Выбрать главу

Усё гэта пісьменнікі адметнай творчай індывідуальнасці, са сваёй манерай пісьма. Хаця ніхто не можа прагназіраваць і прадгадваць, у якім кірунку будзе стварацца наступны твор. Згадаем, якімі радаснымі і нечаканымі былі «Ніжнія Байдуны» і «Золак, убачаны здалёк» Янкі Брыля. А хто ж ведае, што з'явіцца раптам перад грамадскасцю, якое творчае празарэнне ў выніку «раптоўнага супадзення свядомай і падсвядомай дзейнасці» (Ф. Шэлінг) любога з названых пісьменнікаў. І такіх празаікаў, як Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Анатоль Кудравец, Алесь Жук. Кожны з іх апошнім часам выявіў і здольнасць да эксперыменту і ў многім здзейсненасць спробы.

У кожнага свой шлях. Свядома ці падсвядома Уладзімір Караткевіч нездарма звяртаўся і да сучаснасці, і да гістарычнай тэмы, згадваючы, што лагічнае веданне адназначнае, гістарычнае ж веданне не выключае лагічнага, але дадае і момант часу. Гістарычнае ж веданне змяшчае ў сабе магчымую супрацьлегласць (Ф. Шэлінг). І надае рухомую дзейснасць створанаму.

Высокі лёт абагульняючай думкі... Духоўная вышыня... Этычная ёмістасць... І дэталі, падрабязнасці, побыт... Празаік Грэкава лічыць, што з іх і складаецца фактура твора, без іх знікае жывое дыханне рэчаіснасці (Лит. газ., 1985, 30 лістап.). Пра строгі іх адбор вядуць гаворку ў сваіх бліскучых артыкулах А. Станюта і М. Стральцоў («ЛІМ»), хаця артыкул М. Стральцова «Калі гаварыць пра жанры» пайшоў за межамі гаворкі «Сучаснасць і сучасная літаратура». Не збіраючыся ні дапяць да ісціны ў апошняй інстанцыі і зусім не ад «свербу падсумавання» (А. Клышка), хачу ўсё ж свае тры грошыкі ўкінуць.

Ужо згадваемы раман «Алімпіяда» І. Пташнікава. Нібыта і насцярожвае празмерная дэталізацыя, часам нават натуралістычныя падрабязнасці (сцэны з Фірагам, некаторыя з «маналогаў» няні Сцяпанаўны), падрабязнасці, якіх не сустрэнеш нават у апісанні армейскага побыту ў такім, скажам, гранічна аголеным, перанасычаным жорсткай, знішчальна падрабязнай праўдай рамане, як «Толькі пакліч» Джэймса Джонса. Але... Чытаеш-чытаеш — і «фламандской школы пестрый сор» (А. Пушкін) выяўляецца мастацкай праўдай. Нібыта ступіў на глыбокае ворыва, добра ўгноенае, паветра зусім не азаніравана, ногі гразнуць, але гэта сапраўдная глеба. Зямля. Пташнікаў увогуле валодае таямніцай стварэння амаль фізічна адчувальнага — не макракосма і не мікракосма — прыроднага жыцця. У канкрэтных сацыяльных абставінах. І ўмее надаць канкрэтнаму выпадку значэнне сімвала. Згадаем хаця б адну з самых моцных сцэн у рамане — выратаванне Алімпіядай калгаснага статка, племяннога быка Сіментала. Стыхія натуры, прыроды, жорсткасць яе — і высокі сэнс чалавечага ўчынку, такога, якімі вымяраецца жыццё чалавека. Жыццё ў еднасці з людзьмі і прыродай — хіба можна забыцца на тое імгненне, калі выратаваная жывёліна, бык Сіментал «замычэў... жаласна і пачаў лізаць сваім шорсткім гарачым языком ёй рукі: пальцы, далоні, рукавы. Лізаў, як ліжа карова сваё цяля ў першы дзень, калі тое паявіцца нa свет...».

Нельга, праўда, не згадаць і не пагадзіцца з тымі словамі Ю. Сураўцава на пленуме СП БССР, што, на жаль, характару, роўнага Алімпіядзе, сярод маладых герояў у рамане няма. Ну, але ж такі закід можна рабіць і ўсёй рускай «вясковай» прозе. А вобразна выяўленая мастацкая ідэя тут відавочная.

І. Пташнікаў цвёрда прытрымліваецца традыцыйнай хранікальна-апавядальнай манеры пісьма, з выразным пластычным малюнкам. Як, дарэчы, гэтай манеры прытрымліваюцца ўвогуле аўтары «Полымя». Добрая, вывераная мова, устойлівы побытавы антураж, трывалае, немітуслівае, непаспешлівае пісьмо. І ў тых, хто друкуецца ў часопісе даўно, і ў тых, хто не так даўно пачаў асвойваць старонкі паважанага часопіса. З. Прыгодзіч, М. Кусянкоў, М. Клебановіч, Г. Марчук, Т. Бондар...

Калі пагартаць «Маладосць», дык тут большая размаітасць тэматыкі, большае імкненне да стылёвай разнастайнасці, больш новых імёнаў, больш рызыкі. Большая ўвага «гарадской» тэматыцы. Дарэчы, зноўку згадаўшы справядлівыя закіды А. Пяткевіча наконт жанравай беднасці і аднатоннасці пісьма, да названых ім пісьменнікаў (Я. Брыля, І. Шамякіна, В. Быкава, У. Караткевіча, В. Казько, В. Гігевіча), творчыя дасягненні якіх вынікаюць не ў апошнюю чаргу дзякуючы адхіленням ад згаданай лініі хранікальна-бытавога пісьма, «уніфікаванага стылю», абавязкова дадала б імёны М. Стральцова, А. Жука, В. Іпатавай, Р. Семашкевіча. Ды і В. Блакіт зусім не трымаецца напрамку бытавой хронікі, дарэчы, зрабіўшы ўпэўненыя крокі ў напрамку ў нас нячастым — іранічнай прозы.