Выбрать главу
СПРАВАЗДАЧА СУМЛЕННЯ

Падобны ён да сваіх улюбёных герояў — змагароў, людзей самавітай думкі, смелага дзеяння. Чалавек высокіх прынцыпаў, светлы мысленню, нястомны працаўнік. Грамадзянін, асоба, літаратар — гэта непарыўна ва Уладзіміру Калесніку. І не будзённага кшталту. Спраўджвае ён «штодзённую справаздачу сумлення» («Берасцейскае вогнішча»). Не год і не два. Жыццё. У дзевятнаццаць год — антыфашыст, падпольшчык, у дваццаць — партызан, у дваццаць адзін — начальнік штаба партызанскага атрада. Пасля вайны — кандыдат, пазней — доктар навук, і не ў ступенях сэнс, сапраўдны вучоны, нястомны плугар на ніве беларускага пісьменства, ды ўсё больш па цаліку. Ад кнігі да кнігі. Загадчык кафедры ў Брэсцкім педінстытуце. І зноў — не проста на пасадзе, ад лекцыі да лекцыі, ад сходу да сходу. Нечыноўны выхавацель, настаўнік у самым сапраўдным разуменні гэтага слова, будзіцель думак і здольнасцей. Кіраўнік літаратурнага аб'яднання, сапраўднага культурнага вогніска ў Брэсце. А падтрымлівае агонь ён, Калеснік. Яго ж гартаванцы Ніна Мацяш, Алесь Разанаў, Васіль Жуковіч, Міхась Рудкоўскі, Іван Арабейка...

А як тут уседзіш склаўшы рукі, калі перад табой такі ўзор? Даследчык, крытык, празаік. Адзін з самых адметных сярод нашых літаратараў, які сёння мае плёнам годны стос прац: «Паэзія змагання», «Час і песні», «Зорны спеў», «Ветразі Адысея», «Лёсам пазнанае», «Аповесць пра Таўлая», «Пасланец Праметэя». Ні з чым не параўнанае сааўтарства — у стварэнні кнігі «Я — з вогненнай вёскі...» з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём. Грунтоўныя раздзелы ў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», «Истории советской многонациональной литературы», у падручніках для студэнтаў.

Даўно можна пісаць пра Уладзіміра Калесніка добрую кніжку. Назапасілася матэрыялу, выспеліўся той матэрыял. І літаратурны, і біяграфічны. Гэты ж допіс не мае на мэце вызначыць і прасачыць этапы развіцця творчасці Уладзіміра Калесніка, не прэтэндуе на ўсёахопнасць. Хацелася толькі пазначыць некаторыя адметныя рысы пісьменніка, накрэсліць нейкія штрыхі яго мастакоўскага аблічча.

Уладзімір Калеснік ласкаю лёсу належыць да тых даследчыкаў і крытыкаў, у якіх шчасліва супадаюць талент аналітыка і талент празаіка. Ён умее весці сур'ёзную акадэмічную гаворку выдатнай беларускай прозай. Высокая тэорыя, пільны аналіз, шырокая эрудыцыя, яркі, незбыт багаты слоўны запас, вострая, тэмпераментная, па-грамадзянску смелая думка. Усё гэта стварае непаўторны стыль пісьма Калесніка.

Аднойчы прачытаўшы яго, не прамінеш наступнай публікацыі. Ён валодае сакрэтам захапіць чытача. Не таннымі выкрунтасамі. Не падробкай пад густ кожнага. Ён прымушае сягануць да яго духоўнага росту. І росту яго герояў. Дае такую выбуховую экспрэсіўную хвалю — не хочаш, узнімешся. Умее ён самыя складаныя праблемы, там, дзе нехта б навукападобнна марудзіў, цягамотна слізгаючы ў цяжкавымаўляемых тэрмінах, давесці дакладна, дасціпна, ператвараючы тэарэтычныя выкладкі ў эмоцыі, а эмоцыі прамаўляючы вострым, ваяцкім словам. Часам проста — бліскуча.

Скажам, такое, заўсёды няпростае, у кантэксце сённяшніх падзей асабліва складанае пытанне. І — вось хаця б пачатак вызначэння праблемы Калеснікам: «Паўтараста дзесятка гадоў польская паэзія стварала вызваленчую легенду для падняволенага народа. Узорам служылі матывы праметэйскага міфа, антычныя сказы пра тытана, які падарыў людзям агонь, а потым пакутаваў за сваю чалавекалюбнасць... І вось калі мэта нарэшце была дасягнута, калі ў полымі рускай рэвалюцыі ўзнікла польская дзяржава, песнярам, па логіцы падзей, засталося толькі спець пераможны гімн, урачыста завяршыць вызваленчую легенду і вызваліцца ад абавязку служэння грамадзянскай ідэі, дазволіць сабе служыць адной толькі чыстай красе. Так яно і рабілася... Ды неўзабаве выйшла наяў, што дзяржава хоць і вольная, а ўсё ж уласніцкая, буржуазная, для адных яна родная маці, а для другіх — мачыха» («Звяно легенды»).