Уладзімір Калеснік стварыў калектыўны партрэт дзеячаў Заходняй Беларусі, што складваецца і з калектыўных замалёвак, і з асобных партрэтаў. Дзе сваё месца займае Максім Танк. Сваё — Валянцін Таўлай. Сваё — Янка Брыль. У Брыля, праўда, літаратурная дзейнасць прыпадае на іншы час. Але станаўленне асобы, усведамленне сябе ў свеце і свету ў сабе, разуменне класавых межаў — у тых, давераснёўскіх гадах. І тэма многіх ягоных твораў — таксама там.
Для Уладзіміра Калесніка вельмі важна — бо для пісьменнікаў-заходнікаў, хто сталеў у давераснёўскі перыяд, іх ідэйныя пазіцыі былі вынашанымі, выпакутаванымі, не так, як для іх адналеткаў у Савецкай Беларусі, дзе разуменне марксісцкай ідэалогіі прыходзіла разам з першымі радкамі ў школе, з поклічам піянерскага горна, з першым сходам у камсамольскай ячэйцы.
Янка Брыль — здаецца, ці не адзіны празаік, пра якога піша Уладзімір Калеснік. Піша так, як і пра паэтаў, герояў сваіх твораў. Як пра творцу і чалавека. Па праву крытыка і па праву сябра, па праву чалавека, які быў побач і поплеч у партызанскім атрадзе, у мірныя дні працы, у святы, у вандроўках. Калеснік разумее героя свайго нарыса ў складаным узаемаспалучэнні аб'ектыўнага і суб'ектыўнага: «Творчасць Янкі Брыля з'яўляецца таленавітым сцвярджэннем духоўнага багацця беларускага народа, яго самавітага нацыянальнага характару, побыту, звычак, пявучага хараства яго мовы» («Здымак у жыце»).
У гэтым рэчышчы разумення і зацікаўленасці — творчы партрэт Ніла Гілевіча, паэта, нястомнага перакладчыка з балгарскай, сур'ёзнага вучонага, прынцыповага крытыка і публіцыста.
Заўсёдны, трывалы клопат Уладзіміра Калесніка — культура Беларусі, духоўныя яе здабыткі ва ўсіх праявах. І ўмее ён, здаецца, нават мімаходзь, сказаць на гэты конт нешта вельмі важнае. У нарысе «Будзённы дзень з Максімам Танкам» ён, прыгадваючы сустрэчы студэнтаў у Брэсцкім педінстытуце з Уладзімірам Караткевічам, раманы якога вабяць студэнтаў «высакароднасцю герояў, адухоўленасцю адносін паміж імі», занатуе такую важную думку: «Гістарызм тут [у творах Караткевіча] — сродак узвышэння маральных праблем да маштабаў агульначалавечых».
Гістарычна абумоўленае, шляхамі творчага развіцця прадвызначанае — усё гэта ў складаных сваіх узаемаадносінах, узаемазалежнасцях умее асэнсаваць Калеснік. І мы разумеем маштаб, значэнне крытэрыяў, узятых на ўзбраенне пісьменнікам. Гэтыя крытэрыі абумовілі і ягоны ўдзел у кнізе «Я — з вогненнай вёскі...».
...«Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі», па сутнасці, тэарэтычна падвялі пэўны рахунак у разглядзе рамантычнай традыцыі ў беларускай, і ў прыватнасці ў заходнебеларускай, паэзіі, згрупавалі асобныя патрабаванні тэмы «заходнебеларуская літаратура і грамадскае жыццё», бо Уладзімір Жылка аказаўся мастаком сапраўды значным і прынцыпова важным для разумення ідэйна-эстэтычных праблем беларускай літаратуры 20-х гадоў. Рамантызм як традыцыя беларускай літаратуры ў сваю чаргу аказаўся праблемай, якая «здольна дапамагчы нам удакладніць ацэнку многіх фактаў літаратуры і лепш зразумець тыя катаклізмы, якія перажывала паша пісьменства на пераломе 20-х і 30-х гадоў і якія сёння ўсё цяжэй становіцца разумець шырокім чытачам, прывыклым дзейнічаць ва ўмовах больш высокай грамадскай і таварыскай культуры».
І заканамерным было пасля «Ветразяў Адысея» з'яўленне кнігі пра Максіма Танка. Таму што Максім Танк — і мастак такога маштабу, што здолеў «акумуліраваць і выказаць самыя вострыя і балючыя праблемы жыцця, матэрыялізаваць у слове дух часу». І сваёй творчасцю, сваім мастакоўскім шляхам рэальна выявіць лёс рамантычнай традыцыі ў беларускай літаратуры, сінтэзаваўшы «свядомае замацаванне рамантычных тэндэнцый з рэалізмам», «узбагаціўшы рацыянальную ідэю гуманістычнаю інтуіцыяй». І запрашаючы чытача ў падарожны па шляху выдатнага мастака, шляху, што ўвабраў гады «змагання, вогненныя і мірныя», «загадзя абяцаць не толькі хвалюючую эстэтычную прыгоду, але і далучэнне да грамадзянскай гордасці за свой народ, які ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, што панаваў у былой Заходняй Беларусі, здолеў вывесці на арбіту гістарычнага жыцця свайго песняра». У гэтым сцвярджэнні, давядзенні да гэтай лагічнай высновы — прынцып, грамадзянская і творчая праграма Калесніка.