Выбрать главу

«Між іншым, прачытаў з вялікім намаганнем волі «Працэс» і «Замак» Кафкі, прынёс «Дзённік», палез у яго і — не змог. Чаму я павінен перамагаць пуду, каб там не знайсці патрэбнага? Змагаючыся з гэтай сваёй «нясціпласцю», беручы сябе па сталай і даўняй прывычцы ў рукі, учора ўвесь дзень праглядаў «Дзённік» і, праўду кажучы, так нічога і не знайшоў. Навошта мне ягоны песімізм?.. Хоць у «Працэсе» і «Замку» штосьці ўсё-такі бачыцца, штосьці ёсць».

Шчырасць без фанабэрыі і снабізму. Без вымог здацца самому сабе і іншым не такім, які ёсць, без боязі, што яго палічаць недастаткова сучасным. І якая самадысцыпліна! «Дойти до самой сути» — падабаецца гэта каму ці не.

Афарызмы, часам вельмі порсткія: «Для самаўпэўненасці чалавеку шмат не трэба — хопіць яе адной», «Зусім розныя рэчы — салдату хацець стаць маршалам, а яфрэйтару лічыць, што ён генерал».

Дзіцячы фальклор — Брыль піша нямала пра дзяцей і для іх.

«Малая, што пяты месяц ходзіць у першы клас:

— Было ў мяне трохі двоек, але ўжо звяліся».

«Хлопчык са шклянкай недапітага ліманаду:

— П'еш — салодкі, а вып'еш — салодзенькі».

Роздум, замалёўкі, думкі пра творчасць другіх, пра сваю...

«Толькі чытаю. Колькі цудоўных кніг! Купіў пазаўчора «Ни дня без строчки» Алёшы і «спраўляў урачыстасць» чытання.

Ён здаецца мне блізкім, як перад гэтым Рэнар, ён гаворыць пра такое прыватнае, нязначнае, толькі сваё, а мне цікава, радасна, я адчуваю сябе на вяршыні шчасця».

Альбо яшчэ:

«Падвойная работа думкі: чытаеш, засвойваеш чыйсьці і думаеш пра сваё».

Гэта «падвойная работа» дала вельмі асабовую, змястоўную прозу пра Талстога («Двойчы пра тое самае»), Чэхава («Мой Чэхаў»), пра Лермантава, Тургенева, Шаўчэнку, Горкага, Чорнага, Лынькова, пра сяброў па пяру: Панчанку, Скрыгана, Янкоўскага, Вітку, Кавалёва, Адамовіча, У. Калесніка, нататкі пра стан сучаснай беларускай літаратуры, пра польскіх, украінскіх, эстонскіх калег. А добрае слова Брыля пра маладых літаратараў! Не сказаць каб пра многіх. Але ж тыя, пра каго яно сказана — не аўтары выпадковых літаратурных удач, таленавітыя, сапраўдныя пісьменнікі: Міхась Стральцоў, Анатоль Кудравец, Віктар Казько, Алесь Жук.

Думка пісьменніка халастога ходу не ведае. Не слізгае па паверхні, а імкне ў глыбіню.

«Сум палёў і раўненне на вечнасць. Гэта — глыбіннае, што адчуваю тут, у Палужжы.

А зверху, верхнія адчуванні — пахі і колеры летняга росквіту, спатканні з блізкімі людзьмі, абавязковыя пачастункі. Найлепш — з дзецьмі і «меньшими братьями», якія тут так блізка да чалавека».

І характэрная заўвага: «Трэба раней уставаць і працаваць больш».

Працаваць перад судом свайго сумлення, пад яго кантролем. «Трымаючы раўненне» на высокія ідэалы чалавецтва, «на вечнасць». І на свае, выпрацаваныя жыццём і літаратурным вопытам крытэрыі: «Першым у пераліках я не быў ніколі. Але самім сабою — амаль заўсёды. І гэта — самае надзейнае, маё».

«НАД КНІГАЮ БЫЦЦЯ...»

Вядомасць, прызнанне, некалькі дзесяткаў кніг, шырокі круг інтарэсаў, сябры, вучні. «Блажен, кто вовремя созрел...» І пасеяна, і зжата. І не стамляецца рука сейбіта. Як і продкі паэта, што «спрадвек гібелі» «над кнігай быцця», сцвярджаючы кожны дзень сваё чалавечае званне, свой талент ствараць жыццё на зямлі, так і паэт Рыгор Барадулін, няўтомны нашчадак земляробаў, рупліва, што пчала (нездарма і кніга яго выбранага называлася «Свята пчалы»), робіць сваю справу. Але... Як і яго продкі, заўсёды ў непакоі. Які як будзе ўраджай? «Аб'явяць, як прысуд: паэт.../ І дакажы няўмольнай зале...» («Як проста ўсё было тады...»). Тыя, шматлікія барозны, папярэднія багатыя ўраджаі — яны абавязваюць. А так жа лёгка, вольна было ісці па цаліку, весці першую сваю баразну:

Як проста ўсё было тады: Эпітэтаў не шкадавалі І дадавалі: малады У маладой таксама зале.
І голас мой звінеў званчэй, Плыў верш мой Качарам да качак, Маланкі бліскалі з вачэй У маладых маіх слухачак.
«Як проста ўсё было тады...»

Была я таксама з тых слухачак. Равесніц. А, дарэчы, паняцце гэтае па волі часу разумелася тады дастаткова шырока. З інтэрвалам так гады ў тры-чатыры. У сорак чацвёртым — сорак пятым пайшлі ж у школу і тыя, хто павінен быў бы ў нармальны мірны час пайсці ў сорак першым, сорак другім, сорак трэцім. І гэта не магло не накласці свой адбітак. Усе былі больш сталымі. Усе раўняліся на тых, хто быў старэйшы па гадах. Хто больш усвядомлена ведаў цану ўрокам вайны. Хто цвёрда і памятліва засвоіў гэтыя жорсткія ўрокі. Аднак — дзякуй дыялектыцы шчаслівага таго ўзросту — не страціў ні маладога наіву, ні свежасці эмоцый.