Выбрать главу

А з гісторыясофскай яго прозы (мне ўжо даводзілася пра гэта пісаць) адыходзяць ад такога эталону хіба толькі героі рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і своеасаблівага па жанры твора «Ладдзя Роспачы». Ды і то, калі параўнаць іх з многімі героямі і напаўгероямі сучаснай прозы, дык гэтыя неідэальныя героі яшчэ якімі станоўчымі пададуцца.

Ну, а ў большасці людзей існуе прага яснага этычнага і эстэтычнага ідэалу, туга па сапраўдным героі. Хаця ў спрэчках наконт ідэальнага героя нават сам тэрмін выклікае часам нязгоду.

Скепсіс у адносінах да ідэальнага героя — з'ява не новая. І да канкрэтыкі мастацкага выяўлення: «Калі герой рамана, дык ужо і сам сабою прыгажун, і спявае цудоўна, і вершы піша..., і сілу мае незвычайную...» (В. Бялінскі). І да гісторыі яго існавання: «Наседзеўшыся ў рускіх дзеўчынах у Тургенева, герой так «зазяваўся» з Абломавым, што забыўся пра сваё прызначэнне ў літаратуры. Па дарозе гэты герой трапіў у «Гісторыю рускай інтэлігенцыі» [маецца на ўвазе трохтомнік Аўсяніка-Кулікоўскага]... Гераічная спроба Горкага пашыць тогу басяка таксама не ўдалася. Тога была зроблена занадта акуратна, з вялікімі дзіркамі — і хутка разлезлася. Потым..., але тут падзея канчаткова захінаецца туманам, і што далей адбылося, рашуча нічога не вядома» (Ю. Тынянаў). Артыкул Ю. Тынянава называўся «Скарачэнне штатаў», пасля мноства вострых, кплівых і ёрніцкіх заўваг-разваг ідзе вельмі важная тэарэтычная выснова. Менавіта: калі герой — выяўленне ідэй, што пазначаюць літаратуру як духоўную дзейнасць чалавека, дык ён, гэты герой, паняцце куды больш шырокае, чым характар, персанаж. Ён персаніфікуе ідэю.

Але, зразумела, не ў выглядзе просталінейнага выяўлення, не ў літаральным адлюстраванні пазітыўнай тэндэнцыі, а па законах мастацтва. Героя мастацкага твора перш за ўсё вызначае адчуванне часу, блізкасць яго ўсведамлення да ўсведамлення эпохі, яго псіхалогіі — да псіхалогіі часу. Герой увасабляе сабой галоўную ідэю часу. У класічным, вышэйшага ідэйна-мастацкага прынцыпу, вымярэнні. Ідэал, паводле М. Бахціна, пазнанне чалавекам сваіх магчымасцяў і тых памкненняў, што ўласцівыя яму ад прыроды. І, мабыць, іронія В. Бялінскага мела на ўвазе несуадноснасць гэтых памкненняў і магчымасцяў у творы мастака, які лакіраваў сваёй фантазіяй трывіяльную схему. А высокія памкненні і катэгарычны імператыў — існуюць. Іншая справа — у якіх суадносінах яны з канкрэтным мастацкім выяўленнем.

А персаніфікаваная ідэя аўтара ў мастацкім выяўленні, як ужо адзначалася, апошнім часам у беларускіх пісьменнікаў падаецца «доказам ад супрацьлеглага». І герой ці героі, зразумела, не станоўчыя. Адзін з самых выразных прыкладаў — ці не «Усмешка фартуны» В. Блакіта. Дзе паслядоўна, але не задоўжана паказваецца з'яўленне антыгероя. Спачатку — імкненне схавацца за настаўніцкім аўтарытэтам, якое спрадвеку лічылася справай ганебнай ад Ромула да нашых дзён. Ябеда. Потым, у дарослым жыцці — данос на канкурэнта. У юнацтве — эксплуатацыя пэўных літаратурных здольнасцей замест выхавання іх. Пазней — ужо нацэленая мімікрыя пад талент. І ўсё жыццё — пахаплівая прага дабіцца лагоднай усмешкі пані Фартуны. Заняць прыкметнае месца пад сонцам — не дбаючы пра тое, ці яго яно, гэтае месца, ці па праву. Ліхаманкавая гэтая прага нішчыць чалавечую годнасць героя. Ён не згодны на месца ў жыцці, адэкватнае яго магчымасцям. І не аб прафесійным і чалавечым самаўдасканаленні клопат яго. Андрэй Бяскуднікаў, ці, як ахрысцілі яго за несамавітыя ўчынкі былыя сябры, «граф Паскуднікаў», мітусіцца па жыцці, спрабуючы ўхапіць жар-птушку ўдачы. Бярэ шлюб па прывіднаму, як высветлілася, разліку. Не грэбуе ніякімі сродкамі, каб прабіцца. І ўсё ж — банкруцтва. У літаратуры, па службе, у асабістым жыцці. А герой не ўмее ўжо, як яго былы калега Вярэська, паглядзець на свае магчымасці цвяроза. Працягвае бег па кругу. Прыстасавальніцтва, прымірэнцт- ва, прага ўдачы.

Сацыялагічная культура В. Блакіта, узровень яго мастацкага апалітызму дазволілі яму гэтым метадам ад супрацьлеглага сцвердзіць і ясную грамадзянскую пазіцыю, і станоўчыя этычныя ідэалы.

У апошняй сваёй аповесці ён вывеў галоўным станоўчага героя. Не новага агульнага накірунку. Але дадаўшы канкрэтныя лжывыя штрышкі. Галоўны герой — у мінулым змагар за вызваленне былой Заходняй Беларусі, член Грамады. Па асноўных сваіх чалавечых якасцях блізкі Сцяпану Дзямідчыку, Анэце, Вялічку, Сцяпану Ігнатавічу Вапшчэткі. Чалавек моцнага сялянскага кораня, працавіты, сумленны. Але са шматлікіх сямейнікаў яго — сыноў, дачок, іх жонак, мужоў, дзяцей — толькі дачка Ганна ды ўнучка Алена таго кораня моцна трымаюцца. Астатнія ж загрузлі ў цянётах спажывецтва і бездухоўнасці. Збегліся па хаўтуры бацькавы, каб спадчынную сядзібу дзяліць. Сітуацыя ўжо досыць выпрабаваная і ў нашай, і ў рускай літаратуры. І размеркаванне сіл знаёмае. Але ў нечым паказальная канцоўка аповесці. Не толькі фабульнай пакаранасцю зла і перамогай дабра — хаця і гэта немалаважна. Постсюжэтным роздумам над мінулым і сённяшнім днём. Хаця, як гэта часта бывае, станоўчыя героі саступаюць у мастацкай вастрыні сваім антаганістам, Алена ж і Ганна ўвогуле недзе на сюжэтным ускрайку аповесці.