Выбрать главу

Жыва і душэўна насычана садзейнічаюць стварэнню характарыстыкі часу хрэстаматыйна ўжо вядомыя: «Палата мінёраў», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Багатая Камароўка», «Трыпціх Ушаччыны», «Выкладчыцы роднай мовы» і, менш кранутыя ўпамінаннямі і аналізам, больш познія па датах напісання: «Яблыні», «Хат болей, чым людзей...», «Вытокі», «Жыццялюбамі землякі былі...», «Праходжу паўз дамоў...». З'явы, факты, штрышкі, дэталі, заўвагі — а ў вершах выяўляецца вопыт паэта і яго пакалення. Вопыт часу. Вопыт, перададзены папярэднімі пакаленнямі. Жыццёвы, філасофскі вопыт. Вопыт культуры. Паэт усё гэта спяшаецца засвоіць, ухапіць, запомніць. Перадаць. У яго настойлівая патрэба пазначыць словам усё. Згадаем хаця б яго даўнія, такія, здавалася б, непраграмныя вершы — «Слаўлю чысты абрус...» і «Памытая падлога». Якое рэдкае ўмельства зірнуць пільным вокам паэта на самыя звычайныя рэчы. Будзённыя. Нездарма ён уключыў гэтыя вершы і ў сваё выбранае і ў двухтомнік. Уваходзяць яны і ў кнігі перакладаў паэта.

Але давайце лепш яшчэ раз прачытаем: Толькі што памытая падлога Пачынае пахнуць борам густа. Зноў, здаецца, слухаеш падоўгу, Як звіняць галін сасновых гуслі.
Млосна ад малін у расцяробах. Дзяцел грукне ў цішыні чмялінай. Выцірайце ногі. Асцярожна! Вы ступаеце па вершалінах!..
«Памытая падлога»

Дарэчы, пра гэта ўжо пісалі. Як увогуле многа і шчодра пісалі пра Барадуліна. Рыгор Бярозкін, Міхась Стральцоў, Варлен Бечык, Васіль Зуёнак, Рыгор Семашкевіч, Вольга Іпатава... І... і... і... Бібліяграфія заняла б добрыя старонкі... Ёсць і першая кніга пра Рыгора Барадуліна.

Але — вяртаючыся да галоўнага прадмета размовы. Рыгор Барадулін не ўмее быць пасіўным. Не ўмее маўчаць, калі яго нешта хвалюе. А хвалююць яго і пытанні дня, і лёс планеты. І ўрокі апошняй вайны. У тых вершах, што ўжо згадваліся, і ў многіх іншых, і ў паэмах, без якіх ужо нельга ўявіць творчасць гэтага паэта: «Трыпціх», «Блакада», «Балада Брэсцкай крэпасці»:

Таму што многае ў свеце, жыцці, літаратуры мы ўспрымаем, зыходзячы шмат у чым з вопыту Вялікай Айчыннай. Вось, скажам, і гэтая думка англійскага паэта XVII стагоддзя Джона Дона, што стала большасці з нас вядома па эпіграфу да рамана Эрнеста Хемінгуэя «Па кім звоніць звон»: «...Смерць кожнага чалавека прыніжае і мяне, бо я адзіны з усім чалавецтвам...», прачытваецца намі як асірацеласць наша кожным чацвёртым беларусам, што загінуў падчас вайны. Таму што гэта ўзровень самаўсведамлення, які знік, але мог бы існаваць: гінулі на вайне ў асноўным маладыя, дужыя, лепшыя. Таму што гэта адсутнасць якой бы там ні было логікі, акрамя логікі абсурду, і адсутнасць маральнага сэнсу ў самым факце вайны. Але і вялікі сацыяльны і маральны ўрок савецкага народа, што адстаяў свае сацыяльныя, палітычныя і маральныя ідэалы.

У паэмах Рыгора Барадуліна яго творчасць набыла гістарычную якасць, свабода і шчырасць, нават пякучая праўда вершаў, асобных уражанняў набралі тут сілу абагульнення, моц філасофскага дыхання. Зноў жа — не ў абстрактна-лагізаваным выяўленні, а ў вобразным пераламленні засвоенага рэалістычным зрокам паэта матэрыялу. А памяць паэта менавіта відавочна і адчувальна рэальна захавала і памножыла засвоенай памяццю народнай крыніцу таго невераемнага сутнаснага свету, які называўся вайной. Паэт свядома акцэнтуе нашу ўвагу на страшэнных дыспрапорцыях, на сумяшчэнні несумяшчальнага, на бяссэнсавасці ваеннага пекла, даючы новы сэнс агульнапрынятым паняццям — каб мы зразумелі, які невынішчальна моцны дух народа, што перажыў катаклізмы вайны. І як суцэльна натуральна няўмольная памяць вайны ў сённяшнім, і шматмерным, і шматфарбным, і шматаблічным свеце. Паэт наўмысна выбірае ракурсы самыя нечаканыя, каб голас яго быў чуцён, а зрок быў абвострана жорсткім. Гэта асабліва адчувальна менавіта ў Рыгора Барадуліна, паэта, што так неўтаймоўна востра адчувае свята жыцця ў вялікім і малым, у кожнай дробязі паўсядзённасці, у паўнагучнай музыцы чалавечага быцця.

Выяўленчы лад вершаў Рыгора Барадуліна ў паэмах строга прадуманы, мы адчуваем нават вагу і шчыльнасць кожнага слова ў радку. І таму, мабыць, асабліва зрокава выразныя — не карціны, не, а як быццам выхапленыя бліскавіцамі памяці — кавалкі, ці што? — рэальнасці.