Выбрать главу

Вельмі важна, што ў рамане Брыля паказаны не толькі фашысцкія вылюдкі, але і нямецкі народ. Мы ведаем творы нямецкіх пісьменнікаў пра гэты час, але ў героя рамана і самога празаіка ёсць і ўспрыманне чалавека з іншай краіны, і адносіны асобы, якая хінулася да ідэй сацыялізма, прагна імкнулася да рускай культуры, марыла пра вяртанне ў новую, Савецкую Беларусь.

Алесь Руневіч таварышуе з сумленным, але палахлівым немцам Ракавым, наймітам, у якога «колькі бунту ў душы, столькі і пуду ў нагах». Ракаў, застаўшыся ўдвух з беларускім хлопцам, з даверам гаворыць яму: «Вось што такое вайна. Мы ведаем, чаму яна трэба. Золата, хлопча, золата — над усім...»

Далёка да захаплення фюрэрам і салдату Ота Шмітке, у якога дачку забралі ў служанкі да нацы Грубэра. Бачыце, Марыхен на іх сем моргенаў «лішняя рабочая сіла». Каб быў Шмітке партайгеносэ, гэтага Грубэра і аднавяскоўца свайго Грасмана, «які і спаў, здаецца, у сваёй эсаманскай форме», то яго Марыхен магла б вучыцца.

Яму, Шмітке, чалавеку працы, з цвярозым розумам і здаровым сумленнем, зусім не да фашысцкай балбатні і ўсяго, што з яе вынікае. Хай бы яны самі ішлі ваяваць. «Хто ж яе заварыў, гэтую кашу?» Хай самі і расхлёбвалі б.

Ужо і сваіх суайчыннікаў нефашыстаў нацысты «вучаць працаваць», як Марыхен. Фашызм набірае сілу. Дзейнічае закон «пра абсалютнае захаванне расавай чысціні і арыйскага гонару нямецкіх жанчын». Ужо і сын баўэраў Курт апрануў форму гітлерюгенда, а маленькая Крыстэль уключыла ў свой рэпертуар, акрамя наіўных песенек, «патрыятычныя» «Геген Энглянд» і «Маршырэн вір ін франкрайх айн».

У рамане праходзіць цэлая чарада немцаў: суседзі Алеся Руневіча ў доме Грубэра, манікюрша з Берліна ў цягніку, сямейства баўэраў, у якіх працуе Руневіч, проста прахожыя, прадаўцы, салдаты, рабочыя. І сярод іх тая цудоўная немка, якая падчас уцёкаў з палону Руневіча і Бутрыма накорміць іх і адагрэе душу прыказкай: «Увесь свет — адзін дом».

У рамане Брыля ёсць і змрочная чародка маленькіх «фюрэраў», што яшчэ не засвоілі галоўны занятак масавага вынішчэння «гомо сапіенс», але ўжо з фашысцкай бяздушнасцю і нямецкай акуратнасцю практыкуюцца ў здзеках, як, скажам, той жа Шранк, «звышчалавек у званні старшага ўнтэра» і «нечалавек па прафесіі».

«Прафесія» гэта становіцца самай пачэснай у Германіі, становіцца на вачах у Алеся Руневіча, як і «прызванне» даносчыка. Усюды вушы і вочы абывацеляў, гатовых паслужыць фюрэру. Руневіч добра зведаў гэта — і ў шталагу, і пры першых уцёках, калі яго і таварыша выдала лагодненькая фраў. На кожным кроку ён сустракаецца з тупой абывацельскай адданасцю фашызму. І свядомасць, выхаваная на ідэях гуманізму і філасофскіх высновах Талстога, усё больш адыходзіць ад уяўленняў аб абстрактным агульначалавечым братэрстве да разумення актыўнай барацьбы, што дапамагло Рупевічу пазней, пасля ўцёкаў з палону, стаць партызанам.

З ваеннапалонных шматнацыянальнага лагера Брыль выдзяляе землякоў Руневіча, з імі той выношвае няспраўджаную ідэю атрымаць савецкае падданства і вярнуцца ў Савецкую Беларусь, пазней плануе і здзяйсняе ўцёкі.

Другіх ваеннапалонных празаік падае ў групавых, абагуленых партрэтах, пададзеных скупым, але дакладным абрысам: «Сыны Альбіёна трымаліся з ворагам горда». Часам дадае вельмі трапныя дэталі: нейкі вельмі прадпрымальны француз «вёў з сабой на повадзе карміцельку-казу...»

Брыль праз успрыняцце Алеся Руневіча паказвае няпростае стаўленне да падзей беларусаў, рэкрутаваных у армію Пілсудскага: «Польскім салдатам ён сябе не адчуваў, як і ўсе яны, беларусы».

Трагедыя польскага народа — адна з самых цяжкіх старонак другой сусветнай вайны. З адлегласці часу пісьменніку асабліва добра відзён фальшывы пафас буржуазных улад, якія ўсчынялі такую прапагандысцкую мітусню, што яна «то шугала да нябёс гісторыі саламяным полымем самаўпэўненасці і надзеі на англа-французскіх саюзнікаў, то асядала горкім попелам адчаю і спадзяванняў толькі на волю калісьці ласкавага да Польшчы пана бога».

Раман «Птушкі і гнёзды» шматслойны, шматпланавы. Пісьменнік імкнецца паказаць той свет, што ўплывае на станаўленне героя. У рамане ўвесь час галоўная лінія перабіваецца ўспамінамі Алеся Рупевіча, успамінамі пра дом, маленства, якія ва ўсіх, мабыць, бываюць трохі ідылічнымі, а тым больш калі гэта ўспаміны пра мірнае жыццё. Але гэта сюжэтная лінія неабходная для разумення духоўнага свету героя, для разумення яго чалавечай сутнасці.