Выбрать главу
Выбух! Пахне зямля сырая. Ды вока ралля радуе.— Зямля ўзарана снарадамі. Прыйшла не з краскамі вясна-красна. Распалілася даясна Нізкага неба скляпенне. Першы круг захлынае.

Або — вось гэтае:

...Нa падлозе салома зложыцца, Прапахне голадам, тыфусам, Бяздомным бежанцам Блакада ў патыліцу дыхае. Нішчымніца — злая дзядзіна...
На руках толькі дзеці хворыя. Іх усмешкі вайна адпрэчыла. Яны на скарынку чэрствую Глядзяць вачыма старэчымі. Сасмягла рачулку чэрпаюць.

Рыгор Барадулін выводзіць слова з абмежаваных адназначных азначэнняў да абагульнення з'явы — блакада цярпення, блакада маўчання, блакада сэрца, надае часавую працягласць таму, што адбылося. Слова робіцца сімвалам, з мікракосма звычайных уяўленняў энергіяй волі паэта дасягае макракосма духу. Зноў жа — сродкамі, уласцівымі паэту. З тым адчуваннем стылю і меры, якія даюць Рыгору Барадуліну дакладнае ўменне ў пару згадаць пра невычарпальную крыніцу яго творчасці — фальклор. І ўвесці ў паэму нейкія прыказкі, замовы, прыпеўкі, арганічна ўплятаючы іх у верш, а часам і страфічны малюнак штрыхуючы па законах фальклору. Пра гэта вельмі нешматслоўна, але дакладна напісана М. Стральцовым. Дарэчы, фальклорная гэтая аснова прачытваецца і як канкрэтызаванае тлумачэнне аднаго з магутных вытокаў невынішчальнага духу народа, прыроднай жывучасці яго — і казка, і песня, і прымаўка. Яны дапамагалі перажыць голад, перамагчы смерць:

Некалі голад — нішчымніцы хрэснік — Жартаваў на Белай Русі: «Пяі песні, Хоць трэсні, Толькі есці не прасі...»

Жыццё — не імгненны цуд, які можа абарвацца з прыхамаці сляпога выпадку, жыццё абавязана мець сваю працягласць, прачытваецца за радкамі паэмы. Зноў жа — нармальнае ўспрыняцце нармальнай псіхікі. Таму што, мабыць, і вялікі Амар Хайям, калі роспачна кідаў: «Жыццё ні многа ні мала — імгненне адно», больш смуткаваў з хуткаплыннасці жыцця, чым сцвярджаў заканамернасць нядоўгага чалавечага жыцця.

І ў гэтай паэме, як і ў «Баладзе Брэсцкай крэпасці», і ў «Трыпціху», паэт хоча «да сэнсу... сэрцам дабрацца». Каб усвядоміць для сябе і іншых вечнае, непераходзячае значэнне подзвігу народа: «Гісторыя, калі ты будзеш пераглядаць кнігі мудрасці строгі змест — не толькі па алфавіту, відаць, на першае месца стане Брэст».

У пасляваенным жыцці ўсё набыло асаблівую самацэннасць, сцвярджалася ў сваёй самазначнасці. Кожны чалавек, кожнае дрэва. Кожны ацалелы дом, кожны кавалак скупога пасляваеннага хлеба. Кожная спроба абавязкова наладзіць жыццё. Мірнае жыццё. Магчыма, таму гэта так адбілася ў памяці, што ніводзін крытык не змог устрымацца ад цытацыі. «Мы з маці — усёй сям'ёй/ рэзалі дровы зімою./ Два крокі я йшоў за пілой,/ тры крокі — назад з пілою» («Трыпціх»), Маці паэта Куліна «сталярыла і цяслярыла без гэбля, без ватэрпаса», з дапамогай людзей стварала свой дом, не ачаг, у пераносным сэнсе, а менавіта будавала хату, наладжвала жытло. А потым імкнулася, каб цяпло не сыходзіла з хаты, заўсёды быў у ёй жывы агонь. Вогнепаклонніца — як з ласкавай захопленасцю назаве яе пазней паэт.

З вершаў пра маці ў Рыгора Барадуліна ўвогуле можна скласці некалькі асобных цыклаў, як існуюць, скажам, цыклы аб Прыгожай даме, аб мадонне. Нават не магу прыгадаць паэта, у якога было б так многа напісана пра маці. Тут адчуваюцца і чыста «сямейныя» карэнні, уплыў культурна-бытавога ўкладу, ахоўніцай якога была раней перш за ўсё маці, тая, што шыла ўсяму сялу, толькі «долю ніцаваць не ўмела», «кужаль злыбяды ў слязе вымочвала» («Быў амаль з іголачкі апрануты...»), якая папераносіла азёры вёдрамі («Мама»), добра зведала горкую ўдовіну долю. але ў паэта адчуваецца яшчэ і іншая сувязь з маці: ад яе — слова роднае, «матчына мова»; ад яе — дар, талент, «матчыны песні»; з ёю сувязь не толькі кроўная, але і духоўная («І кожны радок быў да сэрца прытулены,/ што біблію слова матулінага берагу»); ад яе — разуменне высокай красы («краса матуль адданасцю святая»). Таму, мабыць, у яго паэзіі, трывала прысутнічае тэма доўгу перад старэйшымі пакаленнямі, пачуццё сыноўняга абавязку:

Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя, Пакуль дымяцца коміны — пагрэйцеся ў бацькоў. Калі адчай вякоў гайнёй ваўкоў завые, Не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў.
«Наведвайце бацькоў...»

Зямля людзей, Радзіма, Беларусь. Самае роднае месца па зямлі — Ушаччына, маці; усё гэта знітавана ў памяці і творчасці, паэта, у сталай суразмеранасці і непарыўнасці прыватнага вопыту і грамадзянскага, грамадскага. Маштаб асобы: паэта ўзбуйняецца ў судакранальнасці да маштабу тэм, глабальныя тэмы набываюць асабістае, але не камернае гучанне. І ў паэта заўсёды ёсць адчуванне асабістай маральнай адказнасці, калі выкарыстаць словы А. С. Пушкіна, «боязнь солгать на народ».