Тэкст апавяданняў Брыля ўвогуле жыве не лагічным парадкам сюжэта ці думкі, не вастрынёй фабулы. Фабульная навела звычайна абмяжоўвае выяўленчыя магчымасці прозы, а празаік вельмі даражыць пластыкай пісьма, свабодай руху думкі, выразнасцю лірычна-філасофскай плыні яе. У пісьменніка няма зададзенай выключнасці персанажаў, кампазіцыйная пабудова разамкнёная, ён гаворыць пра будзённае, але звярнуўшы ўвагу на істотнае, галоўнае. З адухоўленай увагай да свету рэчаў, да прыроды, да акаляючага свету, да ўнутранага жыцця герояў. Увагай засяроджанай, заснаванай па дакладных ведах. Гаворыць немітусліва, з несумотнай важкасцю.
Улічваючы перш за ўсё вопыт Талстога, Чэхава, Буніна. Улічваючы, а не абапіраючыся на яго.
Не прайшлі па-за яго ўвагай і творчыя памкненні Прышвіна і Паўстоўскага, многіх славянскіх і заходнееўрапейскіх пісьменнікаў. Але... У мяне неяк не выходзіць з галавы сцверджанне аднаго сур'ёзнага крытыка пра блізкасць Янкі Брыля Шэрвуду Андэрсану і Эрнэсту Хемінгуэю. Хіба што дасканаласцю формы, ёмістасцю зместу пры лаканізме перадачы. Як гаворыць пра гэта сам Брыль: «Кароткасць, сцісласць трэба ўжо лічыць не толькі сястрой таленту, але і меркай сучаснасці» («Трохі пра вечнае»).
Аднак жорсткі, ледзь не закадзіраваны стыль дыялогаў, кароткія, адрывістыя фразы, знешне малазначныя, адсутнасць тлумачэнняў аўтара, амаль што адсутнасць фону, адсутнасць прамога роздуму, вельмі рэдкія параўнанні і метафары — усё гэта ніяк не датычыць Брыля. Нарэшце, стыль вымагаецца зместам — каб паказаць раз'яднанасць свету, у якім жывуць героі гэтых аўтараў, збянтэжанасць іх усведамлення, і, дарэчы, героі Хемінгуэя — скептыкі «згубленага пакалення», героі Андэрсана звычайна людзі, якія перанеслі эмацыянальную траўму і зараз адчуваюць душэўную неўладкаванасць. Героям Брыля рэфлексіі не ўласцівыя, у самых неспрыяльных умовах жыцця светапогляд яны захоўваюць пазітыўны, прытрымліваюцца народнай філасофіі і арганічна адчуваюць нацыянальную глебу, а гэтага таксама па прычынах сацыяльнага парадку няма ў персанажаў амерыканскіх аўтараў.
Янка Брыль па-славянску, у лепшых традыцыях, любіць параскашавацца словам, даць пагаварыць сваім героям усмак, не пагаварыць толькі, а парасказваць, любіць паглядзець уважліва вакол сябе, даць адчуць чытачу водар зямлі і хараство неба, фарбы, гукі, пахі, і ўсё гэта канкрэтна, па тым талстоўскім прынцыпе, пра які сам Брыль зазначаў: «Ён не пісаў, як часта пішам мы, што заспявала на дрэве нейкая птушка, цвілі на ўзлеску нейкія кветкі, конь чамусьці крутнуў галавою...» Нейкіх птушак, нейкія дрэвы шчасліва абыходзіць і Брыль, добра ведаючы, пра што ён піша, дзе ўсё гэта адбываецца. А гаворка ў яго пра тое, што перажыў сам ці блізкім сведкам быў, што адчувае, што перадумана. Зразумела, усё гэта па-мастацку пераасэнсоўваючы і абагульняючы. Ён валодае не так «дарам вынаходніцтва», як «дарам адухатварэння» (Томас Ман). З даверам звяртаючыся да чытача.
Калі сёння бярэш у рукі тамы новага Збору твораў, пяцітомніка Янкі Брыля, дык, перачытваючы, недзе ставіш сабе замету, як ярка выявіліся асаблівасці творчага почырку празаіка ўжо ў першых яго апавяданнях, што пісаліся ці пачыналіся пісацца ў 35-м, 37-м, 38-м гадах.
Тонкая і паэтычная замалёўка «Як маленькі». Вясковы дзядзька, у якога, канечне ж, процьма будзённых, неадкладных спраў, прыйшоўшы ў гумно, рабіць адну з такіх спраў — «абіваць лён» — стаіць, узрушаны хараством: пад «маладым, румяным сонцам», «як тая зорка касатая», зіхаціць сплеценая павуком на пуках ільна сетка. І ён па-дзіцячы радуецца на гэтае дзіва і па-даросламу, з мужыцкай павагай да чужой працы не хоча рушыць зробленае павуком. Мудрая непасрэднасць, здаровы, моцны настой эмоцый. І ашчадная скупасць слоў, сродкаў выразнасці — у дзевятнаццацігадовага юнака. Гэта не сентыментальнае замілаванне — ах, які ж малады і які таленавіты — проста ўсё пазнаецца ў параўнанні. Сёння многія, і куды больш сталыя пачаткоўцы, не толькі ў нашай, беларускай прозе, парадкуюць, цагліну за цаглінай, цяжкія стандартныя словы — як глухую сцяну кладуць, не праб'ешся...
Раннія апавяданні Янкі Брыля маюць выразную сацыяльную афарбоўку, адметны мясцовы каларыт, жывыя характары. І вобразную мову. Праўда, неяк, калі Буніну выдавалі хвалу за яго мову, ён зводзіў усё да жарту: «Якая такая асобая мова ў мяне, пішу на рускай мове, мова, канечне, выдатная, але я тут пры чым?» Не ведаю, што ў такіх выпадках гаворыць Брыль, але факт — вось у тых жа мясцінах гадаваўся, тых цётак і дзядзькоў, здаецца, чуў, а толькі прачытаўшы Брыля, усхопішся, успомніцца, прыгадаецца: «Што ж ты зробіш з каханай бядою?»