Праўда, тут ужо не так разамкнёнасць часу, як выхад у «вялікі час» («вякі прыціхалі»), у час пераемны, у вечнасць. Выхад, які так адчувальны ў творчасці сталага Рыгора Барадуліна:
Сталы Рыгор Барадулін усё больш востра адчувае, якія мройлівыя, хісткія імгненні, з якіх ствараецца шыццё чалавека, жыццё, што не так даўно здавалася роўным вечнасці. Здавалася, наперадзе доўгае, амаль бясконцае жыццё, канец так фантастычна далёка, што здаецца проста нерэальным. А тут раптам відавочна сталі знікаць, адлічвацца не толькі імгненні і гадзіны — гады. «Дзе тая зязюля, што мне вякі вешчавала?» («Дзе тая зязюля?..)
Самым надзённым становіцца для паэта клопат — жыць адпаведна людскім законам і законам прыроды: «Ляці са сваімі гадамі,/ Пільнуйся сваёй чарады...», «Каб юныя не гагаталі/ З цябе над захмарнай градом,/ Лупай/ Са сваімі гадамі,/ Знікай/ Са сваёй чарадой» («Ляці са сваімі гадамі...»). Узнікне ў паэта і нармальнае чалавечае жаданне: «Белагаловым дай мне, доля,/ У чорную сысці зямлю» («Чорна-белы напамін»).
І так нязвычна для былога Рыгора Барадуліна будзе задумвацца над спрадвечным кругаваротам у прыродзе:
І пачынаеш, маючы па ўвазе думку паэта, разумець сэнс старажытных слоў: «І памёр... у старасці, насычаны днямі». Менавіта — насычаны днямі, чалавек увабраў у сябе дні свайго жыцця, пражыў іх — і. пайшоў з імі. Маючы іх.
Канечне, час няўмольны. Аднак задаючы сабе пытанне: «У госці хіба да казкі прасіцца?», аддаючы шчодрую даніну самым розным праявам умоўнасці мастацкай творчасці, фантазёр і выдумшчык, Рыгор Барадулін пакуль што не імкнецца да гэтага жанру. Для яго характэрны вось такі паварот вобразнай думкі, паэтычная фантазія, але не ілюзія: «Уцякала зіма ад вясны/ Па кустах вербалозаў рагатых./ Ёй каптан абарвалі яны,/ і на голлі матляецца вата», «І ўцякала зіма ад вясны,/ Пад нагамі ламачча затлела,/ Парастрасала па сцежках лясных/ Снег апошні свой з ландышаў белых» («Уцякала зіма ад вясны»).
Ясная, відавочная, усвядомленая рэальнасць свету займае паэта. І вось што цікава — многае фіксуецца як быццам бы хранікёрам («Дома», «Дзень добры, інтэрнат», «Трэба дома бываць часцей...», «Стэарынавая свечка», «Інтэгралы на цэгле», «Віцебск асенні», «Чарсцвяды», «Азёры Ушаччыны»), нібыта выпадкова, хаатычна падаюцца падзеі, эпізоды («У верасня — свой, асаблівы пах...», «Пра бароды і маю радаслоўную», «А быў я ў вясны палонны...», «Лісток ушачскай восені», «Бяроза з лістам гаварыла...», «Заінелая Ушаччына», «Маналог лугу», «Мне дома цяжка заснуць...», «Сады»), але праз гэтую хаатычнасць, уяўную, і ўяўную выпадковасць праглядвае сутнасць рэчаў. Сэнс адчуваецца і за межамі фактаў і ў іх саміх.
Безумоўна, у гэтым вершы, як і ў многіх іншых, відаць светаадчуванне паэта, яго натуральнае знаходжанне ў свеце, яго нармальныя, па-за комплексамі, суадносіны з прыродай, натурай самой па сабе, і з прыродай рэчаў і з'яў. Аднак — і факты, існаванне жыццёвых рэалій гаворыць само за сябе: першародная свежасць квітнеючых вішняў, вясновая вясёлая трава — гэтыя арганічныя, абавязковыя пачаткі жыцця сваёй самавідавочнасцю вызначаюць жывое жыццё, надаюць сэнс мастацтву і без абстрактна-лагізаванага мыслення. Субстратаў сутнага мы ў яго, мабыць, не знойдзем, але затое як ён умее падаць канкрэтныя рэаліі, даць дакладную псіхалагічную афарбоўку з'явам вялікага сацыяльнага і грамадзянскага гучання, вобразна выявіць падзеі рознай значнасці. Акрэсліваецца характарыстыка часу, выяўляецца рэчаіснасць некалькіх дзесяцігоддзяў XX стагоддзя, ствараецца сацыяльная панарама.