. Адным словам, той самы выпадак, калі «адлюстроўваючыя» бытавікі не асвяжаюць літаратуры і нічога не даюць побыту...» (Ю. Тынянаў).
А ўвогуле стыхія побыту, як і стыхія другаснасці ўладна прысутнічаюць і ў нас. Праўда, больш у «вясковай» і ў «ваеннай» прозе. Існуе некалькі варыянтаў сюжэтаў, якія вандруюць з твора ў твор, у розных пісьменнікаў розных пакаленняў. Пра гэтыя вандроўныя сюжэты: ўжо згадвалася ў дыскусіі: самотныя бацькі ці адзін з іх у вёсцы, дзеці — найчасцей няўдзячныя і нядбалыя — у горадзе, «налёты» на вясковыя ласункі дзяцей і недарэчныя падарожжы бацькоў у горад. І галоўныя героі сапраўды, нават у маладых, больш дзяды і бабулі (У. Навумовіч, «ЛІМ»). Ёсць некалькі найбольш распаўсюджаных варыяцый «ваеннай» тэмы. І, як адзначаў А. Пяткевіч («ЛІМ»), гэта абумоўлена рэчаіснасцю, уваходзіць у мастацкую рэальнасць тое, што многія адмоўныя героі — яшчэ з тых часоў, часоў вайны, нават у маладых. Дарэчы сказаць, побач з варыяцыямі «ваеннай» тэмы, ёсць і відавочныя мастацкія здзяйсненні, у тым ліку і ў маладзейшых літаратараў, у тых, хто не ведаў асабіста вайны. У першую чаргу «Радавыя» А. Дударава. Няпростую сувязь з ваеннай парой можна прасачыць у аповесці П. Лецкі «Па цаліку», у няскончанай аповесці Р. Семашкевіча «Ясень».