Выбрать главу

Можна яшчэ знайсці шмат агульных турбот, але — многа ў нас клопату такога, што ўжо клопат толькі наш. І нам пакуль што не выпадае наракаць на засілле ў творах нашых пісьменнікаў, скажам, герояў «вядомых, звышвядомых, значных» — мастакоў, архітэктараў, кінарэжысёраў, дыпламатаў, на засілле якіх у рускай прозе так скардзіцца І. Дзядкоў (Лит. газ., 1985, 31 ліп.) Бо пакуль што герой-гараджанін, герой-інтэлігент у нашай прозе з'ява не частая. Хаця, мне здаецца, прафесія героя ўвогуле не можа быць крыміналам. У рускай літаратуры былі не толькі «Хори и Калинычи», як прыгадвае Дзядкоў, былі і князь Балконскі, і фельдмаршал Кутузаў, і цар Пётр І. А калі крануць літаратурную геаграфію шырэй, дык і Адрыян Леверкюн Томаса Мана — кампазітар, і доктар Фаустус не боты шыў. Хаця былі і ў нас пісьменнік Андрэй Грынкевіч, князь Загорскі, хірург Яраш, архітэктар Карнач, героі Алены Васілевіч... Аднак...

І не выпадкова звярнуў пільную ўвагу А. Пяткевіч па аднатоннасць, аднастайнасць, тэматычную і жанравую беднасць. Таксама толькі ўжо наш клопат.

Бясспрэчныя поспехі нашай літаратуры ў тым спосабе пісьма, калі «думка... раствараецца ў выяўленні, знікае ў ім» (І. Залатускі). Калі гэтым спосабам валодаць дасканала, ён стварае тую натуральнасць, нязмушанасць, пластычнасць пісьма, якім так вабіць чытачоў беларуская літаратура.

Але з цягам часу ўсё больш адчуваецца патрэба ў філасофскай, умоўна-алегарычнай, асацыятыўнай, так званай інтэлектуальнай прозе. Ды, урэшце, і проста «гарадской». Па многіх прычынах. У тым ліку і па той, што зусім на паверхні. Скажам, скідваць з рахунку сённяшні дэмаграфічны расклад, колькі насельніцтва ў горадзе, колькі ў вёсцы, ніяк не выпадае.

Эмансіпацыя думкі — з'ява рэдкая ў беларускай літаратуры. Настолькі рэдкая, што кожнтую спробу ў гэтым напрамку мы сустракаем, можа, і з залішнім даверам. Хаця... «Суцэльна новае» не пазнаецца... «Чым больш прымітыўнае эстэтычнае ўсведамленне, тым для яго патрэбна больш старога, каб успрымаць новае» (Д. Ліхачоў). Мала хто з нас пагодзіцца з самазнішчальнай версіяй пра недастаткова сфарміраванае ці прымітыўнае ўсведамленне, ёсць боязь паддацца ілюзіі адкрыцця, калі там усяго толькі старанная падробка. Але яшчэ больш, можа, важна не прамінуць патрабавальнай і добразычлівай увагай нейкі парастак сапраўднага. Аднак і не паддацца «літаратурнаму санкюлоцтву» (І. Гётэ), не паставіць пасрэднасць на месца таленту.

Зноў жа. Здаецца, так проста, талент гэта талент. Ні больш ні менш. А як у нашых ацэнках аб'ектыўны сацыяльна-філасофскі змест, эстэтычная ёмістасць твора суадносяцца з суб'ектыўным кодам прачытання? І ці заўсёды мы ўспрымаем твор у той сістэме каардынат, у якой ён створаны? Таму што, скажам, зыходзячы з пазіцый жорсткага рэалізму, падпарадкаванага канкрэтнаму факту, можна колькі хочаце абурацца пэўнымі спосабамі асэнсавання рэчаіснасці, зыходзячы з іншых апорных мастацкіх пазіцый, і здзекавацца з тых, хто выкарыстоўвае шматслойную сімволіку і ўмоўныя прыёмы пісьма, рытмізаваную прозу, як гэта робіць М. Ганіна (Лит. газ., 1985, 4 сн.), субліміруючы шматлікія складанасці мастацкага твора толькі ў этычны фактар. Або, арыентуючыся на жывапісную побытавую пластыку нашай і рускай прозы, лічыць «Карнікі» А. Адамовіча літаратуразнаўча-філасофскай схемай на дакументальным матэрыяле. Ці наіўна запраграмаваць фантасмагарычную гарэзію строгаму і жорсткаму пісьму В. Быкава. Або займець думку знайсці адкрытую філасафічнасць у яго прозе, яе няма, хаця проза В. Быкава, безумоўна, мае свой філасофскі эквівалент. І, зыходзячы з тых жа крытэрыяў, палічыць бесфабульны роздум, свабодны мантаж уражанняў і думак, мазаіку няпростых дапушчэнняў, складаную повязь асацыяцый, раскідана-ўпарадкаваны лад пісьма ў прозе апошняга часу ў Янкі Брыля або некаторых твораў Міхася Стральцова справай аналітыкі, а не мастацтва... Або патрабаваць ад Івана Чыгрынава, якому ўласціва імкненне да маштабнага мыслення, да светапогляднага роздуму, да сацыяльнага абагульнення, лірычнай мройлівасці і «фолкнераўскага апавядальнага хаосу» (К. Сцепанян). Ці ад В. Адамчыка, тонкага майстра псіхалагічнага пісьма, чакаць, што ён будзе гэта рабіць аскетычным пэндзлем з літаратурнай майстэрні пазалагічна-мантажнага асацыятыўнага стылю, калі ў яго рабочым арсенале безліч жывых назіранняў, канкрэтыка побыту, краскі і фарбы зямлі, калі ў яго творах так адчуваецца жывая плоць слова.