Выбрать главу

Адам ГЛОБУС

СМАКТУНОЎСКІ

Словы пра геніяльнага акцёра

Жаданне

Вялікі акцёр, зорка кіно першай велічыні, геній… Усё гэта можна сказаць пра Інакенція Смактуноўскага і не памыліцца. Такім людзям, як ён, дадзена шмат не толькі прыродай, але і грамадствам. Можа, таму мяне найперш зацікавіла тое, чаго Інакенцію Смактуноўскаму не хапала. Якое патаемнае жаданне захоплівала душу выбітнага мастака? Адказ прадказальны… Смактуноўскаму не хапала звычайнай адзіноты. Ён шукаў зацішку. Думаў пра спакой. Ён марыў адасобіцца ад несупыннай мітусні. У ягонай штодзённасці ззяла зашмат святла, было зашмат стракатай публічнасці, зашмат пільнай увагі і чужых вачэй. Смактуноўскі цаніў самоту, называў яе жаданай і каштоўнай.

Усмешка

Акцёр мусіць умець усміхацца. Усе мы павінны ўсміхацца: чым больш мы ўсміхаемся і радуемся, тым лепш жывём. Калі навокал шмат усмешак, мы пачуваемся больш камфортна, чым калі іх мала. У акцёраў мы можам навучыцца правільна ўсміхацца. Можа, не ва ўсіх, але ў такога, як Інакенцій Смактуноўскі, варта вучыцца ўсмешцы. Ягоную ўсмешку можна прыняць за ветлівы знак згоды. Такая сабе антыканфліктная і антыспрэчкавая ўсмешка. Яна ў яго ласкавая і выпраменьвае прыязнасць. З такой усмешкай лёгка ісці па жыцці. Ну добра, не лёгка, але ўсё ж значна лягчэй, чым без яе.

Міф

Ёсць перакананне, што чалавек можа адчуваць набліжэнне ўласнай ці якой іншай смерці. Інакенцій Смактуноўскі, які ўдзельнічаў у кровапралітных баях з мноствам ахвяр на Другой сусветнай вайне, абвяргае гэткае містычнае бачанне як сваёй, так і чужой трагічнай будучыні. Смактуноўскі апісвае ва ўспамінах, як ён сам і яшчэ больш за сотню байцоў, што былі побач з ім, зусім не адчувалі, што праз дзень большасці з іх давядзецца загінуць на чужой польскай зямлі ў сутычцы з немцамі. Пасля страшнага бою жывымі засталіся лічаныя байцы; і толькі Інакенцій Смактуноўскі дэталёва апісаў трагедыю і пераканаў мяне ў тым, што чалавек зусім не чуе набліжэння гвалтоўнай смерці. Не ведаю чаму, але гэтае абвяржэнне ўстойлівага міфа мяне парадавала сваёй шчырасцю і простасцю. Чалавек мусіць спадзявацца і жыць напоўніцу да апошняга ўздыху, і не трэба яму лішні раз палохаць самога сябе блізкім сконам.

Нервы

У аўтабіяграфічнай прозе Смактуноўскага досыць часта згадваюцца нервы. Яны напінаюцца, яны рвуцца, яны хварэюць і не даюць салдату вярнуцца ў нармальны стан з ураўнаважаным розумам. Для аўтара яны — нервы звышважныя, яны аўтапартрэтныя, нават у тыя моманты, калі гутарка вядзецца пра нейкага іншага ваяра. Увесь Інакенцій Смактуноўскі складзены з аголеных і звышадчувальных нерваў. Такім ён быў на фронце, такім быў на тэатральнай сцэне і на здымачнай пляцоўцы. Да такой аголенасці ты баішся дакрануцца. Баішся выклікаць жудасны касталомны боль. Баішся, што цябе самога гэткі аголены нерв, як электрадрот, моцна ўдарыць токам, так моцна, што можа нават забіць.

Самаацэнка

Выхаваны, вытанчаны, звыштактоўны Інакенцій Міхайлавіч Смактуноўскі казаў: «Вось мы з Козінцавым усю карціну, увесь «Гамлет», былі на вы… Мы павінны былі быць на ты — і тады б карціну гэтую мы не прасралі». Так пачуў і запісаў рэжысёр Сяргей Салаўёў. Думаю, што запіс гэты праўдзівы, бо далей Смактуноўскі патлумачыў, чаму менавіта «прасралі» свайго «Гамлета» ён і Рыгор Міхайлавіч Козінцаў: «Як вы не разумееце? З чым мы мелі справу? З якой наогул веліччу чалавецтва? І пачаў Рыгор Міхайлавіч памыляцца з таго, што ўзяў няправільны, пошлы пераклад… Так, у нас быў пераклад Пастэрнака. Але гэта пошлы пераклад… Пастэрнак добры, вядома, паэт, і ўсё ж ёсць жа геніяльны пераклад!.. К. Р. — Канстанцін Раманаў».

Самакрытычнасць Смактуноўскага мяне палохае. Вобраз Гамлета, створаны ім у кінакарціне Козінцава, ідэальны, шэдэўральны і геніяльны для большасці гледачоў. Але не для стваральніка, які ведае, як трэба было зрабіць яшчэ лепш. Праз тое веданне ён пакутуе ледзь не да вар’яцтва, у якім губляюцца і тактоўнасць, і выхаванасць, і вытанчанасць.

Гамлет Дзетачкіна

У Смактуноўскага многа ўдалых роляў у кіно. Адна з найлепшых — страхавы агент Юрый Дзетачкін у фільме «Сцеражыся аўтамабіля». Сумленны злодзей Дзетачкін крадзе легкавікі ў прайдзісветаў, прадае іх цемрашалам, а здабытыя грошы перасылае ў дзіцячыя дамы. Такі сабе Робін Гуд, такі сабе партызан беларускі. Безумоўна, у гэтай ролі напоўніцу раскрылася прыродная беларускасць Смактуноўскага. Калі б у мяне спыталі пра найлепшы вобраз беларуса ў савецкім кіно, я назваў бы вобраз Детачкіна, створаны Інакенціем Смактуноўскім.