«Як захлынуўся ад радасці жаўранак,/ Славячы сонца вясновага дня» — ну каму ж у тыя светлыя гады было невядома гэтае беспрычыннае, сталае адчуванне радасці, гэтае сонечнае, светазарнае светаадчуванне. І так адпавядала яму тое, што пісалі паэты пакалення: Васіль Зуёнак, Міхась Стральцоў, Генадзь Бураўкін, Анатоль Сербантовіч, Уладзімір Паўлаў. І, канечне, Рыгор Барадулін. Называю толькі паэтаў з бліжэйшых мне курсаў філфака (журналісты былі тады аддзяленнем і трывала лічыліся філфакаўцамі). Інтарэс да паэзіі быў незвычайны — флюіды яе, здавалася, былі ў самім паветры, азаніраваным знамянальнымі пераменамі часу. І пасля мноства парадных і цвёрда акрэсленых у тэматыцы сваёй вершаў, да якіх мы прызвычаіліся ў школе,— раптам такое свята паэзіі. Тэрмін, які вызначыў самую прыкметную ў тую пару хвалю ў рускай паэзіі,— «эстрадная», з'явіўся трохі пазней. Ды і, мабыць, да нашых паэтаў, што мелі іншыя творчыя арыентацыі, а да таго ж не разлічвалі на эпатаж публікі і адчувалі сябе, не будзем пераўвялічваць, куды менш прывычна і артыстычна раскавана, чым іх равеснікі-пачаткоўцы, але ўжо славутыя байцы рускага слова, на эстрадзе, гэта азначэнне наўрад ці адпавядала б рэальнасці, ды, здаецца, ніколі крытыкамі і не ўжывалася. Калі мець на ўвазе гэтых паэтаў. Прыжылося азначэнне даволі расплывістае, але трывалае — філалагічнае пакаленне. Ну, так ці інакш, паэты прыйшлі ў свой час, час знамянальны, і мы іх любілі шчыра, шчодра, з усёй неагляднасцю нерастрачаных эмоцый. Як саркастычна заўважыць, крыху, канечне, пераўвялічваючы, ва ўзросце сталасці адзін з самых любімых паэтаў пакалення, а для многіх — самы любімы, Рыгор Барадулін, «лугі эмоцый час даскуб», але час застаўся ў нас і вершы засталіся з намі. І прыйшлі да новых пакаленняў. І ўпадабаліся тым, хто быў нашмат старэйшы. Аднак... Відаць, пара перапыніцца... Відавочна, збіваюся на проста-такі немінучае «рэтра». Прынамсі, кожная мода ў нейкай ступені функцыянальная, у нечым адлюстроўвае эпоху. І ў настойлівым «рэтра», мабыць, ёсць свая заканамернасць, імкненне зафіксаваць, запомніць рысы нядаўняга мінулага.
З гэтымі рэмінісцэнцыяй або без іх, Рыгор Барадулін — з'ява ў паэзіі. З добрым запасам трываласці ў дасягнутым і вельмі актыўным сённяшнім. Піша, перакладае, рэдагуе. Шчодры, як сапраўдны талент, дае пуцёўку ў творчае жыццё многім, не будзе ленавацца, спасылацца на занятасць.
Рыгор Барадулін ніколі не праміне выпадку паспрыяць, каб хутчэй выйшла таленавітая кніга паэта — ці з ліку творчых равеснікаў, ці з плеяды старэйшых. Зноў жа — з сапраўднай зацікаўленасцю, з асэнсаваннем свайго грамадзянскага, літаратурнага доўгу. Праца — таксама творчасць. Не служба. А час — катэгорыя няўмольная. Страчанае не вяртаецца.
Паэт гэта вельмі добра адчувае. Свядома, мабыць, толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. Натуральна. Не будзем шукаць у яго відавочна выяўленыя, скажам, гегелеўскія «знешне-быццё», «па-за сабой-быццё», «сабе-быццё» або іншыя формы гнасеалагічнага стану. У Рыгора Барадуліна традыцыйныя формы мастацкага часу. У ранняга Барадуліна — час канкрэтны, часцей за ўсё час імгненняў, фіксаваных момантаў уражанняў:
Час у ранняга Барадуліна сінкрэтычна звязаны з прасторай, у ім першароднасць і вечнасць прысутнічаюць як нешта, што існуе само па сабе, як неўсвядомленая дадзенасць, як натуральны дар жыцця. Падзея фіксуецца як бы з лёту.
І нават час у гістарычных і дакладна вызначаных межах ён абавязкова разамкне вобразным рашэннем: