Вось тут і адыграла сваю ролю ўсё. І светапогляд — у першую пару вузкапрагматычны: даць хлеб. Сёння. Пра заўтра думалася, толькі катэгорыямі сённяшняга дня. І недахоп агульнай і прафесійнай культуры — развагі гідрагеолагаў успрымаліся не як канкрэтная дзелавая размова, а як адцягненыя разважанні пра далёкае, малаістотнае. І скіраваны на тое, што здавалася больш блізкім, этычны слых. Нахрапісты напор Шахрая. Маўляў, што там размазваць словы. Крышы, ламі, давай. Недахоп канкрэтных ведаў, непаслядоўнасць этычная — і вось яны, вынікі. У эпоху НТР гнасеалагічнае і этычнае непарыўна звязваюцца.
Хаця — быць паслядоўным няпроста на любой пасадзе. Разумеючы як сваю жыццёвую выснову заўсёды рабіць да знясільвання — апынаецца на бальнічным ложку Алімпіяда І. Пташнікава. Губляе спачатку пасаду калгаснага брыгадзіра (яго выпраўляюць на пенсію), а потым ахвяруе і ўласным жыццём непрымірымы Сцяпан Дзямідчык з аповесці. А. Жука «Паляванне па Апошняга Жураўля». Сцяпан Дзямідчык вельмі востра адчувае свой доўг і свой абавязак — быць гаспадаром па зямлі. І ў высокім значэнні гэтага слова, і ў рэальным, канкрэтным. Яго хвалюе ўсё, што адбываецца ў калгасе. І ён не вагаючыся адстойвае свае прынцыпы. І прынцыпы нашага жыцця. З пункту погляду чалавека, які немалыя веды і немалы гаспадарчы вопыт набыў за доўгія свае гады. Ён адчувае неабходнасць адказваць за ўсё. Спрачаецца з няўдаліцай-спрытнягай старшынёй калгаса, не дае сапсаваць ураджай п'яным механізатарам, спрабуе перашкодзіць браканьеру, які палюе за няшчасным зайцам, шыбуючы на машыне па раллі. Са- цыяльна-актыўны, дзейсны станоўчы герой беларускай прозы — ён больш за ўсё пакуль што ў творах «ваеннай» і «вясковай» тэматыкі. Найбольш пераканаўчы герой такога статусу ў «гарадской» тэматыцы пакуль што застаецца, мабыць, у І. Шамякіна.
Хаця цікавыя, нават значныя спробы ў засваенні праблем часу ў «гарадской» тэматыцы і пошуках героя робяць В. Блакіт, В. Іпатава, В. Гігевіч, У. Рубанаў і інш. З маладых — больш за ўсіх, мабыць, У. Арлоў. Хаця вельмі часта праблема ставіцца «доказам ад супрацьлеглага».
Апошнім часам размова пра героя ідэальнага, станоўчага, амбівалентнага вядзецца рознымі літаратарамі: Л. Анінскім, У. Гусевым, І. Дзядковым, А. Нуйкіным і інш. І з пазіцый ледзь не дыяметральна супрацьлеглых. Не падзяляючы многіх канкрэтных прыхільнасцяў і катэгарычных адмаўленняў абаронцаў традыцыйнага погляду на каштоўнасныя арыенціры, выпрабаваныя тысячагоддзямі,— цалкам падзяляю думку пра тое, што імкненне да ідэалу і ідэальнага героя натуральна ўласцівае чалавеку. Гэтае імкненне існуе ў псіхалогіі чытача. Нават зацятыя скептыкі, а не толькі дзяўчаткі і хлопчыкі ўзросту блакітных мар захоўваюць не заўсёды, можа, на паверхні, але ў тайніках душы вобразы Карчагіна, Овада, маладагвардзейцаў. Як не губляюць з цягам часу прывабнасці героі рыцарсцвеннага кшталту — шэвальо д'Артаньян, паэт Сірано дэ Бержэрак. У гэтым, мабыць, адна з прычын незвычайнай папулярнасці нашага Уладзіміра Караткевіча. Чытачам увогуле падабаецца ягоная прага незвычайных рэчаў і з'яў. Cupiditas rerum novarum. Да герояў і гераінь гэтага пісьменніка ніяк не дастасуеш сённяшнія спрэчкі: чаму фемінізуюцца і губляюць статус надзеі і апоры мужчыны, дзе ж падзеліся хараство і жаноцкасць кабет. У яго і сучасныя героі, і постаці з далёкай ці блізкай гісторыі — рыцары, характары эталонныя, адпавядаюць самаму ўзвышанаму ўяўленню пра чалавека. Жанчыны ў творах пісьменніка — заўсёды ўвасабленне прыгажосці духоўнай і фізічнай.
Галоўныя героі У. Караткевіча — а яны звычайна крыштальна станоўчыя — не змяняюцца ў духоўным сваім выяўленні, хаця змяняюцца тэмы, жанры, эпохі. І ў гістарычна-хранікальным рамане «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіча, і ў гісторыясофскай яго прозе, дзе густа пераплецены і патэтыка, і іронія («Сівая легенда», «Цыганскі кароль»), і ў «Чорным замку Альшанскім», творы своеасаблівым, у якім непарыўна злучыліся гісторыя і сучаснасць, будзённасць і экзотыка, навуковая дакладнасць і лёгкі шарм падкрэсленай белетрызацыі, высокая рамантыка і цвярозы рэалізм, герой — натура бездакорная, сур'ёзны вучоны, пісьменнік, чалавек шырокіх інтарэсаў, самаахвярны ў сяброўстве, высакародны ў каханні.
Героі прозы У. Караткевіча пра сучаснасць — таксама характары звышгераічныя і станоўчыя («Нельга забыць», «Чазенія», «Лятучы галандзец», «Залаты бог»),