Выбрать главу
АБРАНЫМ ШЛЯХАМ

У тую сур'ёзную ўстанову, дзе мне давялося ўпершыню пабачыць Арсеня Ліса, прыходзілі паасобку і гуртам людзі вучоныя, паважаныя, з важкімі папкамі рукапісаў: манаграфіі, зборнікі навуковых даследаванняў. Усе гэтыя людзі, зразумела, мелі той сацыяльны статус, што ў абагульненым выглядзе патрактаваны — інтэлігенцыя. І адным з тых, да каго гэтая прыналежнасць сацыяльная стасавалася неяк асабліва арганічна, быў Арсень Ліс. Не толькі таму, што паводле, ну, скажам, Слоўніка іншамоўных слоў, інтэлігенцыя — «работнікі разумовай працы», а інтэлігентнасць — «разумовая развітасць, падрыхтаванасць да разумення тэарэтычных пытанняў, культурнасць». Па яго працах былі відавочныя і развітасць, і падрыхтаванасць, але ва ўсім яго абліччы, у паводзінах адчувалася вось тое, апошняе, у азначэнні: культурнасць. І знешнія выхаванасць, уважлівасць да людзей, далікатнасць, але галоўнае — глыбокая ўнутраная культура, духоўная засяроджанасць, няспынная праца душы. І тое, што ён сам пазней у сваёй аўтабіяграфіі («Ад матчыных песень», зб. «Вытокі песні») назваў «уладнай сілай навукі», «з яе патрабавальнасцю самааддачы і неабсяжнымі, магчымасцямі».

Гэтая ўладная сіла выявілася ў руплівай, на ўсё жыццё, па сутнасці, працы па збіранні беларускага фальклору і тэарэтычным асэнсаванні народнапаэтычнай творчасці. Арсень Ліс — адзін з самых актыўных складальнікаў трыццаці тамоў беларускага фальклору. На яго рахунку том «Жніўных песень», тамы вясельных і каляндарных. А яшчэ існуе зборнік «Беларускія народныя песні», складзены ім, манаграфія «Купальскія песні», падручнік для студэнтаў ВНУ «Беларуская народная творчасць», адным з аўтараў якога быў Арсень Ліс, мноства прац па фальклоры.

Арсень Ліс натхнёна і надзейна ўрабляе сваю дзялянку, спалучаючы практыку фальклорных экспедыцый, цягавітую працу збіральніка з грунтоўнай акадэмічнай падрыхтоўкай, навуковае, аналітычнае веданне народнай творчасці — з тонкім разуменнем стыхіі народнага слова і меласа, з інтуітыўным спасціжэннем глыбіняў народнага духу.

Адчуваючы непарыўную сувязь усіх праяў кожнай культуры з народнай творчасцю, дзе вытокі, пачатак, вечная невычэрпная крыніца для кожнага мастака. Адчуваючы «нейкую трывалую душэўную сувязь са сферай, створанай мастацтвам, літаратурай» («Ад матчыных песень»). З самімі творцамі. Беларускай культуры: ў прыватнасці.

З'яўляюцца нарысы — пра мастака Язэпа Драздовіча («Шляхі і пошукі», 1964), асобу, на тую пару малавядомую шырокаму колу прыхільнікаў мастацтва; пра Антона Грыневіча, збіральніка песеннага фальклору («Песня прасілася ў свет», 1966).

Дарэчы, гучыць так спакойна-інфармацыйна: мастак, збіральнік. А былі гэта людзі ой якога ж нялёгкага лёсу, ідэі свае і творчасць сваю прыходзілася ім зацята адстайваць ва ўмовах буржуазнай Польшчы 20-30-х гадоў. Арсень Ліс паказаў гэта. Натхнёна. Пераканальна. Як Антон Грыневіч «бараніў песню свайго працоўнага люду ад нядобразычліўцаў і ганіцеляў яе». Як Язэп Драздовіч з акрайцам чорнага хлеба (часцяком увесь наедак ягоны) пехатою выпраўляўся па родным краі — Беларусі — і рабіў вялікую сваю справу: натхнёнай рукой ствараў згодна свайму ўсведамленню адбітак усяго, што бачыў, што ўяўляў — краявіды Беларусі, постаці сучаснікаў і людзей мінулага. Пакідаў нам неацэнны скарб.

Які ўшануюць удзячныя нашчадкі. Пра гэта таксама, амаль праз дваццаць год, у 1983-м, напіша Арсень Ліс, увесь гэты час не выпускаючы з-пад увагі лёс твораў і памяці Язэпа Драздовіча і прымаючы чынны ўдзел у канкрэтных захадах дзеля гэтага. Напіша пра помнік мастаку ў Ліплянах і пра экспазіцыю карцін яго ў музеі мастацтва і этнаграфіі ў Гарадку («Даніна пашаны земляку»).

Думка пра стварэнне гэтых нарысаў, а яшчэ і чатырох ладных кніжак пра людзей, адданых беларускай культуры, з'явілася, мабыць, падчас фальклорных вандраванняў, у тую пару, калі Арсень Ліс яшчэ збіраў матэрыял для сваёй кандыдацкай дысертацыі — пра фальклор былой Заходняй Беларусі, пра песні працы і змагання. Тады ж пачуліся яму гэтыя імёны, замроіліся постаці. Ва ўсякім выпадку, герой яго першай кніжкі Браніслаў Тарашкевіч. Потым былі, канечне, карпатлівыя архіўныя росшукі, доўгая аналітычная праца, асэнсаванне знойдзенага матэрыялу, адбор яго. Але першаштуршок быў там. І яшчэ — у захапленні творчымі біяграфіямі, пісанымі Рамэнам Раланам.

Набрала моц апантанасць людзьмі творчай думкі, імкненне вызначыць «ідэю, што арганізуе іх натуру, жыццё, іх чалавечы і мастакоўскі характар», з'явілася неабходнасць «навучыцца словам перадаць трывогі і радасці іх пошукаў, іх творчае гарэнне» («Ад матчыных песень»). Пазначыліся ва ўяўленні канкрэтныя асобы. Браніслаў Тарашкевіч — выдатны палітычны дзеяч, мужны барацьбіт за інтарэсы працоўных, чалавек еўрапейскай культуры, стваральнік першай «Беларускай граматыкі», вучоны-патрыёт. Мікола Шчакаціхін — мастак і тэарэтык мастацтва, першапачынальнік беларускай мастацкай крытыкі і першай сістэматызаванай гісторыі беларускага мастацтва. Пётра Сергіевіч — таленавіты мастак, чалавек паэтычнай думкі. Язэп Горыд — удзельнік рэвалюцыйнага руху ў былой Заходняй Беларусі, таленавіты мастак.