Выбрать главу

Дудараў свядома ці падсвядома, але клапатліва дае сваім героям моўныя характарыстыкі. Чуе іх. І прымушае нас паслухаць сваіх герояў. Што яны гавораць і як.

Згадаем калгаснага шафёра Сцяпана Пузырэвіча з апавядання «Святая птушка». Сцяпан Пузырэвіч вырашыў зрабіць гняздо буслам на старой ліпе. І робіць гэта з найвялікшай стараннасцю. Хаця спрактыкаваным у гэтай справе яго не назавеш. Ён з такім імпэтам майструе гняздо, што нават рызыкуе жыццём. Учынак, з якога нам ужо нешта вядома пра чалавека: надумаўся ўладкаваць жыллё птушцы — мабыць жа, добры. З апавядання мы даведваемся, што ў хаце Сцяпана няма дзяцей. І, хто яго ведае, можа, у гэтым намеры затоеная, з добрым наівам, вера або напаўвера ў даўнюю легенду, што буслы дзяцей прыносяць. Легенду-казку гэту ён называе прыкметай, ёсць такое старажытнае павер'е. Хто яго ведае, ці верыць ён у гэта ці не, але адчуваецца, што цяплей яму жыць на свеце, ведаючы гэтую легенду. У казках заўсёды ўсё па справядлівасці. А ў жыцці або вось у тым эпізодзе з жыцця, які нам прапануе празаік, узнікае не злосны чараўнік, а хлопцы з будаўнічай брыгады. І хлопцы па загаду брыгадзіра вырубаюць усе ліпы ў вёсцы. З найлепшых намераў: паваліла падчас буры адну з ліп, то і вырашылі навесці парадак. І — навялі. Вырубілі дрэвы. Зрабілі голай вёску. І падсеклі пад корань Сцяпанаву мару. Надзею.

А паказваюцца, раскрываюцца падзеі падрабязна. У дэталях. Размовах. З якіх выяўляецца цікавы чалавек — Сцяпан Пузырэвіч. Вось ён валачэ кола ад воза. Збіраецца майстраваць гняздо. Гэта яго маленькая таямніца. Ён яе хоча захаваць, і таму што здагадваецца — практычны селянін добра пасмяецца з яго. Даўмеўся мужык! Гульні ладзіць. І яшчэ таму, што таямніца яна і ёсць таямніца. Хто ж пра яе званіць будзе. І на пытанне брыгадзіра «Куды ты гэта?» падкідвае рытуальнае мужчынскае: «Ты закурыць не дасі?», а яшчэ і звычаёвае, кожнаму зразумелае: «Пагодка ў гэтым годзе стаіць! Скажы, як па заказу...»

Многае ў характары Сцяпана праясніваецца з аднаго толькі ўдакладнення: «Тут, за гэтымі веснічкамі, ён заўжды адчуваў сябе ўпэўнена і незалежна. Гаспадар!» І асабліва выяўляецца асоба Сцяпана з незласлівай сутычкі з жонкай, выяўляецца ў сваёй жыццелюбівай філасофіі, якую ён даводзіць трошкі з гумарам, з усмешачкай, з гуллівай фантазіяй. Нібыта зусім сур'ёзна, як часцей за ўсё робяць заўзятыя жартаўнікі, аматары розыгрышу, абвяшчае ён сваёй жонцы: «Верталёт рабіць буду... Праз тыдзень на ферму, як Баба Яга, лётаць будзеш... Фыр-ррр — і тамачкі!»

Лезучы на дрэва, весела паведамляе жонцы: «Да бога ў госці!.. Сёння ля Міхалёўкі мне анёлы ў кабіну заляцелі, паселі на плечы дый кажуць: вялікі ты пакутнік, Сцёпа... Загрызла цябе твая выдра ўшчэнт... Хрыстос глядзіць зверху і плача ад жалю... Лезь, кажуць, вечарком на ліпу...»

Калі ж намер Сцяпана становіцца відавочным і жонка ад таго намеру зусім не ў захапленні, дык ён натхнёна імкнецца пераканаць яе, падахвоціць да добрай справы. Вось дзе ён раскрываецца, Сцяпан Пузырэвіч. У гэтых дыялогах. Тут яго натура. Уся. Цалкам. Можа, трохі і дзівакаватая, але незвычайная, неардынарная. Спрабуе ён давесці сваёй жонцы: «Вось хаця б вясна... Ты думаеш, яна па лістках календара прыходзіць? Га! Разагналася, і на табе... Буслы з выраю вяртаюцца, і яна з імі... Гракі, шпакі і ўсялякая іншая драбяза — гэта адно толькі цьфу! А буслы... Яны вунь якія разумныя. Заўжды ля чалавека».

А калі, жонка ўсё ж не вельмі спяшаецца падзяліць яго захапленне, дык ён з'едліва жартуе: «Што ні кажы..., але калі ў чалавека на галаве хустка — капцы».

Прафесійны акцёрскі і літаратарскі слых у Дударава чуйны, памятлівы, ён умее вылучыць патрэбнае. Апавяданне «Святая птушка» — адно з лепшых у яго.

Не толькі ў гэтым апавяданні, але і ва многіх іншых Аляксей Дудараў імкнецца адысці ад апісальніцтва, што так часта спакушае маладых і немаладых літаратараў, хоча паказаць, а не расказаць, ужо відавочна намацваючы свой творчы почырк.

Героі Дударава «заўсёды крыху дзівакі», адзначаў Іван Шамякін у прадмове да рускага выдання. Накшталт Сцяпана Пузырэвіча. Або дзеда Рыгора Мулькевіча, з мянушкі Мульціка («Мульцік»), або Піліпіхі ў аднайменным апавяданні, або дзеда Восіпа («Лапці»). Усе яны ў дзівацтве сваім высакародныя, добрыя і ў нечым блізкія героям Шукшына або нашага ранняга Чыгрынава. («Ці бываюць у выраі ластаўкі?», напрыклад.) Прагнуць справядлівасці. І для душы сваёй — не тое каб суцэльнай, але добрай раўнавагі духоўнай, паразумення з людзьмі.